Здароўе — галоўная жыццёвая каштоўнасць, якая дазваляе нам ажыццяўляць намечаныя планы, паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы, пераадольваць цяжкасці. Яго не купіш за грошы, і клапаціцца пра яго захаванне і ўмацаванне неабходна з маленства. Напярэдадні новага навучальнага года карэспандэнт «ПК» папрасіла раённага педыятра Пастаўскай ЦРБ Зою Шчалкун расказаць, як зберагчы здароўе дзяцей.
— Зоя Раманаўна, існуе такое паняцце, як здаровы лад жыцця школьніка. Што пад ім разумеецца?
— Яно ўключае ў сябе правільнае харчаванне, фізічныя практыкаванні, загартоўванне, выкананне рэжыму дня і норм гігіены, адмаўленне ад шкодных звычак. Здаровы лад жыцця школьніка — гэта аснова добрага самаадчування і паспяховай вучобы кожнага дзіцяці і падлетка, а таксама далейшай паспяховай работы і сямейнага жыцця.
— Якім павінна быць правільнае харчаванне школьнікаў?
— Абавязкова пяціразовым, збалансаваным па вітамінным, мінеральным саставе і наяўнасці пажыўных рэчываў, адпавядаць узросту дзіцяці і цалкам забяспечваць энергетычныя затраты арганізма, які расце. Увага да харчавання дзяцей з боку бацькоў і адміністрацыі навучальных устаноў вельмі важная, таму што памылкі ў яго арганізацыі ў гэтым узросце ў далейшым становяцца сістэмай нездаровага харчавання дарослых. Дзецям і падлеткам неабходна расказваць пра шкоду фастфудаў, «модных» саладосцяў, газіраваных напіткаў, перакусаў наспех, прывучаць іх есці ў адзін і той жа час у адпаведнасці з рэжымам дня, які мае вялікае значэнне.
— Чаму для дзяцей настолькі важны рэжым дня?
— Рэжым — гэта аптымальны распарадак працы, адпачынку, сну, харчавання, заняткаў фізічнымі практыкаваннямі і загартоўвання, іншых відаў дзейнасці на працягу сутак, які строга выконваецца доўгі час. Яго значэнне заключаецца ў мінімізацыі энергазатрат і павышэнні працаздольнасці арганізма. Рэжым дазваляе дзіцяці захоўваць фізічную і псіхічную раўнавагу, бо для юнага ўзросту характэрная эмацыянальная няўстойлівасць, якая вядзе да хранічнай стомленасці. Пастаянныя яе сімптомы зніжаюць памяць, канцэнтрацыю ўвагі. У выніку дзіця няправільна адказвае на ўроку, нягледзячы на тое, што дома вывучыла матэрыял, становіцца няўважлівым. У сувязі з пагаршэннем рэгуляцыі фізіялагічных функцый мяняецца нават почырк школьніка.
— Адзін з галоўных пунктаў у рэжыме дня вучня — выкананне дамашняга задання. Калі параіце сядаць за ўрокі?
— Рабіць гэта немэтазгодна, не адпачыўшы пасля школы. Лепш за ўсё пачынаць заняткі пасля абеду і паўтара-двухгадзіннай прагулкі на вуліцы. Актыўны адпачынак пасля ўрокаў забяспечвае разрадку, задавальняе патрэбу дзіцячага арганізма ў руху, зносінах з равеснікамі. Так школьнікі могуць зняць напружанне, звязанае з інтэнсіўнай работай у першай палове дня. Сядаць за ўрокі неабходна ў адзін і той жа час. Гэта дазваляе дзіцяці хутка ўвайсці ў рабочы стан і садзейнічае лепшаму выкананню дамашніх заданняў. Бацькам неабходна паклапаціцца пра зручнае рабочае месца для школьніка. У яго павінен быць свой пісьмовы стол. У бюджэце часу трэба прадугледзець каля паўтары гадзіны і на заняткі, якія падабаюцца дзіцяці, адпавядаюць яго здольнасцям: чытанне, прагляд мультыплікацыйнага або мастацкага фільма, музыка, танцы, рукадзелле, спорт і г.д.
— Усе мы разумеем, як важна займацца фізкультурай і спортам, загартоўваць свой арганізм, рабіць зарадку, больш рухацца…
— Так, зарадка раніцай, вячэрнія прагулкі пешшу, актыўны адпачынак падчас канікул, выхадныя на прыродзе — вось лякарства ад хвароб душы і цела, якія могуць праявіцца, калі не выхоўваць у дзяцей звычкі быць душэўна і фізічна здаровымі. Знаходжанне дзяцей на паветры — гэта выкарыстанне прыродных фактараў для аздараўлення і загартоўвання іх арганізма. Памятайце: чым больш дзіця рухаецца, тым лепш яно развіваецца і расце. Упэўненая, што многія бацькі заўважалі, як пасля прагулкі ў дзіцяці ружавеюць шчокі, яно становіцца актыўным, вясёлым, перастае скардзіцца на стомленасць.
— Неацэннае значэнне для здароўя, бадзёрасці, высокай працаздольнасці мае сон. Колькі павінна спаць дзіця, каб добра сябе адчуваць?
— Патрэба ў сне ў 10—12-гадовым узросце складае 9-10 гадзін. У 13—14 гадоў неабходна спаць не менш за 9-9,5 гадзіны, у 15—16 гадоў — 8,5-9. Навукоўцы ўстанавілі, што недасып ноччу нават на адну гадзіну дрэнна ўплывае на псіхаэмацыянальны стан дзяцей, яны больш стамляюцца пад вечар і горш спраўляюцца з тэстамі на памяць і рэакцыю. Таму сон дзіцяці неабходна аберагаць. Не павінна быць яркага святла, шуму, размоў. Пакой, дзе спіць дзіця, перад сном трэба праветрыць.
Хачу сказаць некалькі слоў і пра шкодныя звычкі. Зараз вялізнай праблемай сярод школьнікаў і навучэнцаў каледжа з’яўляецца тытунекурэнне і выкарыстанне электронных цыгарэт — так званае парэнне, — ужыванне лёгкіх псіхаактыўных рэчываў. Гэта асобная, вельмі важная і аб’ёмная тэма для прафілактычнай работы з моладдзю. Спадзяюся на разуменне, падтрымку і супрацоўніцтва ў дадзеным напрамку з боку педагогаў і бацькоў. На ўсіх нас ляжыць вялікая адказнасць за здароўе і будучыню нацыі.
Гутарыла Алена Шапавалава

