Свята мёду і пчаляроў адбудзецца ў пятніцу, 5 верасня, у парафіі Езуса Міласэрнага
Як хлебаробы збіраюць ураджай зерневых і зернебабовых, так і пчаляры цяпер падсумоўваюць здабыткі сваёй працы і пчол. 5 верасня каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святых Бярнарда і Лаўрэнція — апекуноў пчол і пчаляроў. З гэтай нагоды ксёндз-канонік Павел Самсонаў, пробашч парафіі ў 5-м гарадку і дэкан пастаўскага дэканату, які сам з’яўляецца заўзятым пчаляром, запрашае на свята. Яно будзе ладзіцца ў трэці раз. Той, хто прысутнічаў на папярэдніх, ведае, што парафіяне, якія маюць пасекі, прыносяць на асвячэнне мёд. Потым прапануюць прысутным яго дэгустацыю, расказваюць пра карысныя ўласцівасці прадуктаў пчалярства. Жанчыны гатуюць шмат рознай выпечкі. І атрымліваецца такое сумеснае шчодрае свята.
Ксёндз Павел запрашае на яго пчаляроў і з іншых парафій. Аднадумцам заўсёды ёсць пра што пагаварыць і што абмеркаваць, падзяліцца сваім вопытам і штосьці пачэрпнуць у іншых. Прыязджайце!
Малітва за пчаляроў, благаслаўленне іх і мёду адбудзецца пасля святой Імшы на 19 гадзін. Затым свята прадоўжыцца на прыкасцельнай тэрыторыі, дзе можна будзе пачаставацца не толькі мёдам, але і іншымі прысмакамі.
Ведаю, што сёлетні год быў не вельмі спрыяльным для збору мёду. Таму варта памаліцца, каб пчолы добра перазімавалі, каб было здароўе ў пчаляроў.
Анна Анішкевіч

