У мінулую нядзелю жыхары аграгарадка Камаі акунуліся ў атмасферу свята, якога чакалі 5 гадоў. Двухгадзінная праграма, падрыхтаваная сумеснымі намаганнямі работнікаў і наведвальнікаў мясцовага стацыянарнага сацыяльнага пункта, прадстаўнікоў пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН пры падтрымцы кіраўніцтва ААТ «Камайскі-агра» і сельскага выканаўчага камітэта, прынесла вяскоўцам сапраўдны зарад цяпла і бадзёрасці.
Для мяне свята мела асаблівае значэнне: Камаі — мая малая радзіма. Колькі знаёмых твараў прамільгнула перад вачыма! Суседзі, школьныя сябры, настаўнікі… Сэрца не раз сагравалася цяплом успамінаў і радавалася за родных аднавяскоўцаў.
Людзі сцякаліся да мясцовага Дома культуры з усіх куткоў. Пры сустрэчы яны абменьваліся цёплымі ўсмешкамі і віншаваннямі. Ужо на ўваходзе госці маглі азнаёміцца з выставай вырабаў народных умельцаў — сплеценымі дэкаратыўнымі кошыкамі, па-майстэрску намаляванымі і вышытымі карцінамі. Святочную атмасферу дапаўнялі арыгінальная фотазона ад ААТ «Камайскі-агра», дзіцячыя атракцыёны, цір і водар папкорну, якія прыцягвалі ўвагу дзяцей і дарослых.
Але галоўнае дзейства разгарнулася ў актавай зале. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня сельскага Савета Генадзiй Урбанайць, які сардэчна павіншаваў усіх са святам, адзначыўшы асаблівае значэнне гэтай падзеі для кожнага жыхара.
Вядучымі мерапрыемства выступілі педагог-арганізатар Камайскай СШ Вікторыя Паўлава і вучаніца старэйшых класаў Ангеліна Букачова. Яны займальна расказалі гісторыю роднай вёскі, якой ужо больш за пяць стагоддзяў, нагадалі пра выдатных дзеячаў Камайшчыны, у тым ліку пра знакамітага мастака XIX стагоддзя Альфрэда Ромера, кампазітара і арганіста Браніслава Руткоўскага, паэта, філосафа Казіміра Сваяка і пісьменніка Аркадзя Нафрановіча. Шчырыя словы ўдзячнасці былі выказаны і дзеючаму пробашчу мясцовай парафіі ксяндзу Яцэку Хутману, які клапоціцца пра годны выгляд святыні і могілак.
Асаблівая ўвага надавалася жыхарам, чый жыццёвы шлях варты павагі. Гучнымі апладысментамі камайцы ўшаноўвалі доўгажыхароў: 98-гадовую Ядвігу Маліноўскую, 91-гадовую Меланію Пашкевіч і 90-гадовую Веру Каравацкую. Не сціхалі апладысменты і ў адрас сёлетніх круглых юбіляраў. Адальфіна Шылько і Дануся Парадня адсвяткавалі 80-годдзе, 70-гадовы рубеж пераступілі Сафія-Тэрэса Алімава, Уладзімір Белавусаў, Іосіф Вербіловіч, Валянціна Дзявятнікава, Іван Дучынскі, Марыя Коласава, Яўгенія Курыловіч, Іван Харытонаў і Васіль Лукашэвіч. З 60-годдзем віншавалі Анатоля Валадзько, Уладзіміра Гайлюна, Алену Півавар, Валерыя Руткоўскага, Людмілу Шэшу і Аляксандра Шылько, з 50-годдзем — Аляксандра Коласава і Алу Лявіцкую. Кожны юбіляр атрымаў на памяць маляўнічую паштоўку і букет кветак.
Душэўную атмасферу свята ўзмацніла прысутнасць самай маленькай жыхаркі аграгарадка — Міі Навумчык, якой усяго 2 месяцы. З асаблівым трапятаннем старшыня сельскага Савета ўручыў ёй першы ў жыцці дакумент — пасведчанне аб нараджэнні — і памятны падарунак.
Залатое вяселле сёлета адзначылі Мечыслаў і Яніна Дангелі. За 50 гадоў сумеснага жыцця іх асноўным багаццем сталі дзеці Людміла і Аляксандр, а таксама ўнукі Ілья, Мікіта, Ваня і ўнучка Вераніка. Год таму з’явіўся яшчэ і праўнук Макар. Пасля ўручэння падарунка вяскоўцы дружна закрычалі «маладым» традыцыйнае «горка!», дадаўшы моманту ўрачыстасці.
Адметнай часткай мерапрыемства стала аб’яўленне найлепшых двароў аграгарадка. Узнагародамі адзначаны ажно 43 падворкі, гаспадарамі якіх з’яўляюцца не толькі жыхары Камай. Радуюць вока і дагледжаныя ўчасткі дачнікаў з Мінска і Расіі.
Асобна адзначу выступленне прадстаўнікоў пастаўскага аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. У ролі артыстаў выступілі Жанна Мяжуева, Людміла Лысёнак, Марыя Грыбоўская, Алена-Браніслава Касарэўская, Таццяна Бучнева, Таццяна Фёдарава, Валянціна Жыткая, Уладзімір Стубайла і Тадэвуш Свілель. Музычныя нумары кранулі сэрцы ўсіх гледачоў. Разам з артыстамі яны ахвотна падпявалі песні сваёй маладосці, падтанцоўвалі нават седзячы на месцах і, вядома, не шкадавалі апладысментаў. А як паліліся радкі песні «Деревенька моя старая, поклонюсь я тебе до земли…», у зале, мабыць, не было ніводнага чалавека, у каго не з’явіліся б на вачах слёзы…
Завяршальным акордам свята стаў салодкі сюрпрыз — маляўнічы торт з надпісам «Камаі», які спякла мясцовая гаспадыня Лія Ягорава. Ён стаў падзячным падарункам для артыстаў.
Цікава было даведацца меркаванне спецыяліста па сацыяльнай рабоце стацыянарнага сацыяльнага пункта аг. Камаі Анастасіі Бейнер, якая ўклала нямала сіл у арганізацыю свята:
— Мы вельмі хваляваліся перад такім адказным мерапрыемствам. Пасля таго як спынілася дзейнасць клуба, людзі паспелі засумаваць па святах. Пра гэта не раз гаварылі наведвальнікі сацыяльнага пункта, якія і прапанавалі адрадзіць традыцыю. Рада, што прыйшло так многа людзей, менавіта таму свята атрымалася настолькі цёплым і ўтульным.
Упэўненая: гэты дзень запомніцца камайцам надоўга. Свята даказала, што сапраўдная душа народа жыве ў павазе адно да аднаго, беражлівым захоўванні традыцый і глыбокім пачуцці адзінства, якое злучае пакаленні.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Крысціна Рубель










