Вместе свёл госпиталь. История семьи Дмитрия и Ольги Николаевых

Общество

У жыцці мноства прыкладаў таго, калі, пазнаёміўшыся на рабоце, людзі пранікаюцца сімпатыяй адно да аднаго і ствараюць сям’ю. Толькі ў 1-м ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь іх некалькі. Адна з такіх сем’яў — Дзмітрыя і Вольгі Нікалаевых.

Дзмітрый — пастаўчанін, нарадзіўся і вырас у 5-м гарадку, які ў пару яго дзяцінства быў закрытым ваенным. З малых гадоў перад вачыма хлопца быў вобраз вайскоўца — абаронцы Радзімы, героя, на якога хацелася быць падобным. Таму ў старэйшых класах школы ён актыўна рыхтаваўся да паступлення ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Але стаць курсантам не дазволіла здароўе. Тым не менш, скончыўшы цывільную ВНУ і атрымаўшы адукацыю інжынера-будаўніка, Дзмітрый змог ажыццявіць сваю мару.

— У арміі я з 2008 года, — расказваў ён. — Пачынаў служыць у Асобным авіяцыйным атрадзе, які размяшчаўся ў Азёрках. Спачатку быў вадзіцелем-электрыкам святлотэхнічнага аддзялення забеспячэння палётаў у начны час. Потым перайшоў на пасаду справавода несакрэтнага справаводства, а пазней узначаліў гэта падраз­дзяленне. У 2014 годзе, калі наш атрад расфарміравалі, застаўся ў ДААВУ «Авіяцыя» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь у якасці старшага тэхніка групы рэгламенту і абслугоўвання радыёэлектроннага абсталявання верталётаў. А пасля заканчэння кантракту вырашыў вярнуцца ў органы пагранічнай службы і ў кастрычніку 2019-га перавёўся ў шпіталь.

Вместе свёл госпиталь. История семьи Дмитрия и Ольги Николаевых

Тут старшы прапаршчык Нікалаеў з’яўляецца начальнікам склада. Дакладней, загадвае трыма складамі: сувязі, рэчавай службы і службы раскватаравання і эксплуатацыі. Забяспечвае ваеннаслужачых формай і знакамі адрознення, хворых, якія знахо­дзяцца на лячэнні, — пасцельнай бялізнай, ручнікамі і піжамай, распараджаецца сантэхнікай, будаўнічымі матэрыяламі, тэлефоннымі апаратамі і іншым, што датычыць паўсядзённай бытавой і службовай дзейнасці. Калі яго калега Андрэй Танана ідзе ў водпуск, да гэтай немалой гаспадаркі дабаўляюцца яшчэ склады аўтамабільнай маёмасці, гаруча-змазачных матэрыялаў, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. Па словах Дзмітрыя, работы хапае. А якасна яе выконваць дапамагае жонка — бухгалтар аддзялення харчовага і рэчавага забеспячэння.

Вольга Нікалаева ў шпіталі з сакавіка 2016 года. Уладкавалася сюды, пераехаўшы на Пастаўшчыну з Талачынскага раёна, дзе працавала эканамістам па заработнай плаце на адным з сельгаспрадпрыемстваў. У медустанове на працягу 7 гадоў вяла ўлік рэчавай службы, а таксама службаў раскватаравання і эксплуатацыі, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны. Дзякуючы гэтаму пазнаёмілася з Дзмітрыем. А калі рассталася з першым мужам, прыняла яго прапанову выйсці замуж. У 2023 годзе вырашыла змяніць від дзейнасці і перайшла ў службу закупак. Але месяц назад вярнулася ў аддзяленне забеспячэння і цяпер выпісвае прадукты для харчавання пацыентаў.

Як прызналіся героі артыкула, працаваць поплеч ім падабаецца: лягчэй узаемадзейнічаць у рабочых пытаннях.

— Олі не трэба тлумачыць, яна з паўслова разумее, якія накладныя і на каго мне неабходна выпісаць, — зазначае галава сямейства.

За добрасумленную працу Нікалаевых не раз адзначалі граматамі і падзякамі камандавання шпіталя. Асабліва шмат іх у Дзмітрыя, які да таго ж мае грамату былога Старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта краіны генерал-лейтэнанта Анатолія Лапо і каштоўны падарунак ад яго — вялікую турыстычную палатку. Ёю сям’я актыўна карыстаецца, выязджаючы па выхадных на прыроду з начлегам. Таксама мужчына ўзнагароджаны нагруднымі знакамі «Выдатнік пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» ІІ і ІІІ ступеняў і медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені.

Праяўляе сябе і ў грамадскім жыцці. Два гады быў старшынёй савета прапаршчыкаў в/ч 1236, прадстаўляў сваю часць на сходах каардынацыйнага савета органаў пагранічнай службы рэспублікі. Часта выступае ў якасці вядучага раённых і шпітальных мерапрыемстваў. Удзельнічае ў спаборніцтвах па футболе і міні-футболе ў складзе каманды лячэбнай установы. Адным словам, такога чалавека цяжка не заўважыць.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.