Внешний вид многих кладбищ Поставщины меняется в лучшую сторону

Общество

Пра навядзенне парадку на могілках пісала не раз. Прыемна, што людзі з кожным годам усё больш адказна падыходзяць да гэтай справы, і выгляд многіх могілак Пастаўшчыны мяняецца ў лепшы бок. Літаральна нядаўна да мяне звярнулася некалькі чалавек з просьбай напісаць пра добраўпарадкаванне святога месца.

Талацэ ўсё пад сілу

Наша вёска Барэйкі ніколі не была вялікай, але заўжды дружная, — расказвала мне пастаўчанка Марына Мажэйка. — Некалі тут было каля 30 хат, пражывала пад сотню чалавек, працавала васьмігадовая школа. Вёска належала Белькаўскаму сельсавету, цяпер адносіцца да Варапаеўскага. Пастаянна ў Барэйках ужо ніхто не жыве. Толькі на лета ад дачкі з Віцебска вяртаецца Лія Татыржа. Не закінуў бацькоўскі дом Расціслаў Лысёнак. Ён з жонкай Галінай асталяваўся ў Камарове, але на малую радзіму перыядычна наведваецца.

Внешний вид многих кладбищ Поставщины меняется в лучшую сторону

Внешний вид многих кладбищ Поставщины меняется в лучшую сторону

У мінулым годзе ўраджэнцы Барэек задумалі зладзіць у вёсцы свята. У гасцінным доме Лысёнкаў сабралася больш за 30 чалавек. Колькі было ўспамінаў, размоў, весялосці! Землякам прыемна было ўбачыцца адно з адным, з кім не сустракаліся некалькі дзесяцігоддзяў. І сёлета ў першую нядзелю жніўня з розных куточкаў Беларусі ў Барэйкі з’ехаліся госці. А перад тым як сесці за святочны стол, наведалі мясцовыя могілкі, дзе ў большасці з іх пахаваны бацькі, дзяды, прадзеды, каб успом­ніць і пакланіцца ім і іншым сваім землякам, якія адышлі ў вечнасць.

Внешний вид многих кладбищ Поставщины меняется в лучшую сторону

Частка могілак, дзе пахаванні пазнейшыя, дагледжаная. А частка іх зарасла хмызняком у рост чалавека, травой у пояс, — працягвала Марына Ула­дзіміраўна. — І так стала не па сабе: гэта ж святое месца! Таму мы пастанавілі: трэба арганізаваць суботнік. Аб’явілі пра яго праз раённую газету, распаўсю­дзілі інфармацыю ў сацыяльных сетках, некаторым званілі асабіста і запрашалі да ўдзелу. На жаль, не ўсе адклікнуліся, хтосьці праігнараваў запрашэнне, хтосьці не змог прыехаць з важкай прычыны. А як радасна было бачыць тых, хто падтрымаў ініцыятыву!

Внешний вид многих кладбищ Поставщины меняется в лучшую сторону

У вызначаны дзень у Барэйках сабралася зноў больш за 30 землякоў. Усіх пералічыць немагчыма. Былі нават пажылыя, тыя, каму за 80, якіх прывезлі сюды дарослыя дзеці. З багажнікаў машын дасталі бензакасу, кустарэз, бензапілу, граблі, сякеры, посцілкі для смецця. Пасля 9 гадзін работа ўжо кіпела. Дадавала энтузіязму старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская, якая далучылася да барэйкаўцаў і працавала нароўні з імі.

Адны думаюць, што добраўпарадкаванне могілак – абавязак адпаведных службаў. Другія ўпэўненыя, што гэта – задача насельніцтва. Трэція лічаць навядзенне парадку на святым месцы агульным клопатам.

І я згодная з апошнімі: догляд пахаванняў нашых продкаў — гэта абавязак і мясцовай улады, і нашчадкаў. Ну а калі іх ужо няма, за гэту справу трэба сумесна ўзяцца землякам. Што і зрабілі ўраджэнцы Барэек, Косаўшчыны, Стахоўскіх, Куніцкіх, Кеўлічаў, чые родныя пахаваны на барэйкаўскіх могілках.

Внешний вид многих кладбищ Поставщины меняется в лучшую сторону

Усе працавалі шчыра, не шкадуючы сіл, — з гонарам гаварыла Марына Мажэйка. — Прызнаюся: стаміліся, асабліва пажылыя. Нехта паехаў дадому крыху раней. Тыя, каму дазваляла здароўе, працавалі да канца. Але якое задавальненне атрымалі, прысеўшы і палюбаваўшыся зробленым! Балелі рукі, ногі, спіна, галава… А душа радавалася. Нездарма кажуць, што адна пчала мёду не нанясе. Гэта прымаўка якраз пра талаку, бо разам можна зрабіць шмат. Вельмі адчувальнай была дапамога нашых дзяцей. Пазней мне тэлефанавалі тыя, хто не змог прыехаць у дзень суботніка, а наведаўся на могілкі ў іншы дзень. Яны гаварылі: «Могілкі не пазнаць: чысціня і парадак! Дзякуй за ахвярную працу. У наступны раз абавязкова далучымся, бо добраўпарадкаванне — абавязак кожнага».

Внешний вид многих кладбищ Поставщины меняется в лучшую сторону

Спадзяюся, традыцыю прыбіраць месца вечнага спачыну як родных, так і іншых землякоў пераймуць не толькі дзеці і ўнукі тых, хто сабраўся на суботнік у Барэйках, але і жыхары іншых населеных пунктаў.

На Камайшчыне дбае святар

Куды б ні заехала на могілкі камайскай парафіі, там заўсёды ідэальны парадак. А клапоціцца пра гэта пробашч камайскага касцёла ксёндз Яцэк Хутман. Як толькі прыбыў сюды на служэнне, стаў прывіваць вернікам культуру чысціні. І людзі адгукнуліся на яго прапанову, актыўна ўзяліся за навядзенне парадку. Першае, што зрабілі на могілках, — знялі высокія агароджы, якія перашкаджалі касьбе ды і псавалі агульны выгляд. Вядома, з кожным годам людзей становіцца менш, яны старэюць, і працаваць ім цяжка. Таму святар стварыў брыгаду з ліку добраахвотнікаў, якія рэгулярна аб’язджаюць могілкі парафіі, абкошваюць іх, высякаюць хмызняк, прыбіраюць закінутыя магілы.

Айчым майго мужа пахаваны ў Цуцках, — расказвала пастаўчанка Лілія Храпун. — Вёскі даўно няма на карце раёна, да могілак складана дабрацца, але яны ў ідэальным стане. І ўсё дзякуючы старанню ксяндза Яцэка. Тое самае магу сказаць і пра норкавіцкія, дзе спачываюць мае бацькі, бабуля і дзядуля, іншыя родныя. Часта ездзім на магілу свацці на лынтупскія. З таго часу, як ксёндз Яцэк стаў адказным і за лынтупскую парафію, тут выкананы вялікі аб’ём работ: спілаваны дрэвы, высечаны хмызняк, тэрыторыя заўсёды абкошана. А вось могілкі ў Рубяжы добраўпарадкоўваем сіламі дзяцей і ўнукаў тых, хто там пахаваны. Работу і магілы не дзелім: прыбіраем і свае, і закінутыя.

У мінулым нумары «Пас­таўскага краю» была надрукавана падзяка ксяндзу Яцэку за арганізацыю работ па навядзенні парадку на могілках у Навасёлках-2.

Жыву ў Навасёлках першых, а радзіма мая — Навасёлкі другія, — расказваў Іван Маслюк. — Там пахаваны мае бабуля, мама з татам, маленькі сынок. Я, мае брат і сястра бываем на могілках рэгулярна. Нядаўна, узяўшы з сабой інвентар, адправіліся туды зноў. Прыехалі, а там пяць хлопцаў працуюць з бензакосамі, трое маладзенькіх выносяць у «Газель» скошаную траву. Нам засталося толькі падмесці ля магіл сваіх родных. Пацікавіліся, адкуль такія зухаватыя работнікі. Аказалася, што маладзенькія — міністранты камайскага касцёла, тыя, што старэйшыя, — добраахвотнікі. Расказалі, што ў парафіі 40 могілак і кожныя па некалькі разоў за сезон яны абкошваюць і прыбіраюць траву. Прычым не толькі ўнутры, але і за агароджай. А бачылі б вы, як акуратна гэта зроблена! Вось яркі прыклад дбайнасці святара пра памяць і вечнае.

Прыгажэй стане і на Ціхай

На гэтых могілках пахаваны мае калегі, зямны шлях якіх скончыўся заўчасна. Таленавіты журналіст-эканаміст Васіль Харэвіч загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі, пісаў глыбокія аналітычныя матэрыялы. Адказныя, з пачуццём гумару вадзіцелі Іван Дзісько і Уладзімір Калібатаў былі гатовыя не толькі даставіць па рэдакцыйным заданні ў любы куточак Пастаўшчыны, але і прыйсці на дапамогу ў любой справе і ў любы час сутак. З тэхнолагам мясцовай друкарні Надзеяй Літвіновіч ра­зам працавалі над выпускам раёнкі, што некалі там друкавалася. Калі іду праз гэтыя гарадскія могілкі, душа баліць па занядбаных магілах. На помніках, якія ледзьве бачныя з высокай травы, даты пахавання — 60-я гады, а то і раней. Вядома, што родных гэтых людзей ці няма ў жывых, ці яны кудысьці далёка выехалі.

Внешний вид многих кладбищ Поставщины меняется в лучшую сторону

Вясной чытала ў сацыяльных сетках запрашэнне ад прыватных асоб на суботнік на могілках па вуліцы Ціхай. Відаць, мала хто адгукнуўся на яго: каб сабралася шмат гараджан, парадак быў бы іншым.

На гэтым тыдні радасна было назіраць, як работнікі УП ЖКГ прыбіралі вакол могілак па Ціхай старую агароджу і пачалі ўстанаўліваць новую. Дзякуючы гэтаму могілкі зменяць свой выгляд. Вось бы яшчэ навесці парадак унутры!

Наперадзе кастрычнік, і ўвага да могілак у гэты час асаблівая. У каталікоў 1 і 2 лістапада — урачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых. Няхай гэта стане для старэйшын населеных пунктаў, старшынь сельскіх Саветаў, святароў і проста нераўнадушных людзей стымулам да арганізацыі суботнікаў на могілках, а для кожнага з нас — заклікам прыйсці і навесці парадак на магілах не толькі сваіх дарагіх сэрцу людзей, але і тых, хто спачывае побач з імі.

Анна Анішкевіч
Фота даслаў Аляксандр Данілевіч і Крысціны Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.