Чэмпіянат Беларусі па футболе
З пераменным поспехам
У мінулыя выхадныя на рэспубліканскім этапе турніру 2-й лігі выявіліся 10 каманд, якія датэрмінова з адборачных груп прайшлі ў наступную стадыю 1/8 фіналу. У падгрупе «Г» туды прабіўся «Полацк-2019», які спачатку дома з лікам 2:4 саступіў сталічным «Крумкачам», а праз тыдзень пераканаўча разграміў (6:0) дублёраў ФК «Маладзечна». А вось новы чэмпіён і ўладальнік Кубка вобласці — ФК «Міёры» — з пастаўчанінам Уладзімірам Камісарчуком у складзе апынуўся ў складаным становішчы пасля разгрому на выездзе (1:5) рэзервістамі «Тарпеда-БелАЗ-2» (Жодзіна). Затым міёрцы прайгралі ў Мінску «Крумкачам» з лікам 1:3 (брэсцкі суддзя спрэчна не залічыў два іх мячы ў вароты саперніка).
У другой групе «В» пуцёўку ў наступны этап турніру ў прыгожым стылі заваяваў ФК «Віцебск-2», які на галоўным полі ЦСК «Віцебскі» з лікам 3:0 абыграў мясцовую каманду «Газавік». Аднак у газавікоў застаюцца шанцы туды прабіцца пасля буйной перамогі (3:0) у Горках. Для гэтага ім у заключным туры трэба абавязкова перамагчы «Днепр» (Рагачоў). У ФК «Міёры» ёсць магчымасць добра выступіць у розыгрышы Кубка рэгіёнаў Беларусі па футболе, дзе год назад ён стаў фіналістам, а ў 1/4 фіналу сёлета яго сапернікам стаў ФК «Шчучын».
Тым часам, акрамя «Полацка-2019», далейшы ўдзел у спаборніцтвах прымуць ФК «Салігорск», «Дынама-2» (Брэст), «Энергетык-БДУ» (Мінск), «Стэнлес» (Пінск), ФК «Віцебск-2», «МЛ Віцебск-2», «Днепр-2» (Магілёў), «Тарпеда-БелАЗ-2» (Жодзіна) і «Іслач-2» (Мінскі р-н). З шасці падгруп туды трапяць і 4 каманды, якія зоймуць трэція прамежкавыя месцы. Змагацца за медалі і пуцёўкі ў 1-ю лігу прадоўжаць 16 лепшых калектываў па кубкавай сістэме на стадыі плэй-оф з 11 кастрычніка па 23 лістапада.
Уладзімір Шык

