Марыя і Юрый Бахіры — глыбачане. Але месцам прыцягнення і сілы для іх стала вёска Хрыстова на Пастаўшчыне.
Яна — фельчар сацыяльнага пансіяната «Вішнёвы», ён — вадзіцель. У сям’і адзіны сын Косця, які зараз ходзіць у 6 клас.
— У нас кватэра з усімі выгодамі ў Глыбокім, але вельмі хацелі жыць у вёсцы, — расказвала Марыя Сяргееўна. — Па аб’явах у нашым раёне месца, якое прывабіла б, не знайшлі. Сябры параілі паглядзець дом, які прадаваўся ў Хрыстове, што ўсяго за 15 кіламетраў ад Глыбокага. Прыехалі, паглядзелі. Вёска спадабалася, таму адразу прынялі рашэнне: купляем!
Было гэта ў студзені 2022-га. З таго часу дом і ўчастак ля яго непазнавальна змяніліся. Зразумела, не па ўзмаху чароўнай палачкі, а дзякуючы працавітасці новых гаспадароў. Яны найперш адрамантавалі жыллё знутры, не так даўно падключылі электраацяпленне. На ўчастку ўстанавілі лазню-бочку, арэлі, альтанку, узвялі павець для машыны. Выкапалі сажалку і зарыбілі яе.
А якую кустарнікава-кветкавую прыгажосць стварылі ля дома! Адных туепадобных хвойных раслін тут каля 70, ядлоўцу — каля 20, шмат гатункаў гартэнзіі. Ёсць касачы, півоні, лаванда, іншыя кветкі. Градкі пад агародніну зрабілі насыпныя і кожны год атрымліваюць з іх ураджай.
— У гарадской кватэры нам не сядзіцца, — прызналася Марыя Бахір. — У вёсцы намнога лепш. Калі б у сына была першая, а не другая змена ў школе, мы жылі б у Хрыстове пастаянна, а так вымушаны ў панядзелак вяртацца ў горад. Затое з якім нецярпеннем чакаем вечара пятніцы, калі можам паехаць у Хрыстова!
Дарэчы, Бахір-малодшы ўспрыняў пакупку бацькамі дома ў вёсцы без энтузіязму. Бедаваў, што там будзе сумна. Але вельмі хутка Косця пазнаёміўся ў сельскай мясцовасці са сваімі равеснікамі, пасябраваў, цікава бавіць з імі час. І нават хацеў бы перайсці з глыбоцкай школы ў дунілавіцкую, у якой вучацца яго сябры.
— Нам спакайней, калі сын праводзіць час з мясцовымі хлопчыкамі, — гаварылі яго бацькі. — Яны больш самастойныя, чым гарадскія, ды і спакус у вёсцы менш. Адпускаем гуляць — і не хвалюемся.
Марыя і Юрый вельмі хвалілі мясцовых жыхароў, якія добразычліва прынялі іх у сваю вясковую сям’ю. Казалі, што да кожнага можна ў любы час звярнуцца па параду і дапамогу і атрымаць іх. А хрыстоўцы, у сваю чаргу, задаволеныя, што ў вёсцы з’явілася новая сям’я, якая паказала сябе руплівымі гаспадарамі. Людзям прыемна бачыць, які прыгожы, з густам абуладкаваны куточак упрыгожыў іх Хрыстова.
А яго добраўпарадкаванне працягваецца. Гэтай восенню Марыя з Юрыем плануюць закласці малады сад, пасадзіць ягадныя кусты, у доме зрабіць санвузел, устанавіць душавую кабіну. Маюць і іншыя задумы. Несумненна, ажыццявяць іх, бо маюць на гэта жаданне і сілы.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Марыя Бахір





