Шмат самых розных мерапрыемстваў прайшло на Пастаўшчыне ў рамках Тыдня бацькоўскай любові, прымеркаванага да Дня маці (14 кастрычніка) і Дня бацькі (21 кастрычніка). Нямала іх адбылося ва ўстановах адукацыі, у тым ліку ў Сацыяльна-педагагічным цэнтры Пастаўскага раёна. Усё, што ладзілася ў апошнім, было накіравана на аднаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін.
Тэматычны тыдзень у СПЦ пачаўся з адкрыцця выставы творчых работ непаўналетніх з замяшчальных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, «Вобраз, створаны сэрцам». У невялікай экспазіцыі, якая разгарнулася на першым паверсе ўстановы, прадстаўлены партрэты мам, татаў і абодвух бацькоў, выкананыя ў розных тэхніках. Іх аўтары — удзельнікі аднайменнага рэспубліканскага конкурсу, аб’яўленага яшчэ ў верасні. Па выніках яго раённага і абласнога этапаў работа Валерыі Чырвонай з прыёмнай сям’і пастаўчанкі Ірыны Фядорынай аказалася ў ліку 21 найлепшай у рэспубліцы, пры тым што ўсяго па Беларусі на конкурс было пададзена каля 700 работ.
Выхаванцы прытулку Сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў першы дзень Тыдня бацькоўскай любові заняліся вырабам паштовак для сваіх мам. У іх разам з віншаваннямі і пажаданнямі мамам з нагоды свята напісалі пра ўласныя мары і жаданні. А ўручылі пасланні самым блізкім людзям у суботу на маштабным мерапрыемстве «Усё пачынаецца з сям’і». На яго былі запрошаны і сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Непаўналетнія з іх таксама падрыхтавалі бацькам віншавальныя паштоўкі, у якіх расказалі пра свае пачуцці да мам і татаў. Сумесна ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі аплікацыю «Мая сям’я» і знялі калектыўнае відэа.
Відэаролік пра сваю вялікую, дружную сям’ю знялі і размясцілі ў ТікТок і бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу Таццяна і Юрый Пасечнікі. Яны вырашылі прыняць удзел у рэспубліканскім марафоне сямейных відэаролікаў «Усё пачынаецца з сям’і», які быў запушчаны ў Беларусі 15 мая гэтага года. Таксама вясной Пасечнікі ўдзельнічалі ў рэспубліканскім фотачэленджы «Сям’я — гэта…» і сталі яго фіналістамі. Падрыхтаваны імі сямейны фотакалаж з мінулага тыдня дэманструецца на рэспубліканскай фотавыставе, якая адкрылася ў Першым Нацыянальным гандлёвым доме, а потым пераедзе ў гандлёвы цэнтр «Арэна Сіці». Сваім прыкладам Таццяна і Юрый паказваюць, якой павінна быць сапраўдная сям’я і якое вялікае значэнне яна мае для кожнага дзіцяці.
Алена Шапавалава

