25 кастрычніка ў Беларусі прайшоў рэспубліканскі суботнік. Прывесці ў парадак тэрыторыі населеных пунктаў, знакавых аб’ектаў, гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы выйшлі тысячы беларусаў у розных кутках краіны, у тым ліку ў нашым раёне.
Разам з прадстаўнікамі працоўных калектываў Пастаўшчыны ўдзел у суботніку прынялі і члены раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Суботнік актывісты БРСМ сумясцілі з працоўнай акцыяй свайго грамадскага аб’яднання «Чысты двор — камфортнае жыццё». Месцам для навядзення парадку выбралі сквер па вуліцы Гагарына ў райцэнтры, дзе знаходзіцца помнік землякам, якія загінулі, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Тут высадзіўся працоўны дэсант з ваеннаслужачых 1-га радыётэхнічнага цэнтра на чале з першым і другім сакратарамі райкама БРСМ Лізаветай Загурскай і Анастасіяй Зайкоўскай. Узброіўшыся мётламі, граблямі і лапатамі, маладыя людзі хутка падмялі дарожкі сквера, зграблі з травы і сабралі ў мяшкі апалае лісце. А пасля завяршэння работы гэтак жа дружна сабраліся на чаяванне, арганізаванае лідарамі маладзёжнага саюза.
Алена Шапавалава

