Загадчыца варапаеўскага аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Вольга Счастная стала лаўрэатам прэміі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.
Вольга Счастная не з ліку мнагадзетных маці (у яе дарослы сын і дачка-школьніца), але іх годным выхаваннем і сямейным укладам, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і плённай творчай працай заслужыла высокую адзнаку.
— Калі ў нашым гарпасёлку ў 2023 годзе стваралі аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў і ўзнікла кадравае пытанне, я без сумнення рэкамендавала на пасаду загадчыцы Вольгу Счастную, — расказвала старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Олю ведаю яшчэ з таго часу, калі яна была вучаніцай гуцкай школы, а пасля і сама стала настаўніцай. Аднак абставіны склаліся так, што, адпрацаваўшы 21 год у школе, перайшла ў лясніцтва. Усюды імкнулася да дасканаласці, праяўляла найлепшыя чалавечыя якасці. А дзе, як не ў рабоце з пажылымі і інвалідамі, гэтыя якасці асабліва патрэбныя? Вольга ўдыхнула душу ў аддзяленне, сілкуе энергіяй яго работнікаў і наведвальнікаў, пра ўстанову паступае шмат добрых водзываў. Яна вельмі глыбокі, спагадны, энергічны і працавіты чалавек.
Пра работу варапаеўскага аддзялення наша газета пісала неаднойчы, таму паўтарацца не буду. Лепш прывяду некаторыя радкі з хадайніцтва райвыканкама аб прысуджэнні Вользе Счастнай абласной прэміі: «Вольга Счастная — актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця раёна, чалавек з яркай грамадзянскай пазіцыяй і шчырым імкненнем прыносіць карысць людзям. Праяўляе ініцыятыву ў вырашэнні сацыяльных пытанняў, асабістым прыкладам натхняе іншых, аб’ядноўвае калег і валанцёраў вакол значных праектаў, накіраваных на развіццё міжпакаленчых сувязей, падтрымку пажылых грамадзян і людзей з інваліднасцю. З’яўляецца членам Беларускай партыі «Белая Русь», актыўна ўдзельнічае ў яе мерапрыемствах і ініцыятывах, накіраваных на ўмацаванне грамадства і развіццё сацыяльнай сферы.
Вольга Аляксандраўна — адкрыты, спагадлівы, нераўнадушны чалавек, умее знайсці падыход да кожнага. Яе хобі — ствараць атмасферу цяпла і ўзаемаразумення, а жыццёвае крэда — «Кожны дзень — гэта магчымасць зрабіць свет вакол нас хоць крышку лепшым».
Мне не аднойчы даводзілася бываць у варапаеўскім аддзяленні. Усё, што там створана рукамі персаналу і наведвальнікаў, не можа не захапляць. А ў загадчыцы ўсё новыя і новыя планы. Вольга з задавальненнем паказвае набыткі аддзялення, расказвае пра розныя мерапрыемствы, што праводзяцца ў ім, а вось гаварыць пра сябе не любіць. Але з’явілася такая важкая інфармацыйная нагода, што ўжо ніяк не адмовішся.
— Урачыстасць у аблвыканкаме была вельмі прыгожай і кранальнай, — адзначыла Вольга Аляксандраўна. — Хораша і тое, што на яе запрасілі не толькі жанчын, але і іх мужоў, дзяцей. Вось і побач са мной былі муж і дачка, а маме адразу адпраўлялі ў «Вайберы» фотаздымкі. Вярнуўшыся з Віцебска, прыйшлі павіншаваць яе са святам. Як добра, што жывём у адной вёсцы Гута, часта бачымся, не па тэлефоне дзелімся самым патаемным! Мама — найдаражэйшы ў свеце чалавек. Разам з татам (яго ўжо няма ў жывых) яна выхавала трох дачок.
Узорам сілы, надзейнасці і падтрымкі для ўсёй сям’і з’яўляецца муж Вольгі Аляксандраўны — Генадзій Паўлавіч. Ён заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, праявіць клопат і ўвагу да блізкіх, стварыць атмасферу ўпэўненасці і стабільнасці ў доме. Сваёй працавітасцю і адказнасцю, паважлівым стаўленнем да людзей служыць станоўчым прыкладам не толькі для сваіх дзяцей, але і для іншых гутчан і варапаеўцаў.
— Бязмежна ўдзячная Гену за ўсё, што ён робіць для мяне і нашай сям’і, — гаварыла пра мужа Вольга. — Дапамагае і ў абуладкаванні аддзялення. А як падтрымлівае маральна! Калі я ў чым-небудзь сумняваюся або баюся, што не хопіць сіл ажыццявіць задуманае, умее пераканаць, што ўсё атрымаецца. Яго дэвіз — «Толькі наперад!» Так мы і крочым з ім па жыцці.
З любоўю і цеплынёй жанчына расказвала пра сваіх дзяцей. Дзіма скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, працуе ў Верхнядзвінскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Адказна адносіцца да захоўвання прыроднай спадчыны, актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах па ахове навакольнага асяроддзя. Саша — васьмікласніца Варапаеўскай СШ — вельмі любіць хатнюю жывёлу.
Павага і любоў, дабрыня і клопат адно пра другога — галоўныя жыццёвыя арыенціры сям’і Счастных. Іх аб’ядноўваюць узаемаразуменне, падтрымка і шчырая радасць за поспехі блізкіх. У іх доме пануюць цяпло і гармонія. Яны любяць праводзіць час разам — у працы, адпачынку на прыродзе, грамадскіх мерапрыемствах або проста за сямейнай вячэрай.
— Лічу, што і прэмія аблвыканкама — заслуга не толькі мая, але і маёй сям’і і нашага аддзялення, — канстатавала Вольга Счастная.
Фаіна Касаткіна

