На жаль, не ўсе мужчыны і жанчыны, якія даюць жыццё дзецям, спраўляюцца са сваімі бацькоўскімі абавязкамі. У такіх выпадках клопат пра непаўналетніх бярэ на сябе дзяржава, блізкія або зусім чужыя людзі. І нямала прыкладаў, калі гэтыя людзі становяцца для хлопчыкаў і дзяўчынак роднымі — не па крыві, а па ўзаемаадносінах. Так адбылося і ў прыёмнай сям’і пастаўчанкі Таццяны Кустры.
Падштурхнула заметка ў раёнцы
Таццяна марыла пра вялікую сям’ю, але лёсам ёй было наканавана нарадзіць толькі адну дачушку. Неаднойчы заводзіла размову з мужам пра тое, каб узяць у сям’ю дзіця са школы-інтэрната, якая працавала ў Паставах, аднак ажыццяўленне задуманага чамусьці адкладвалася і адкладвалася. Да таго дня, пакуль жанчына не ўбачыла ў «Пастаўскім краі» здымак сямігадовай дзяўчынкі і не прачытала заметку «Шура хоча ў сям’ю».
— Забраўшы малую ў сям’ю, я імкнулася адразу ж ахінуць яе клопатам і пяшчотай, — узгадвала той час Таццяна Пятроўна. — Хінулася да Сашы і мая дачка Лена, якая хадзіла ў 9 клас. Але на першым часе дзяўчынка была як ваўчаня. Доўга мы прывучалі яе да элементарных бытавых правілаў, а галоўнае — адагравалі яе сэрца. У рэшце рэшт дзіця зразумела, што мы яе сапраўды любім, і ўсё ў нас наладзілася.
Сям’я расла…
Таццяна Кустра статус прыёмнай маці атрымала 17 гадоў назад. За гэты час праз яе сям’ю прайшло 7 дзяўчынак рознага ўзросту: Саша, Рыта, Маша, Дамініка, Віка, Оля, Вера.
— З кожнай давялося шукаць агульную мову, кожную вучыць паводзінам, выкананню распарадку дня, гігіенічных працэдур і няхітрых дамашніх спраў, з кожнай рыхтавала ўрокі, — расказвала прыёмная маці. — Асабліва цяжка давялося з Дамінікай. Ёй было 13 гадоў, калі трапіла да нас. Складаны характар. Не слухалася, грубіла, свавольнічала ў школе. Я нават плакала, аднак спадзявалася, што нечаму навучу. А яна кідала на вочы: «Як мяне дастаў ваш дом!» Ёй хацелася вольніцы, а я трымала дысцыпліну.
Знайшлі паразуменне
Сёмая па ліку дзяўчынка — другакласніца Вера — трапіла ў прыёмную сям’ю два гады назад, калі яе родная маці знаходзілася ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. А калі вярнулася адтуль, разам са сваёй маці стала прад’яўляць Таццяне Кустры неабгрунтаваныя прэтэнзіі. Аднак у мацярынскіх правах не змагла аднавіцца і зараз угаворвае дачку заставацца ў Таццяны Пятроўны.
Праз кожныя два тыдні маці і бабуля наведваюцца да Веры. Таццяна Пятроўна прымае іх ветліва, расказвае пра поспехі дзяўчынкі ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах. Калі жанчына ўсё-такі знойдзе сілы змяніць свой лад жыцця, Вера зможа вярнуцца ў родную сям’ю. Аднак статыстыка сумная: з сямі дзяўчынак, якія выхоўваліся ў Таццяны Кустры, толькі адна — Оля — пасля 8 месяцаў знаходжання ў апякунскай сям’і вярнулася дадому, пад апеку бабулі.
Па жыцці – упэўнена
Я неаднойчы пісала пра прыёмныя сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці дашкольнага і школьнага ўзросту, і тады яшчэ было незразумела, што іх чакае ў дарослым жыцці. Сёння побач з Таццянай Кустрай толькі адна школьніца — Вера. Астатнія яе выхаванкі выраслі. Як жа складваецца іх лёс?
Шура замужам, у згодзе і любові жыве з мужам у аграгарадку, даражыць дзецьмі, якіх у іх трое. Сям’я мае кватэру і машыну. Рыта скончыла вышэйшую школу міліцыі і служыць у РАУС. Маша — другакурсніца Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта. Віка займаецца на трэцім курсе Пастаўскага дзяржкаледжа па спецыяльнасці «Повар-кандытар». Дамініка — навучэнка Відзаўскага дзяржкаледжа.
За адным сталом цеснавата
Расказваць пра прыёмных дзяцей і абысці ўвагай сям’ю роднай дачкі Таццяны Кустры — Алены Зубко — было б несправядліва. Алена жыве ў Юньках, загадвае мясцовым Домам культуры. Яе муж Аляксандр працуе электрыкам у пастаўскім РЭС. У іх трое дзетак. У 2020 годзе сям’я Зубко стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла».
Таццяна і Алена вельмі творчыя і актыўныя. Удзельнічаюць у канцэртах, тэатралізаваных прадстаўленнях, займаюцца анімацыяй, арганізуюць дабрачынныя акцыі. Далучылі да гэтага і прыёмных дзяўчат. Летась Таццяна ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе «Роднае чужое дзіця». З 75 дасланых на конкурс работ яе работа заняла 15-е месца. А самае галоўнае — і сёння захоўваецца цесная сувязь паміж прыёмнай маці і дзяўчынкамі, якія сталі дарослымі і якіх яна лічыць роднымі.
— Калі ўсе збіраюцца ў мяне (а гэта дзеці, унукі, сваты), то нават за раскладзеным абедзенным сталом цесна, — з усмешкай гаворыць Таццяна Кустра. — Давядзецца купляць яшчэ адзін.
Шлях прыёмных бацькоў нялёгкі, але ён напоўнены сэнсам і любоўю, а калі яшчэ адчуваецца і ўдзячнасць тых, каму любоў аддадзена, то гэта — сапраўднае шчасце.
— Безумоўна, я шчаслівая, — прызнаецца Таццяна Пятроўна. — Бачыце, якую вялікую радню маю! А колькі радасці за старэйшых дзяўчат! Не дарэмна жыццё пражыла…
Што значыць пражыла? Яшчэ жыць ды жыць! Столькі энергіі і аптымізму! Так патрэбны маміна парада і дапамога роднай дачцэ і прыёмным, а бабуліна любоў і пяшчота — унукам! Шчодра аддавайце іх і надалей.
Фаіна Касаткіна

