З 4 па 8 мая ў Беларусі па даручэнні Прэзідэнта выплачвалася матэрыяльная дапамога да Дня Перамогі. На Пастаўшчыне ўжо няма ні аднаго ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, засталося толькі 27 малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў. Да іх у гэтыя дні наведаліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, калектываў, дзе яны працавалі.
Па некаторых адрасах разам з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталляй Седзюкевіч, дырэктарам ТЦСАН Вольгай Антух, старшынёй Курапольскага сельскага Савета Ліліяй Гінько, аператарам сувязі Пастаўскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Святланай Агафонавай і прадстаўнікамі ААТ «Кураполле-агра» праехала і я.
Надзея Дудкова з вёскі Дуброва сустрэла гасцей на панадворку і расплакалася ад такой увагі. Госці ўручылі ёй прадуктовы набор, кветкі, салодкія прысмакі. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці Андронаўскага сельскага клуба выканалі песні ваенных гадоў.
Жыццё з маленства не песціла жанчыну. Ёй быў год, калі бацьку прызвалі ў польскую армію. Маці засталася адна з двума дзецьмі. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Аднаго разу прыйшло пісьмо, з якога даведаліся, што бацька трапіў у палон. Пазней яго адтуль забраў да сябе для работы па гаспадарцы немец. Радасна было ад таго, што родны чалавек жывы, і адначасова неспакойна за яго далейшы лёс.
Восенню 1943-га Дуброва немцы спалілі, а мясцовых жыхароў пагналі на Паставы.
— Думалі, на расстрэл, — упамінала Надзея Дудкова. — Таму мама шукала спосаб, каб уратаваць нас з братам. І яна змагла з намі ўцячы. Але нас забралі паўторна і вывезлі ў Германію. Мама працавала ў маёнтку. Гаспадар быў добрым, і яна расказала яму, што ў Германіі жыве яе муж. Напісалі пісьмо на адрас, з якога нам даслаў вестку тата. Праз пэўны час гаспадар бацькі прапанаваў прыняць да сябе нашу сям’ю. Там мы сустрэлі Перамогу.
Па дарозе дадому бацьку за тое, што быў у палоне, адправілі на два гады ў штрафны батальён ва Украіну на шахты, а маці з дзецьмі вярнулася ў родную вёску. Пабудаваць новае жыллё дапамаглі бацькавы браты. Перажытыя нягоды падарвалі здароўе маці, і тая памерла. Пасля яе смерці паралізавала бацьку, і Надзея даглядала яго больш за 20 гадоў. А ўжо ў сталым узросце зноў навалілася гора: пахавала мужа, дачку, сына і двух унукаў. Усе яны спачываюць на дуброўскіх могілках. Надзеі Антонаўне дапамагаюць добрыя суседзі.
Наступны адрас — вёска Васіліны. Таіса Лапушынская гасцінна запрасіла ў хату, і ўсё пайшло па распрацаваным сцэнарыі: віншаванні, падарункі, песні, выплата матэрыяльнай дапамогі. Жанчына шчыра дзякавала за ўвагу раённай уладзе і Прэзідэнту краіны. Найбольшым дасягненнем Беларусі яна лічыць мірнае неба.
— Мне было тры гады, калі фашысты спалілі нашу хату на хутары ў Наносах, што недалёка ад Васілін, а маму, тату, старэйшую сястру і мяне разам з жыхарамі іншых вёсак і хутароў вывезлі ў Германію, — успамінала. — Жылі ў бараках, за калючым дротам. Мама працавала прыбіральшчыцай, тата — на будоўлі. Цяжка захварэлі. Сястра не выжыла. Яе на чужыне і пахавалі. А мы пасля вызвалення вярнуліся на радзіму — на папялішча.
Цяжка было абжывацца. Шмат працавалі. Калі выйшла замуж, трымалі з мужам трох кароў, свіней, па 40 качак, курэй. Цяпер — толькі кот і сабака. Жанчына жыве разам з сынам, дачка — у Паставах. Прыязджае часта. Таіса Лапушынская дзякавала артыстам, прадстаўнікам раённай улады, асабіста Ліліі Гінько за ўвагу і наказвала маладым цаніць дабрабыт і сённяшні мірны дзень.
У Дзеткаве спыніліся каля хаты Кузьмы і Яўгеніі Сідаровічаў. Гаспадар толькі прыехаў з поля на самаробным трактары і прысеў на лаўку. Да яго далучылася жонка. Артысты выканалі для іх «Кацюшу», «Смуглянку», «Огонёк», «День Победы» і іншыя песні. Кузьма Сямёнавіч падпяваў.
— Цяпер такое жыццё, што толькі спяваць, — казала Яўгенія Яўстаф’еўна. — Ніколі так добра і заможна за апошнія 80 гадоў не жылі беларусы, як пры прэзідэнцтве Аляксандра Лукашэнкі. Галоўнае — мір і спакой. Добрая пенсія. У крамах, ды і ў аўтамагазіне малочнага завода, які прыязджае да нас два разы на тыдзень, вялікі выбар якасных прадуктаў. Нашы дзеці і ўнукі атрымалі адукацыю, маюць добрую працу, жыллё. Мы нават марыць пра такое не маглі.
Яўгеніі было 9 месяцаў, калі яе разам з маці, бабуляй і старэйшай сястрой вывезлі ў Германію. Бацька застаўся ў партызанах. Жанчына таго часу, вядома, не памятае, ведае толькі з расказаў старэйшых. Самае страшнае — бамбёжкі і голад. Маленькая Жэня выжыла па дарозе ў Германію і на чужыне толькі дзякуючы таму, што нейкім цудам у маці было крыху груднога малака і яна ім карміла дзяўчынку да двух гадоў. Цяжкім быў шлях дадому пасля вызвалення, радасным — спатканне з бацькам. Ён памёр раптам, калі дачцэ споўнілася 16. Застаўся доўг перад дзяржавай, што браў на будаўніцтва дома, і Жэня пайшла працаваць даяркай — раздойвала 16 першацёлак.
Наведванне малалетніх вязняў — гэта не толькі даніна павагі ім, але і магчымасць дакрануцца да гісторыі, з першых вуснаў пачуць пра тое, што давялося перажыць людзям падчас фашысцкай навалы, і ў чарговы раз асэнсаваць, якой цаной нам дастаўся мір.
Анна Анішкевіч









