Тысячы машын выязджаюць кожны дзень на дарогі Пастаўшчыны. І кожны вадзіцель хоча ехаць з камфортам. А яго забяспечваюць работнікі філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132» і ДЭУ-33. Сёння ў іх — прафесійнае свята.
Для камфорту і бяспекі
Начальнік ДРБУ-132 Станіслаў Рагіня заўсёды патрабавальна ставіцца да сябе, сваіх падначаленых і ўтрымання дарог. І на гэты раз размову пачаў не з таго, што зрабілі сёлета, а што хацелася б, ды не заўсёды пад сілу.
У гэтым годзе Пастаўскім ДРБУ-132 праведзены бягучы рамонт на 35 кіламетрах замацаваных за ім дарог. Гэта значна больш, чым летась. Усяго выканана работ больш чым на 17 мільёнаў рублёў. 42% з іх заробленыя на іншых аб’ектах. Тэхніка і людзі прадпрыемства задзейнічаны на абуладкаванні двух гнаясховішчаў на ферме ААТ «Хацілы-агра», якая будуецца ў Волахах. Там жа вядзецца ўкладка бардзюраў і падрыхтоўка да ўкладкі асфальту на пад’язных дарогах. Зрабілі іх таксама да новага цялятніка фермы «Юнькі» малочнага завода. Цяпер займаюцца бягучым рамонтам участка дарогі ад Балаёў да Полава.
— У нашым раёне шмат робіцца для людзей, — гаварыў Станіслаў Рагіня. — Летась запрацавалі тры сучасныя малочнатаварныя фермы, узводзіцца жыллё, будуюцца аб’екты сацыяльнай сферы, расшыраецца раён індывідуальнай забудовы. І ўсюды не абысціся без дарожнікаў.
Станіслаў Рагіня, начальнік ДРБУ-132
— У нашай рабоце галоўнае — бяспека людзей, якія карыстаюцца нашымі дарогамі, а значыць, паляпшэнне іх якасці. У зоне адказнасці ДРБУ-132 — больш за 1 000 кіламетраў дарог. Ад іх стану залежыць, ці па графіку прыедзе рэйсавы аўтобус, ці аператыўна прыбудзе на выклік хуткая дапамога, не затрымаецца аўтамагазін, машына паштовай сувязі або па дастаўцы газавых балонаў. У некаторых населеных пунктах пражывае 1-2 чалавекі. 22 школьныя аўтобусы з розных куточкаў раёна забіраюць дзяцей і завозяць іх у навучальныя ўстановы, дзіцячыя сады. Па многіх з тых дарог нават іншы транспарт рэдка ходзіць, а мы ўдзяляем ім найбольш увагі.
І на сумесных аб’ектах
Сёлета абедзвюм дарожным арганізацыям работы хапіла як на дарогах, так і на іншых аб’ектах. Яны прыклалі максімум намаганняў, каб наш горад годна сустрэў самае маштабнае спартыўна-культурнае свята — фестываль «Вытокі». Работнікі ДЭУ-33 выконвалі падрыхтоўчыя работы пад асноўнае пакрыццё гарадскога стадыёна. Рабілі гэта ўпершыню, тым не менш паспяхова справіліся. Кіраваў працэсам начальнік лінейна-дарожнай дыстанцыі №333 Грыгорый Лапутка.
Прадстаўнікі ДРБУ-132 абуладкоўвалі і асфальтавалі пад’езды да фізкультурна-аздараўленчага комплексу, найбліжэйшыя да стадыёна вуліцы, такія як Сонечная, Паркавая, Стадыённая, Кастрычніцкая, Кааператыўная.
Маюць нашы дарожнікі дачыненне і да рамонту «танкавага» моста на аб’язной дарозе: дастаўлялі будматэрыялы, укладвалі асфальт. Хутка па ім будзе адкрыты рух транспарту. Былі задзейнічаны на абуладкаванні пад’язных шляхоў у мікрараёне забудовы вуліц Юбілейнай—Кляра, цяпер — у мікрараёне індывідуальнай забудовы па правым баку дарогі на Рамелькі.
Складанасцей рабоце дарожнікаў прыбаўляла дажджлівае надвор’е сёлетняга лета. Але яны імкнуліся выконваць усе патрабаванні і нормы, неабходныя пры асфальтаванні і рамонце дарог. Наперадзе халады, зімовае бездарожжа. Клопатаў дабавіцца ў разы, узрасце адказнасць за забеспячэнне бяспечнага руху. Падрыхтоўка да зімовага ўтрымання дарог ідзе поўным ходам.
Начальнікі ДРБУ-132 і ДЭУ-33 адзначылі, што іх калектывы працаздольныя, прафесіяналізмам і адказнасцю вызначаюцца як работнікі са стажам, так і маладыя кадры. Усе выдатна ведаюць сваю справу і выконваюць яе сумленна. Адданыя сваёй прафесіі людзі з’яўляюцца галоўнай каштоўнасцю прадпрыемстваў. Алег Крукоўскі адзначыў, што задаволены работай дарожных рабочых Валерыя Дзюшко, Аляксандра Ягелы, электрагазазваршчыка Альберта Маркоўскага і многіх іншых. Няпроста кіраваць пагрузчыкам, аўтагрэйдарам. Але ў ДЭУ-33 на іх паспяхова працуюць маладыя механізатары Ілья Волк, Аляксандр Жахоўскі.
Станіслаў Рагіня і Алег Крукоўскі з удзячнасцю гаварылі пра ветэранаў, адрасавалі ім самыя сардэчныя віншаванні з прафесійным святам і пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця. Дарэчы, напярэдадні ў калектыве ДРБУ-132 званне «Ветэран працы КУП «Віцебскаблдарбуд» прысвоена вытворцу работ Віктару Нікіпяровічу, варшчыку бітуму Дзмітрыю Навумчыку, вадзіцелям Міхаілу Мурзёнку і Юрыю Гутару, дарожнаму рабочаму Андрэю Канчаніну, начальніку сектара бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці Але Барыле.
У дарожнікаў, як і ў прадстаўнікоў любой іншай сферы, ёсць нямала цяжкасцей, але яны не пасуюць перад імі, а імкнуцца знаходзіць выйсце з любой сітуацыі, робяць усё для зладжанай і выніковай працы.
Важнае структурнае падраздзяленне
Абнаўленне дарожнага палатна на многіх участках дарог вядзецца толькі з выкарыстаннем асфальту. Яго выпускае завод ДРБУ-132, што знаходзіцца ў Боцвінах. Эфектыўнасць яго работы залежыць ад выканання тэхналагічнага рэгламенту, правільнай арганізацыі вытворчага працэсу. Сёлета плануецца выпусціць каля 50 тысяч тон асфальтабетону. Ён расходуецца на рамонт дарог, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства, выкарыстоўваецца на тых аб’ектах, дзе працуюць дарожнікі, амаль 8 тысяч тон прададзена ДЭУ-33 для рамонту дарог рэспубліканскага значэння.
Завод служыць дарогам Пастаўшчыны 24 гады. Кіраўніцтва ДРБУ-132 прызнае, што абсталяванне знасілася. Пры спрыяльным надвор’і дарожнікі маглі б за змену ўкладваць да 800 тон асфальту, але вытворчая магутнасць завода ўсяго 300 тон. Купіць новае абсталяванне за ўласныя сродкі нерэальна. Па словах Станіслава Рагіні, АБЗ працуе толькі дзякуючы зладжанаму калектыву. Немалы стаж работы ў аператара Руслана Казакевіча, памочніка аператара Аляксандра Асяненкі, вадзіцеля МАЗа па дастаўцы бітуму Сяргея Асяненкі. На добрым рахунку драбільшчык Віктар Рагіня. Малады, але адказны старшы майстар Дзмітрый Дзевялтоўскі. Кіруе калектывам вытворца работ, заслужаны дарожнік Беларусі Віктар Нікіпяровіч. Кожны дасканала ведае тэхналогію вытворчасці асфальтабетону, добра разбіраецца ў складаных механізмах. У выніку завод увесь сезон, які доўжыцца з ранняй вясны да позняй восені, працуе без збояў. Кіраўніцтва ДРБУ-132 імкнецца загадзя набываць запчасткі на выпадак паломкі.
Алег Крукоўскі, начальнік ДЭУ-33
— Аўтадарога — складаны комплекс інжынерных канструкцый, дзе кожны элемент патрабуе пастаяннага догляду. На сучасных дарогах вялікі паток уласнага, грамадскага, грузавога транспарту. Таму дарогі павінны быць камфортнымі і бяспечнымі для ўсіх карыстальнікаў. Неадкладныя работы па рамонце і якасным забеспячэнні стану праезнай часткі — штодзённая, адказная і карпатлівая работа дарожнікаў у дождж, спёку, завею.
Работа штодзённая і адказная
За стан дарог рэспубліканскага значэння, якія праходзяць па тэрыторыі нашага раёна, адказвае ДЭУ-33.
Сёлета прадпрыемствам нямала зроблена па абнаўленні асфальтабетоннага палатна ў напрамку Глыбокага, Браслава і Лынтуп, абуладкавана пешаходная дарожка ад вёскі Коўзаны да новай малочнатаварнай фермы ў Пагарцах, абноўлены старыя і ўстаноўлены новыя павільёны на некаторых аўтобусных прыпынках. Асабліва шмат станоўчых водзываў было пра той, што на прыпынку ў вёсцы Калееўцы. Ён вельмі спадабаўся дарожнікам з Мядзельшчыны. Па іх просьбе пад кіраўніцтвам начальніка лінейна-дарожнай дыстанцыі №332 Аляксея Шаламіцкага такі, толькі з гербам Мядзела, быў зроблены і для іх раёна.
Як падрадчыкі работнікі ДЭУ-33 «апраналі» ў асфальт дваровыя тэрыторыі райцэнтра, пастаўскія вуліцы і ў гарадскім пасёлку Лынтупы. Калектыў таксама актыўна ўдзельнічаў ва ўзвядзенні многіх сацыяльна значных аб’ектаў. Даход прадпрыемства за 9 месяцаў бягучага года склаў 11 мільёнаў 383 тысячы рублёў. Ён атрыманы ад рамонту і ўтрымання дарог, аказання паслуг тэхнікай, іншых заказаў. На бягучы рамонт 20 кіламетраў дарог выдаткавана 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў.
Анна Анішкевіч









