«Жамчужына жамчужын» — такі тытул (а ён з’яўляецца аналагам Гран-пры) пастаўчанцы Валерыі Патрушавай прысудзіла журы міжнароднага дзіцяча-юнацкага фестывалю інструментальнай барочнай музыкі «Пераклічка птушак», што праходзіў у сакавіку мінулага года ў Санкт-Пецярбургу.
Мне пашанцавала пазнаёміцца з гэтай жамчужынай — студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, — калі яна пасля здачы зімовай сесіі прыехала дадому на канікулы. І пра што, як не пра захапленне музыкай і вучобу, мы маглі гаварыць?
…Калі сямігадовая Лера паступіла ў Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза, бацькі дзяўчынкі нават падумаць не маглі, што гэта прадвызначыць яе выбар прафесіі. А сама Валерыя ўзгадвала:
— У мастацкай школе ў мяне быў цудоўны педагог Галіна Барысюк, якая і захапіла ігрой на цымбалах. Ужо з 2 класа яна выстаўляла мяне на розныя конкурсы. З ёй ездзілі ў Смаленск, Кіеў, Санкт-Пецярбург. Я заваёўвала на конкурсах не толькі прызавыя месцы, але і Гран-пры. Галіна Эдуардаўна падрыхтавала мяне і да паступлення ў рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
У гімназіі Лера вучылася з 7 па 9 клас. Пасля чаго яе без экзаменаў як прызёра рэспубліканскага конкурсу імя І. Жыновіча залічылі ў каледж акадэміі музыкі.
— Педагог гімназіі-каледжа Марыя Кучынская запрыкмеціла мяне на конкурсах, калі я была яшчэ навучэнкай пастаўскай школы мастацтваў, — расказвала Валерыя. — З першага курса каледжа пачалася не толькі вучоба, але і ўдзел у розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Зноў атрымлівала на іх перамогі.
Разам з іншымі навучэнцамі каледжа дзяўчынка актыўна ўдзельнічала ў канцэртах. І не толькі ў Мінску. Напрыклад, аркестр народных інструментаў выступаў у Саранску (Мардовія). Затым разам з «Песнярамі» прадстаўляў Беларусь на міжнароднай прамысловай выставе «Інапрам» у Екацярынбургу.
З верасня 2024-га Валерыя — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У тым жа годзе яна заняла 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе «Маладыя таленты Беларусі», у наступным прызнана «Жамчужынай жамчужын» на міжнародным фестывалі «Пераклічка птушак» у Санкт-Пецярбургу. Акрамя цымбалаў, Лера выдатна грае на фартэпіяна (па яе спецыяльнасці ідзе як дадатковы інструмент). Яскравае сведчанне таму — 1-е месца ў анлайн-конкурсе піяністаў «Белы раяль».
— Мне падабаецца розная музыка, — прызналася дзяўчына. — Але самая любімая — эпох барока і рамантызму, і яе найбольш у маім рэпертуары. У акадэміі ў мяне таксама выдатны педагог па спецыяльнасці — Рыма Падойніцына.
Не злічыць конкурсаў, у якіх Валерыя ўдзельнічала. Падрыхтоўка да іх займае шмат часу і патрабуе нямала сіл. Але гэта не толькі не перашкаджае вучобе, але і стымулюе яе. Усе экзамены на першай сесіі ў акадэміі музыкі таленавітая студэнтка здала на дзясяткі. У другой і трэцяй сесіях на экзамене па спецыяльнасці ў яе зноў 10 балаў. Атрымлівае павышаную стыпендыю. Мінулай восенню ў другі раз удастоена прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Першы раз такую ж прэмію атрымала, калі дзевяцікласніцай гімназіі стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу імя І. Жыновіча.
Акрамя педагогаў, поспехам Валерыі радуюцца яе бацькі і блізкія. Маці, Таццяна Патрушава, гаварыла:
— Мне было цяжка адпусціць Леру ў Мінск, бо ёй было ўсяго 12 гадоў. Але разумела захопленасць дачкі музыкай і тое, што ў яе ёсць творчы патэнцыял і вялікае жаданне вучыцца. Нягледзячы на адлегласць, старалася ва ўсім падтрымліваць, асабліва падчас падрыхтоўкі да конкурсаў і выступленняў, прысутнічала на яе канцэртах. Гэта яшчэ больш зблізіла нас. Свае перажыванні за яе ніколі не паказвала, а поспехам радуемся разам.
Хутка праляцелі кароткія зімовыя канікулы. Валерыя зноў у сценах акадэміі музыкі. Вучыцца і рыхтуецца да адкрытага рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на цымбалах, які адбудзецца ў маі бягучага года. Акрамя таго, яна яшчэ і працуе — выкладае ў агульнаадукацыйнай школе з музычным ухілам. Кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Напэўна, так і ёсць. Мая юная гераіня захапляецца яшчэ і маляваннем, хаця адпаведнай мастацкай школы не заканчвала. Не так даўно вырашыла адправіць свой малюнак, выкананы на планшэце ў спецыяльнай праграме, на міжнародны анлайн-конкурс. І заняла 2-е месца!
Я не магла не спытацца ў 19-гадовай дзяўчыны, як яна ўсё паспявае. І пачула ў адказ: «Дні напружаныя, але мне гэта падабаецца, а музыка стала маім прызваннем». Падумала: цудоўна, што на Пастаўшчыне нараджаюцца такія таленавітыя асобы, як Валерыя Патрушава, а ў краіне створаны ўсе умовы для іх творчага развіцця. І пажадала нашай зорачцы яркага ззяння на культурным небасхіле Беларусі.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Валерыя Патрушава




