З клопатам пра любімую Пастаўшчыну працуюць сёння і працавалі ў папярэднія дні ўдзельнікі рэспубліканскага суботніка – прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Для прыемнага адпачынку
Вялікія планы па добраўпарадкаванні не толькі падчас суботніка ў лясгасаўцаў. Работнікі Пастаўскага лясніцтва прыводзяць у належны стан месцы адпачынку гараджан. Найбольш папулярнае з іх — возера Дубок. Тут ёсць усё неабходнае для камфортнага адпачынку: месца для вогнішча, дзе можна пасмажыць шашлык, пасядзець кампаніяй у альтанцы. Некаторыя альтанкі з часам ці з «дапамогай» адпачывальнікаў сталі непрыгляднымі. Таму вырашана ў некалькіх памяняць падлогу. Трэба пафарбаваць кантэйнерныя урны, лаўкі, сталы. Гэтым з серады тут займаюцца Генадзій Шышла і Вячаслаў Сарокін.
Сёння тэхніка і людзі лясгаса задзейнічаныя на рамонце дарогі праз кашыцкі лес да вёскі Дзеравянкі. Участак каля 3 кіламетраў пашкодзілі лесавозы падчас вывазу драўніны, таму там засыпаюць лужы, выбоіны, раўняюць дарогу.
— Пасадкай маладога лесу ў Груздаўскім лясніцтве сёння завяршаем акцыю «Лес! Дабро! Парадак!», — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Удзячныя кожнаму, хто да яе далучыўся. Агульнымі намаганнямі лес пасаджаны на плошчы 15,1 гектара, шмат зроблена па навядзенні парадку ў лясных масівах уздоўж аўтамабільных дарог. Працягваецца добраўпарадкаванне месцаў адпачынку, мерапрыемствы па доглядзе маладых пасадак.
Мікалай Доўмант, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама
— Каб было чыста і ўтульна, парадак трэба падтрымліваць. Суботнік толькі актывізуе сілы. Многія працоўныя калектывы працавалі напярэдадні яго. Сёння прадстаўнікі Пастаўскага раёна газазабеспячэння і ўчастка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Пастаўскага раёна філіяла «Докшыцыводаканал» наводзяць парадак па берагавой лініі возера Задзеўскае, ад вуліцы Ціхай да 6-га гарадка, па набярэжнай ракі Мядзелкі — ад моста па вуліцы Чырвонаармейскай да гарадскога парку і да вуліцы Гагарына. Хопіць работы ваеннаслужачым пагранкамендатуры «Паставы» каля вадаёмаў у 5-м гарадку, дзе нядобрасумленныя гараджане стварылі несанкцыянаваныя звалкі. Вялікі аб’ём работы каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе пасля зімы сабралася шмат смецця. Тут працуюць работнікі аддзелаў райвыканкама. Частка з іх — на могілках па вуліцы Ціхай.
Дарожны рух – бяспечны і камфортны
З ранняй вясны на дарогах рэспубліканскага і мясцовага значэння можна сустрэць тэхніку і дарожных рабочых. Работнікі ДРБУ-132 завяршаюць абуладкаванне абочын на ўчастку ад уезду ў горад да вуліцы Кляра. Раней яны тут укладвалі бардзюры, рыхтавалі дарожнае палатно пад укладку бетону, невялікі ўчастак заасфальтавалі. Дзякуючы ДРБУ-132 «апрануўся» ў асфальт і мост па вуліцы Чырвонаармейскай.
Прыемная навіна для тых, хто любіць адпачываць у Азёрках, і аматараў экалагічна чыстага віду транспарту — веласіпедаў. Ад мікрараёна будаўнікоў да возера Дубок праляжа веласіпедна-пешаходная дарожка. Праз дарогу да спартыўна-турыстычнага комплексу «Азяркі» абуладкуюць пешаходны пераход.
На гэтым тыдні механізатар ДРБУ-132 Раман Амбразевіч грэйдарам рыхтаваў аснову пад укладку асфальту на веладарожцы. Затым добраўпарадкуюць абочыну, пакладуць асфальт, зробяць разметку, установяць дарожныя знакі — і каціся сабе на веласіпедзе!
Зручнейшым стане ўчастак дарогі ад Пятровіч да Валкалат — работнікі ДРСУ-132 «апрануць» гравійку ў асфальт.
На дарозе Паставы—Лынтупы ДЭУ-33 пачало замену бар’ернай металічнай агароджы на ацынкаваную. Працягваецца ўкладка асфальту на дарозе Ласіца—Норыца, ямачны рамонт на дарозе Паставы—Лучай. На гэтым жа ўчастку абнаўляюць пасля зімы аўтобусныя прыпынкі, наводзяць парадак на абочынах. Дарожнікі лічаць, што камфорт і зручнасць павінны быць на вуліцах як буйных населеных пунктаў, так і ў невялікіх вёсках.
Інжынерна-тэхнічныя работнікі ДЭУ-33 падчас суботніка добраўпарадкуюць тэрыторыю вакол свайго адміністрацыйнага будынка, каля гаражоў і мехмайстэрняў.
У знак памяці
Кожную вясну асаблівы акцэнт робіцца на навядзенні парадку каля помнікаў і абеліскаў. На бягучым тыдні навучэнцы Камайскай СШ разам з ваеннаслужачымі пагранічнай заставы «Ярэва» прыбралі каля помніка ў Дварчанах, з прадстаўнікамі пагранпаста «Палессе» — у Сакунах, навучэнцы СШ №3 разам з ваеннаслужачымі Смаргонскай пагранічнай групы — у Хацілах. Прыбіраючы тэрыторыю каля помнікаў, моладзь аддае даніну павагі тым, хто вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, захоўвае гістарычную памяць пра мінулае. Работа вядзецца і ў іншых населеных пунктах раёна. Яна спрыяе патрыятычнаму выхаванню моладзі.
І ў вёсках – талака
У навядзенне парадку пасля зімы ўключыліся і сельскія Саветы.
— Як толькі сышоў снег, мы прыбралі ад пяску тратуар на цэнтральнай вуліцы Навасёлак, — расказвала старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Дзіяна Пякарская. — Навучэнцы мясцовай школы добраўпарадкавалі месца воінскай славы ў Старым Двары. На чарзе — пасадка дрэўцаў па вуліцы Набярэжнай на цэнтральнай сядзібе ААТ «Навасёлкі-Лучай». Калі ўсталюецца цёплае надвор’е, пачнём садзіць кветкі, абнаўляць агароджы на цэнтральнай вуліцы. Удзячная тым вяскоўцам, якія наводзяць парадак каля сваіх дамоў. Толькі разам можна падтрымліваць чысціню і прыгажосць.
Актыўна вядуцца работы па добраўпарадкаванні ў Варапаеве. Работнікі сельскага Савета, сацыяльнай службы, настаўнікі і вучні мясцовай школы найперш прайшліся па пасёлку і часткова прыбралі смецце, якім былі закіданы вуліцы і абочыны. Выявілі несанкцыянаваныя звалкі, у тым ліку ў гарадскім парку. Іх ужо сёння прыбіраюць. У суботніку задзейнічаны ўсе прадпрыемствы і арганізацыі пасёлка. Прадстаўнікі дыстанцыі пуці робяць касметычны рамонт брамы пры ўваходзе ў парк.
— Работы шмат, — гаварыла старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Сёлета нам трэба рэалізаваць чарговы праект грамадзянскай ініцыятывы: на гэты раз будзем добраўпарадкоўваць гарадскі парк.
Анна Анішкевіч






