Сёння – Сусветны дзень барацьбы з інсультам
Штогод 29 кастрычніка на планеце адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з інсультам. Ён быў устаноўлены ў 2006 годзе пасля таго, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла гэта частае і небяспечнае захворванне глабальнай эпідэміяй.
Інсульт — вострае парушэнне мазгавога кровазвароту, якое суправаджаецца раптоўным расстройствам функцый галаўнога мозгу, адна з галоўных прычын смяротнасці і інваліднасці насельніцтва зямнога шара. Па даных Сусветнай арганізацыі па барацьбе з інсультам, з яго наступствамі сёння жывуць прыблізна 100 млн чалавек. Пры гэтым кожны год рэгіструецца больш за 12 млн выпадкаў захворвання, з якіх каля 6,6 млн заканчваюцца смерцю і 5 млн — інваліднасцю.
У Беларусі з інсультам штогод сутыкаюцца каля 40 тысяч жыхароў рэспублікі, на Пастаўшчыне — 140-160 чалавек. Для дапамогі такім хворым у краіне разгорнута вялікая сетка інсультных аддзяленняў, куды адпраўляюць пацыентаў з замацаваных за канкрэтнымі бальніцамі раёнаў. У прыватнасці, пастаўчан вязуць у Астравецкую цэнтральную раённую клінічную бальніцу, дзе маюцца апараты камп’ютарнай і магнітна-рэзананснай тамаграфіі, іншае неабходнае для дыягностыкі і лячэння абсталяванне. Дзякуючы гэтаму не такімі цяжкімі, як маглі быць, аказваюцца наступствы інсульту.
— У нашай бальніцы застаюцца толькі пацыенты, якія адмаўляюцца ехаць у Астравец, — а такіх няшмат — і тыя, каму супрацьпаказана транспарціроўка, — кажа загадчык неўралагічнага аддзялення Пастаўскай ЦРБ Анатолій Кулеш. — Праз 3 месяцы пасля выпіскі ўсе інсультныя хворыя з раёна праходзяць у нас прафілактычны курс лячэння. На жаль, з кожным годам сярод іх усё больш маладых людзей. Калі раней інсульт здараўся, як правіла, у тых, каму за 60 гадоў, то зараз усё часцей бывае ў 50-, 40- і нават 35-гадовых асоб.
На думку Анатолія Барысавіча, асноўныя прычыны гэтага — змяненні ў харчаванні насельніцтва і шкодныя звычкі. Мы ўсё больш ужываем прадуктаў з вялікай колькасцю тлучшу, цукру, розных дабавак і кансервантаў. Яны садзейнічаюць утварэнню халестэрынавых бляшак у перыферычных сасудах цела, якія, адарваўшыся, закупорваюць дробныя сасуды галаўнога мозгу і блакіруюць прыток крыві да пэўнай яго часткі. Да трамбозу прыводзіць і тытунекурэнне. А празмернае ўжыванне спіртнога павышае артэрыяльны ціск, у выніку чаго сасуды могуць разарвацца і адбыцца кровазліццё ў мозг. Часам яны разрываюцца і з-за прыроджаных анамалій развіцця — анеўрызм.
— Каб пазбегнуць інсульту, неабходна кантраляваць свой артэрыяльны ціск, халестэрын і ўзровень цукру ў крыві, які таксама ўплывае на стан сасудзістай сценкі, — раіць спецыяліст. — Важна рэгулярна прымаць назначаныя ўрачом прэпараты, правільна харчавацца, выключыць цыгарэты і звесці да мінімуму ўжыванне спіртнога, больш рухацца і пазбягаць стрэсаў.
Прафілактыцы захворвання дапамагае ў тым ліку дыспансерызацыя. Таму абавязкова яе праходзьце.
Алена Шапавалава

