Курапольская базавая школа найперш прыцягвае да сябе ўвагу тэрыторыяй ля яе — прасторнай, дагледжанай, з мноствам кветак. Прыгожа і ў самім будынку. Пра гэта пастаянна клапоцяцца настаўнікі, тэхперсанал і вучні. А ва ўтульнай абстаноўцы прыемна і працаваць, і вучыцца.
У школе пануе асаблівая атмасфера. Настаўнікі ведаюць кожнага вучня, наладжаны цесныя сувязі паміж педагогамі, дзецьмі і бацькамі. Невялікія класы дазваляюць надаваць увагу індывідуальным патрэбам кожнага дзіцяці, раскрываць яго таленты і здольнасці. Педагогі выкарыстоўваюць інавацыйныя методыкі, адаптуюць навучальныя праграмы да рэалій сельскага жыцця, імкнуцца даць дзецям якасную адукацыю.
Калектыў узначальвае Галіна Ціхановіч, якая ў адукацыі працуе 35 гадоў, у тым ліку дырэктарам гэтай школы — 17.
— Прафесія педагога цяжкая, але я ні разу не пашкадавала пра тое, што выбрала яе, — гаварыла Галіна Іванаўна. — Школа для мяне з’яўляецца сэнсам жыцця. — Адданыя прафесіі і ўсе педагогі нашай установы. Школа — ачаг ведаў і надзеі. Мы выхоўваем будучых урачоў, настаўнікаў, аграномаў — людзей, адданых сваёй зямлі, гатовых унесці свой уклад у развіццё раёна, патрыётаў Радзімы. Вось і чатыры сёлетнія выпускнікі паступілі ў Пастаўскі дзяржкаледж. Нашы навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у раённых прадметных алімпіядах і атрымліваюць дыпломы ІІІ, ІІ і І ступеняў. Таксама з поспехам заяўляюць пра сябе не толькі ў раённых, але і ў абласных этапах спартыўных спаборніцтваў і конкурсаў.
Адна з немалаважных частак рэзультатыўнай дзейнасці школы — узаемадзеянне з сем’ямі. З мэтай педагагічнай асветы бацькоў выкарыстоўваюцца такія формы сумеснай дзейнасці, як агульнашкольныя і класныя сходы, індывідуальныя і групавыя кансультацыі, бацькоўскі ўніверсітэт.
Аднак школа – гэта не проста месца атрымання адукацыі, а важны культурны і сацыяльны цэнтр у вёсцы.
Настаўнікі прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Падчас кожнай электаральнай кампаніі Галіна Ціхановіч узначальвала ўчастковую выбарчую камісію, Валянціна Падгайская з’яўлялася сакратаром камісіі. Наталля Кірыленка — пастаянны ўдзельнік спартыўных спаборніцтваў, турыстычных злётаў. Наталія Лапіна і Жанна Абалевіч штогод працуюць у журы раённых прадметных алімпіяд.
Настаўнікі і вучні актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія ладзяцца ў мясцовым Доме культуры, многае робяць па добраўпарадкаванні вёскі, шэфствуюць над помнікамі загінулым землякам у Кураполлі і Васілінах, дапамагаюць адзінокім пажылым. Цёпла ставяцца да педагогаў-ветэранаў, якіх 10: звоняць ім, наведваюцца да іх, віншуюць са святамі, запрашаюць у школу. Вось і напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у школе адбылася прыгожая ўрачыстасць, якая з’яднала былых і сённяшніх настаўнікаў і навучэнцаў, падарыла ўсім хвіліны радасці. Няхай жа яна прысутнічае і ў кожным будным дні не толькі курапольскіх, але ўсіх педагогаў!
Фаіна Касаткіна

