Замдиректора по воспитательной работе Новоселковской СШ Елена Девятовская: «Считаю, что нахожусь на своем месте»

Образование

«Лічу, што знаходжуся на сваім месцы», — так сказала пра сябе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі Алена Дзевятоўская. І гэта пацвердзіла кіраўнік навучальнай установы Алена Ластоўская, адзначыўшы, што выхаванне падрастаючага пакалення — прызванне яе калегі.

2025 год для Алены Аляксандраўны юбілейны: сёлета роўна два дзесяцігоддзі, як яна працуе ў школе. Пасля заканчэння філфака ВДУ імя П. М. Машэрава атрымала размеркаванне ў Ляхаўшчынскую БШ, дзе 10 гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру і была педагогам-арганізатарам. Калі гэту школу закрылі, перайшла ў навасёлкаўскую. Спачатку працавала толькі па атрыманай спецыяльнасці. А 4 гады назад прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, заняць якую згадзілася не раздумваючы.

Я чалавек актыўны, творчы, — гаварыла падчас нашай сустрэчы. — Вельмі люблю праводзіць розныя мерапрыемствы, распрацоўваць сцэнарыі. Хоць выхаваўчую работу ў школе многія лічаць складанай, мне яна падабаецца.

Замдиректора по воспитательной работе Новоселковской СШ Елена Девятовская: "Считаю, что нахожусь на своем месте"

Пад кіраўніцтвам Алены Дзевятоўскай навасёлкаўскія школьнікі ўдзельнічаюць амаль ва ўсіх раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і акцыях, заваёўваюць граматы і дыпломы. А як цікава праходзяць у школе ўсе мерапрыемствы! Для кожнага Алена Аляксандраўна піша арыгінальны сцэнарый, ніколі не бярэ іх з інтэрнэту, а таксама не карыстаецца сваімі ранейшымі распрацоўкамі. Яе правіла — у кожным мерапрыемстве павінна быць нейкая «фішка». Дзякуючы гэтаму яны надоўга запамінаюцца ўдзельнікам і гасцям. Так, на мінулы Дзень маці адзін з вучняў, се­дзячы ў цэнтры залы, з дапамогай анёла маляваў партрэт сваёй матулі. А затым гатовы малюнак ажыў. На першавераснёўскую лінейку разам з іншымі гасцямі прыйшоў мішка з паветранымі шарамі і ўручыў іх першакласнікам.

Па словах Алены Аляксандраўны, працаваць ёй лёгка, таму што і дзеці, і педагогі ў Навасёлках, як і сама яна, творчыя. Больш за палову вучняў наведваюць школу мастацтваў. Яе настаўнікі ахвотна дапамагаюць у правядзенні мерапрыемстваў. Свой калектыў вельмі дружны.

У камандзе ў мяне 11 класных кіраўнікоў, якія лёгкія на пад’ём, цудоўныя педагог-арганізатар і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, — расказвала. — Калі трэба падрыхтаваць чарговае мерапрыемства, усе разам прадумваем, хто што будзе рабіць. Часам калегі або самі вучні падаюць мне ідэі мерапрыемстваў.

Алена Дзевятоўская ўдзяляе вялікую ўвагу ўсім напрамкам выхавання, але найбольшую — патрыятычнаму і працоўнаму, стараецца ахапіць нейкай справай максімальную колькасць дзяцей. Пры гэтым працягвае выкладаць родную мову і літаратуру ў старэйшых класах, рыхтуе вучняў да экзаменаў і тэсціравання.

Я з задавальненнем хаджу на ўрокі, — прызнаецца яна. — Лічу, што настаўнік не павінен губляць свае навыкі. Трэба быць прафесіяналам ва ўсім.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.