Чэмпіянат Беларусі па валейболе. У тройцы лідараў — пастаўчане

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па валейболе

У тройцы лідараў

Другі тур нацыянальнага першынства адкрыўся ў Гомелі ў мінулыя выхадныя матчам пастаўчан супраць аднаго з фаварытаў першынства. Не менш напружаным для іх атрымаўся паядынак на наступны дзень. «Атлант» вытрымаў няпросты экзамен і замацаваўся ў тройцы наймацнейшых каманд 1-й лігі.

 «Газавік-Гомель»–«Атлант» (Паставы) – 3:1

На гэту гульню пастаўчане ледзь не спазніліся, бо ў Мінску зламаўся іх аўтобус і прыйшлося да Гомеля дабірацца на некалькіх уласных машынах. У складзе каманды адсутнічалі тры ігракі са стартавай шасцёркі. Ключавыя пазіцыі занялі моцныя валейбалісты Руслан Мацкевіч, Аляксандр Пятрэвіч і другі распасоўшчык Руслан Сімагасціцкі.

У першых двух партыях дамінавалі гамяльчане (на нашых сказаўся нядаўні стрэс у дарозе), а ў трэцяй ініцыятыву ўзяў у свае рукі «Атлант». Ён узмацніў падачы і гульню на блоку, пераадолеў супраціўленне і скараціў розніцу ў ліку.

Чацвёрты сэт атрымаўся відовішчным і працяглым. Па чарзе каманды абменьваліся моцнымі ўдарамі, дэманстравалі дынамічны валейбол. У канцоўцы нашы былі блізкія да поспеху, бо займелі два сэт-болы пры ліку 24:22 на сваю карысць. На жаль, у рашаючы момант сапернік не дазволіў пастаўчанам правесці выніковую камбінацыю. Гамяльчане пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў вырвалі перамогу ў спрэчцы двух прамежкавых лідараў.

У наступнай сустрэчы тура мясцовая «Энергія-2» пераадолела супраціўленне рэзервістаў віцебскага «Марка-ВДТУ» і дабілася поспеху з лікам 3:2. У Мінску каманда рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву-2009 была мацнейшай (3:0) у матчы з гродзенскім «Легіёнам-2».

Чэмпіянат Беларусі па валейболе. У тройцы лідараў — пастаўчане

«Энергія-2» (Гомель)–«Атлант» (Паставы) – 1:3

2 дзень. 1:3 (14:25; 25:17; 25:27; 17:25)

Другі матч зноў доўжыўся амаль дзве га­дзіны і трансліраваўся ў прамым эфіры. Сапернік — дублёры аднаго з вядучых клубаў вышэйшай лігі — перахваляваўся, праваліў пачатак важнай сустрэчы. Маладых гамяльчан збіў з толку падманны ўдар пасуючага «Атланта» Руслана Сімагасціцкага. Нашы без асаблівых намаганняў выйшлі наперад. У кароткім перапынку трэнер «Энергіі-2» знайшоў патрэбныя словы для сваіх падапечных. І ў другім сэце яны рэзка ўзмацнілі сваю гульню: пачалі падаваць цяжкія для прыёму падачы, а над сеткай па-майстэрску перайгравалі наш двайны і нават трайны блок.

Пастаўчане аказаліся ў ролі даганяючых. Ключавой і пераломнай у гульні стала трэцяя партыя. Ніхто не хацеў саступаць. У «Атланта» пачасціліся атакі першым тэмпам у выкананні Аляксандра Пятрэвіча і Міхаіла Маляёнка. Нашы выйшлі наперад (9:5), але сапернік ліквідаваў адрыў. Пазней ён дагнаў пастаўчан пры крытычным для сябе ліку на табло (22:24). Пачаліся доўгія розыгрышы мяча. Усе нашы заключныя ўдары «Энергія» прымала і не давала выйсці наперад. Толькі пры ліку 25:25 трапна прабіў у непрыкрыты вугал пляцоўкі даігроўшчык пастаўчан Аляксей Трацэўскі. Нашу складаную падачу гамяльчане паднялі, але прамахнуліся пры завяршэнні камбінацыі.

Гэта няўдача дэмаралізавала саперніка, і ў чацвёртым сэце ён далёка адстаў ад «Атланта» (5:14). Да гонару рэзервістаў «Энергіі», яны змагаліся да канца і амаль дагналі (15:16) пастаўчан. «Атлант» выдатна правёў канцоўку, падаўшы пару эйсаў. Блокам і трапнымі стрэламі Аляксея Трацэўскага, Васіля Скалабана і Ягора Дашкевіча пастаўчане вырвалі перамогу і з 9 ачкамі выйшлі на 2-е прамежкавае месца.

Наперад вырваўся гомельскі «Газавік» (12 балаў) пасля выйгрышу з лікам 3:0 у дублёраў Віцебска. Сталічны РДВАР-2009 дома саступіў (2:3) выхаванцам ДЮСШ «ВК Брэст». У пачатку лістапада 2 тур чэмпіянату завершыцца міні-турнірам чатырох у Барысаве. Нашы 15—16 лістапада два наступныя матчы згуляюць у Паставах.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.