Мария Никишина отметила свой 100-летний юбилей

Общество

Па дакументах датай нараджэння жыхаркі райцэнтра Марыі Нікішынай значыцца 20 кастрычніка 1926 года. Аднак сама жанчына сцвярджае, што яна на год старэйшая.

І я веру гэтаму, бо знаёмая з Марыяй Андрэеўнай шмат гадоў, не аднойчы чула яе ўспаміны пра дзяцінства і юнацтва, ведаю, наколькі праўдзівы і прынцыповы яна чалавек. Таму ніколькі не здзівілася, убачыўшы нядаўна ў «Пастаўскім краі» віншаванне з яе 100-годдзем. А потым і завітала да юбіляркі. Пашанцавала, што ў бабулі яшчэ гасцявала ўнучка Віка, якая на тыдзень прыехала з Брэста. Разам мы ўгаварылі імянінніцу пагартаць старонкі жыцця.

— Цяжкім яно было ў мяне, але ні пра што не шкадую, — гаварыла Марыя Андрэеўна. — Ніколі не паступілася сумленнем, шмат добрага зрабіла для людзей.

У Паставах яна з 1950 года — у наш горад перавялі на службу з Расіі яе мужа Паўла Нікішына. Маючы прафесію зубнога ўрача, пачала працаваць у раённай паліклініцы. Пазней перайшла ў воінскую часць, якая дыслацыравалася ў шостым гарадку, і адначасова працавала на паўстаўкі ў псіхбальніцы.

— У шостым гарадку я адпрацавала больш за 30 гадоў, — расказвала Марыя Нікішына. — І сёння памятаю, як урачыста мяне праводзілі на пенсію. У актавай зале воінскай часці сабралася чалавек 500. Гаварылі шмат цёплых слоў, дзякавалі за працу, уручалі падарункі. Маю цэлы стос грамат і падзяк, але каму яны спатрэбяцца, калі мяне не стане? Мяне ўжо мала хто і памятае, бо воінскія часці, у якіх працавала, даўно расфарміравалі, у Паставах няма тых, каго некалі лячыла, паўміралі суседзі, знаёмыя.

Мария Никишина отметила свой 100-летний юбилей

А яна трымаецца. Цяжка ска­заць, што дае сілы, бо выпрабаванняў хапіла. Нарадзілася ў вёсцы пад Новасібірскам. Яшчэ дашкольніцай засталася без бацькоў. Год правяла ў дзіцячым доме, адкуль яе забрала на выхаванне адзінокая маладая жанчына — вучоны аграном. Але і тая памерла, калі дзяўчына толькі паступіла ў Маскоўскі медыцынскі інстытут, які тады, у гады Вялікай Айчыннай вайны, быў эвакуіраваны ў Куйбышаў. А калі савецкія вой­скі разграмілі фашыстаў пад Масквой, інстытут вярнуўся ў сталіцу.

— Застаўшыся без прыёмнай маці і ўвогуле без родных, у мяне не было магчымасці паехаць у Маскву і прадоўжыць там вучобу, — успамінала жанчына. — Але мне дапамаглі перавесціся з медінстытута на другі курс Куйбышаўскай зубапратэзнай школы. Вучылася выдатна.

Слухаючы Марыю Андрэеўну, я не пераставала здзіўляцца, як шмат яна памятае людзей, якія сустракаліся на яе шляху, фактаў, падзей, пра якія падрабязна расказвала. А яшчэ трымае руку на пульсе сённяшняга дня. Ведае пра ўсё значнае, што адбываецца ў краіне і свеце, дае сваю ацэнку. Вельмі ўдзячная Прэзідэнту Беларусі за паважлівыя адносіны да пажылых і клопат пра іх. Газеты ўжо не можа чытаць: здаў зрок. Затое тэлевізар — пастаянны інфарматар. Яна нават сваё здароўе падтрымлівае, кіруючыся тэлевізійнымі парадамі доктара Мяснікова. А вось у паліклініку не звяртаецца і не выклікае ўрача дадому нават тады, калі ціск падымаецца да 200, толькі прымае таблеткі.

Нягледзячы на тое, што тры разы на тыдзень яе абслугоўвае сацыяльны работнік, доўгажыхарка яшчэ ходзіць у магазін, аптэку, гарадскую лазню, цырульню, ездзіць на магілу сына ў Дукі. Не кажучы пра тое, што сама сабе гатуе. Яна вялікая акуратыстка і стараецца, каб у доме заўсёды было чыста, а то і надумае пераставіць месцамі ў пакоях мэблю. Безумоўна, у многім ёй дапамагаюць сацыяльны работнік і ўнук Ігар, які жыве са сваёй сям’ёй у другой палове бабулінага дома.

— А ці багаты ўраджай сабралі? — пытаюся ў Андрэеўны, ведаючы, што раней яна ахвотна займалася вырошчваннем агародніны.

— Сёлета абмежавалася дзвюма градкамі, — адказала яна. — Кружыцца галава. Бывае, упаду ў агародзе, перапэцкаюся ў зямлю. Але ўстаю, мыюся і працягваю рухацца. Разумею, што рух — гэта жыццё. А каб не адолела дэменцыя, па начах, калі не спіцца, паўтараю ў думках вершы, успамінаю песні, якія некалі вельмі любіла.

Шмат расказала пра юбілярку яе ўнучка Віка:

— Бабуля заўсёды клапацілася пра нас, унукаў. Кожныя выхадныя і ўсе канікулы мы праводзілі ў яе. Гатавала смачныя стравы, расказвала цікавыя гісторыі, многаму вучыла нас. Калі выраслі і сталі ствараць свае сем’і, дапамагала матэрыяльна. Яна і зараз дапамагае нам і аб’ядноўвае вакол сябе. Бабулінага клопату і любові хапае на ўсіх. А колькі чужых людзей звярталася да яе па параду і дапамогу! Да кожнага адносілася з душэўнай цеплынёй. Бабуля адкрытая, справядлівая, гасцінная, у яе моцны характар.

Марыя Андрэеўна выхавала сына і дачку, мае чатырох унукаў і семярых праўнукаў. Ні да кога пераяз­джаць не збіраецца.

— Трымаюся сваіх сцен, — гаварыла. — Навошта замінаць маладым? У іх сваё жыццё…

Хіба не жыццёвая мудрасць у такім рашэнні?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.