Качан Павел Генрыхавіч – галоўны ўрач Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы
Павел Качан нарадзіўся ў 1987 годзе ў г.п. Шаркаўшчына. У 2011 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Інтэрнатуру праходзіў па спецыяльнасці «Хірургія» ў Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Пасля атрымання дыплома 11 гадоў працаваў урачом-хірургам Шаркаўшчынскай ЦРБ, у тым ліку 3 гады загадваў хірургічным аддзяленнем гэтай бальніцы. З 2023 года па апошні час працоўная дзейнасць была звязана з абласным дзіцячым рэабілітацыйным аздараўленчым цэнтрам «Ветразь», дзе з’яўляўся намеснікам галоўнага ўрача па лячэбнай рабоце.
28 кастрычніка 2025 года распараджэннем старшыні Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам П. Г. Качан назначаны на пасаду галоўнага ўрача УАЗ «Пастаўская ЦРБ».
— У першыя дні на новай пасадзе я пазнаёміўся з калектывам цэнтральнай райбальніцы і яе базай: абышоў паліклініку, стацыянар, дапаможныя службы. Штодзень бываю ў новым лячэбным корпусе, дзе завяршаюцца апошнія работы, — расказваў Павел Генрыхавіч. — На днях пачну аб’язджаць ФАПы і ўрачэбныя амбулаторыі на сяле. Хачу пазнаёміцца з персаналам і гэтых медустаноў, ацаніць іх бягучы стан, даведацца пра праблемы, якія існуюць, і распрацаваць шляхі іх вырашэння.
Увогуле, планаў шмат. Найбліжэйшыя — адкрыць новы корпус і наладзіць у ім работу, каб якасна, у добрых умовах аказваць пацыентам медыцынскую дапамогу. Следам будзе здадзены ў эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту харчаблок. У далейшым прадоўжым праводзіць бягучыя рамонты будынкаў паліклінікі і дэзынфекцыйнага аддзялення, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу і даўкамплектоўваць кадрамі нашы структурныя падраздзяленні.

