Роман Гинько занял 2-е место в конкурсе «Беларусь глазами ребенка»

Общество

На мінулым тыдні ў Мінску ўзнагародзілі ўдзельнікаў рэспубліканскага конкурсу «Беларусь вачыма дзіцяці», арганізаванага РГА «Патрыёты Беларусі». Адным з яго пераможцаў стаў наш зямляк — чацвёртакласнік СШ 4 г. Паставы імя В. Ф. Франтова Раман Гінько, які заняў 2-е месца.

— Пра конкурс мы даведаліся з групы «Патрыётаў Беларусі» ў Telegram, — расказвала мама хлопчыка, намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Аксана Гінько, якая таксама з’яўляецца намеснікам старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання. — І хоць часу на падрыхтоўку заставалася зусім мала, вырашылі ўдзельнічаць — зняць відэаролік пра знакавыя мясціны нашай малой радзімы, як гэта патрабавалася ўмовамі конкурсу.

За работу разам з Раманам узялася каманда адзінаццацікласнікаў у складзе Багдана Данілевіча, Глеба Палхоўскага і Анастасіі Рабовіч, якія ўвахо­дзяць у школьны клуб «Патрыёт». Усяго за дзень яны выбралі аб’екты для здымкаў: стэлу на ўездзе ў Паставы, царкву і касцёл у цэнтры горада, палац Тызенгаўзаў, скейт-ролер парк на ФАКу і брацкую магілу па вуліцы Чырвонаармейскай, знялі на мабільны тэлефон і зманціравалі троххвіліннае відэа з расказам пра іх. Папярэдне напісалі тэкст, які чытаў у кадры Раман, а таксама падабралі адпаведнае музычнае суправаджэнне.

Роман Гинько занял 2-е место в конкурсе "Беларусь глазами ребенка"

Ролік атрымаўся цікавым, дынамічным, прасякнутым любоўю да роднага горада і даволі прафесійна зробленым. На наступны дзень яго адправілі арганізатарам конкурсу. Як і іншыя відэаработы — а ўсяго іх паступіла больш за 45 з розных куткоў краіны, — ён быў апублікаваны ў сацыяльных сетках РГА «Патрыёты Беларусі», дзе запусцілі адкрытае анлайн-галасаванне.

— Пераможцаў выбіралі гледачы, — працягвала Аксана Іванаўна. — І доўгі час наша відэа ўтрымлівалася на першым месцы па колькасці аддадзеных за яго галасоў. Толькі пад канец галасавання, якое ішло 5 дзён, мы саступілі лідарства талачынцам. Трэцяе месца заняў ролік з Мінска.

Вынікі конкурсу падводзілі на кандытарскай фабрыцы «Камунарка», з якой цесна супрацоўнічаюць «Патрыёты Беларусі». Туды запрасілі ўсіх удзельнікаў творчага спаборніцтва разам з іх роднымі. Раман адправіўся ў сталіцу ў суправаджэнні мамы, бацькі і малодшага брата.

Спачатку для дзяцей і дарослых правялі экскурсію па прадпрыемстве. Госці пабывалі ў музеі «Камунаркі», даведаліся, як з какава-бабоў атрымліваецца шакалад, паназіралі за працэсам яго вытворчасці і пачаставаліся цукеркамі з канвеера. Затым адбылася цырымонія ўзнагароджання. Абсалютна ўсе канкурсанты атрымалі салодкія падарункі ад гаспадароў, майкі і кепкі з сімволікай РГА «Патрыёты Беларусі». А пераможцам, акрамя таго, уручылі дыпломы, памятныя знакі конкурсу і мяккія цацкі. Каробкі цукерак атрымалі таксама родныя пераможцаў.

— Мне вельмі спадабаліся падарункі і экскурсія па «Камунарцы», — дзяліўся сваімі ўражаннямі Раман Гінько. — Нам расказалі пра гісторыю фабрыкі, паказалі, як і з чаго робяцца шакалад і цукеркі, дазволілі іх пакаштаваць. Было цікава і смачна. Абавязкова буду ўдзельнічаць у іншых конкурсах «Патрыётаў Беларусі».

Трэба сказаць, што хлопчык вельмі актыўны па сваёй натуры. Ён не толькі выдатна вучыцца, але і прымае ўдзел ва ўсіх школьных мерапрыемствах і конкурсах, якія яму прапануюцца. Таму, упэўненая, яшчэ не раз заявіць пра сябе.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.