Счастливая во всем — это о поставчанке Юлии Липницкой, у которой заботливый муж, прекрасные дети, любимая работа

Общество

Шчаслівая ва ўсім — гэта пра пастаўчанку Юлію Ліпніцкую, у якой клапатлівы муж, цудоўныя дзеці, любімая работа.

Юлія — лесавод. Прафесію атрымала ў Полацкім лясным тэхнікуме. Яе першым рабочым месцам стала Полаўскае лясніцтва. Там пазнаёмілася з будучым мужам. Сяргей таксама выпускнік гэтага каледжа. Сямейнае жыццё маладыя пачыналі ў Полаве. Хутка нарадзіўся іх першы сынок — Уладзік. Калі Юлі прыйшоў час выходзіць на працу пасля водпуску па доглядзе дзіцяці, сям’я пераехала ў Паставы. Тут праз два з паловай гады яе папоўніў Рома. А праз восем пасля яго нарадзіліся двайняты Ксенія і Ліза. Летам дзяўчынкам споўніцца пяць гадоў.

— Ніколі не думала, што ў нас будзе вялікая сям’я, — працягвала Юлія Ліпніцкая. — Але Бог даў такі скарб, і мы гэтаму вельмі рады! Бачылі б вы, як любяць сястрычак Уладзік і Ромка. Для нас з мужам кожнае дзіця жаданае, а сям’я — адно цэлае, нягледзячы на розныя характары і звычкі.

Клопатаў у мнагадзетнай сям’і хапае. Большасць з іх звычайна кладзецца на плечы жанчыны. Юлі ва ўсім дапамагае муж. Сяргей можа і абед прыгатаваць, і з дзецьмі пазаймацца, сваімі рукамі абуладкоўвае дом. Сыноў і дачушак бацькі прывучаюць да працы, дысцыпліны, парадку, адказнасці за даручаную справу і свае ўчынкі. Кожны з іх мае свае абавязкі.

Счастливая во всем — это о поставчанке Юлии Липницкой, у которой заботливый муж, прекрасные дети, любимая работа

Пасля нараджэння дачушак адчувальнай для Ліпніцкіх стала падтрымка дзяржавы: яны карыстаюцца ўсімі льготамі мнагадзетнай сям’і, пакуль дзяўчынкам не споўнілася тры гады, з сацыяльнай службы прыходзіла няня. Цяпер пры неабходнасці дапамагае мама Юлі. Не забываюць пра мнагадзетную сям’ю і ў Пастаўскім лясгасе.

Старэйшы сын Ліпніцкіх вучыцца ў 9 класе, любіць музыку, скончыў Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе акардэона, самастойна асвоіў ігру на гітары, з’яўляецца міністрантам у касцёле Езуса Міласэрнага ў 5-м гарадку. Рома — вучань 5 класа. Ён захапляецца рысаваннем. Дзяўчынкі наведваюць дзіцячы садок. У іх таксама ёсць любімыя заняткі. Бацькі ва ўсім падтрымліваюць дзяцей.

Сяргей працуе інжынерам па ахове лесу Пастаўскага лясгаса, Юля — у гадавальніку Пастаўскага лясніцтва. Яна вельмі любіць сваю работу і можа доўга расказваць пра тое, як няпроста з маленькага насення вырасціць дрэва. Такая ж складаная, надзвычай адказная і карпатлівая праца — выхаванне дзяцей. Іх не абмінаюць хваробы, нейкія іншыя праблемы, і з усім трэба справіцца. Любімы час для Ліпніцкіх — вечар, калі ўсе збіраюцца ў адным пакоі, каб раска­заць пра справы ў школе і дзіцячым садку, падзяліцца навінамі, думкамі, перажываннямі, параіцца, распланаваць заняткі на выхадныя дні. Летам вольным часам адпачываюць на возеры, ездзяць у грыбы.

Па словах Юліі, каб быць шчаслівымі, трэба чуць сэрцам іншага, разумець яго з першага погляду, саступаць, дараваць. Жанчына не стамляецца штодзённа клапаціцца пра дзяцей і мужа, песціць іх ласкавым дотыкам, радасным позіркам, цёплым словам.


«Некалі пачула выраз: «Найлепшае лякарства для чалавека — каханне і клопат. А калі не дапамагае, трэба павялічыць дозу».  Гэтым з мужам і кіруемся. Цэнім ўсё, што маем. А пяшчота і ласка, якія дорым сынам і дачушкам, вяртаецца да нас удвая».

Юлія Ліпніцкая


Заўтра, прымаючы віншаванні ад мужа і дзяцей, Юля будзе свяціцца радасцю і, абдымаючы родных, у чарговы раз скажа: «Якая я шчаслівая!»

Анна Анішкевіч
Фота з сямейнага архіва Ліпніцкіх



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.