Тамара Алиновская и Алла Семенас приняли участие в двухдневном республиканском форуме тружениц села

Сельское хозяйство

14—15 лістапада ў Мінску праходзіў рэспубліканскі форум работніц сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Удзельнічалі ў ім і прадстаўніцы Пастаўшчыны — загадчыца аптэкі раённай ветэрынарнай станцыі Ала Семянас і раскладчыца сыравіны льнозавода Тамара Аліноўская.

— Тыя няпоўныя два дні прайшлі ў атмасферы цеплыні, жаночай згуртаванасці, — гаварыла Тамара. — Больш за 600 жанчын з розных куточкаў Беларусі змаглі памяняць рабочы рытм на святочную атмасферу. Праграма мерапрыемства была вельмі насычанай. Цікавай атрымалася экскурсія па Мінску. Пасля яе мы засяліліся ў гасцініцу «Вікторыя». Шыкоўныя нумары, смачны абед у рэстаране.

— Першы дзень быў багаты на падзеі, — дзялілася Ала Семянас. — Запала ў душу экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны. Хадзіла, глядзела экспазіцыі і думала: колькі жанчын служыла на фронце, змагалася ў партызанскіх атрадах! Яны былі санітаркамі, поварамі, разведчыцамі і нават лётчыцамі. Кожны дзень пад дулам смерці. Падчас экскурсіі ўспомніла расказы майго бацькі — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Яўстафія Міхасёнка, які ваяваў у партызанскім атрадзе імя Ракасоўскага. За мірнае неба над Беларуссю мы абавязаны нашым дзядам, бацькам, якія цаной свайго жыцця заваявалі перамогу, а за незалежнасць Беларусі — Прэзідэнту краіны Аляксандру Лукашэнку.

Тамара Алиновская и Алла Семенас приняли участие в двухдневном республиканском форуме тружениц села

Затым працаўніцы сяла наведалі Нацыянальны ака­дэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Па словах жанчын, ён уразіў іх сваімі размерамі, прыгожымі холамі, люстрамі, раскошнай лесвіцай на другі паверх.

— Я вельмі хвалявалася, — прызналася Ала Яўстаф’еўна. — Мне было даручана ад імя дэлегацыі Віцебскай вобласці падзякаваць арганізатарам форуму. Вялікая сцэна тэатра, мікрафон, поўная зала людзей, высокія госці… Думала, не спраўлюся з эмоцыямі. Але сабралася з думкамі і расказала, што нарадзілася і вырасла ў невялікай, але вельмі прыгожай вёсцы Шыркі на Пастаўшчыне. Бацькі прывілі любоў да зямлі і працы, таму і выбрала сельскагаспадарчую прафесію. Скончыла Лужаснянскі сельгастэхнікум, атрымала дыплом ветфельчара, і ўжо 30 гадоў маё жыццё звязана з жывёлагадоўляй. Нягледзячы на тое, што загадваю аптэкай, пастаянна выязджаю ў гаспадаркі раёна, аказваю дапамогу ветурачам. Я шчаслівая мама двух сыноў і бабуля двух унукаў.

Па словах пастаўчанак, ім вельмі прыемна, што праца вяскоўцаў высока цэніцца кіраўніцтвам краіны. Пра гэта сведчаць шматлікія ганаровыя госці, якія прыйшлі ў Вялікі тэатр, каб падзякаваць прысутным тут жанчынам, а праз іх — усім работніцам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці за руплі­васць, адказнасць, аддананасць абранай справе. Сярод тых, хто адрасаваў ім віншаванні і падзяку, — міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Юрый Горлаў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы, прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант, старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, з рук якой Ала Семянас атрымала шыкоўны букет.

— Ні Але, ні мне ні разу за сваё жыццё не даводзілася бываць на балеце, — працягвала Тамара Аліноўская. — Думалі, што будзе нецікава. А пачалося прадстаўленне — і нас так захапіла дынамічная пастаноўка, прыгожыя касцюмы артыстаў! А чаго вартыя танцы! «Бахчысарайскі фантан» — глыбока эмацыянальны спектакль. Ён пакарыў нашы сэрцы. Не прыкмецілі, як праляцелі дзве з паловай гадзіны. Прыемныя ўражанні засталіся ад вячэрняга Мінска. Дні такога маштабнага форуму назаўсёды застануцца ў памяці.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.