Комбайнер ОАО «Камайский-агро» Вадим Дубровский намолотил тысячу тонн зерновых

Сельское хозяйство

Калі рупішся, ёсць вынік

У нядзелю вечарам камбайнер ААТ «Камайскі-агра» Вадзім Дуброўскі, дамалочваючы апошні бункер збожжа, прыкінуў, што ўсяго павінна атрымацца тысяча тон. І ў панядзелак раніцай з тысячным намалотам яго першым павіншаваў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Уладзіслаў Шаршнёў. Пазней заахвоціць камайскіх тысячнікаў прыехаў Васілій Катовіч.

— Вадзім вельмі руплівы, — гаварыў Уладзіслаў Паўлавіч. — Нехта яшчэ аглядае камбайн, а ён — ужо ў полі. З самага пачатку жніва я прагназаваў, што ён у нас будзе першым тысячнікам. Так і сталася!

Радзіма Вадзіма — Сакуны, жонка родам з Муляраў. Пажаніўшыся, маладыя захацелі гарадскога жыцця і перабраліся ў райцэнтр. Знялі жыллё. Вадзім слясарыў на шынамантажы. Праз нейкі час пераехалі ў Навасёлкі, а ўрэшце вярнуліся ў Сакуны. На месцы дзедавай хаты гаспадарка пабудавала для маладой сям’і дом.

Уладзіслаў Шаршнёў віншуе Вадзіма Дуброўскага з тысячным намалотам

— Не ведаю, як растлумачыць цягу да родных мясцін, — казаў Вадзім. — Мне тут вельмі добра, таму, напэўна, і любая работа спорыцца.

У сям’і Дуброўскіх падрастаюць сын і дачка. Вадзім крыху засмучана гаварыў пра тое, што сына больш за камбайн цікавіць літаратура. Калі той паспяхова закончыў 9 класаў, бацька купіў яму матацыкл, маючы намер заахвоціць яго такім чынам да тэхнікі. Але хлопец аддае перавагу кніжкам: за канікулы прачытаў іх амаль 50.

Механізатар Андрэй Рабекін — аршанец. Закончыў Ільянскі аграрны каледж і 9 гадоў таму прыехаў у Вярэнькі на адпрацоўку. Зразумеў, што жывёлагадоўля не для яго. 4 гады таму ўладкаваўся на трактар у ААТ «Камайскі-агра» і цяпер задаволены.

Андрэй Рабекін і Павел Кеўліч

— Зараз адчаплю прычэп, прычаплю плугі і паеду на ворыва, — гаварыў пры сустрэчы. — Падчас корманарыхтоўкі перавозіў зялёную масу з поля да сянажнай траншэі. Тэхніку люблю, таму, напэўна, і перавёз 1 015 тон збожжа. І на гэтым у мяне на жніве — кропка. А вось у Пашы ёсць шанц стаць двухтысячнікам.

Павел Кеўліч у ліку тысячнікаў кожны год. Сёлета ў ААТ «Камайскі-агра» да завяршэння жніва яшчэ далекавата. Таму, магчыма, вадзіцель запіша на свой рахунак і 2 000 тон.

— Учора перавёз сотню, — расказваў Павел. — А з прычэпам было і па 200 за дзень! Ураджайнасць нядрэнная. Калі рупішся, вынік ёсць.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.