Аграрии Поставщины убирают озимый рапс. В Поставском районе он посеян на 2360 гектарах

Сельское хозяйство

Аграрыі ўбіраюць азімы рапс. У раёне ён пасеяны на 2 360 гектарах. З іх на 760 — у ААТ «Камайскі-агра», на 400 — у «Навасёлках-Лучаі». Найвышэйшая ўраджайнасць у ААТ «Хацілы-агра» — 42,8 цэнтнера з гектара.

Рапсавым полем уздоўж 11-кіламетроўкі, якое належыць ААТ «Сцяг Перамогі-агра», любавалася яшчэ з восені: усходы былі дружнымі, зіму сустрэлі моцнымі. А калі сышоў снег, культура хутка пайшла ў рост. Нярэдка бачыла на полі тэхніку, на якой механізатары падкормлівалі рапс, праводзілі хімапрацоўку пасеваў супраць шкоднікаў. А якім прыгожым было жоўтае мора ў маі, калі рапс зацвіў! Пасля з’явіліся калючыя тугія стручкі, саспелі, і надышоў час уборкі.

У сераду каля Агароднікаў працавалі два New Holland малочнага завода, за штурваламі якіх сядзелі Андрэй Сакалоў і Васілій Чабуранаў, і КЗС-1218 мясцовага механізатара Руслана Чарняўскага. Калі я была ў полі, камбайнер, намалаціўшы чарговы бункер зерня, пад’ехаў на выгрузку. Пасыпалася «чорнае золата» ў кузаў аўтамашыны Юрыя Квача.

 

— Толькі ў майго камбайна ёсць рапсавы стол — спецыяльная прыстаўка, якая падаўжае жняярку і тым самым зніжае верагоднасць страты зерня, — расказваў Руслан. — Асвоіць тэхналогію ўборкі з такім прыстасаваннем нескладана. Можна нават падняць ураджай з палеглых участкаў.

Малады камбайнер сёлета сярод першых выехаў і на ячменнае поле. Азімы ячмень разам з ім убіралі Сяргей Дварко і Віктар Атрахімовіч. Ураджай для сёлетняга года нядрэнны.

— Звычайна чорным золатам называюць нафту, — гаварыў Юрый Квач. — А для беларусаў гэта насенне рапсу. Яно карыстаецца попытам на рынку і цэніцца. З рапсу атрымліваюць карысны алей. Макуха, што застаецца пасля перапрацоўкі, — пажыўная дабаўка ў рацыён жывёлы. Азімы рапс ура­дзіў добра. А вось яравы падвёў: не хапіла яму вільгаці.

Рапс — культура высокатэхналагічная, але і рызыкоўная. Каб атрымаць высокі ўраджай, трэба нямала ўкласці. Нельга прамарудзіць з уборкай, бо саспелыя стручкі лёгка растрэскваюцца, і насенне з іх высыпаецца.

Па-гаспадарску рассунуўшы зерне па прычэпе, Юрый Квач пакінуў поле і накіраваўся на сушылку, а Руслан Чарняўскі — па чарговыя тоны.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.