Кормозаготовка стартовала! Все хозяйства района приступили к сенокошению

Сельское хозяйство

Корманарыхтоўка стартавала!

З першых чэрвеньскіх дзён усе гаспадаркі раёна прыступілі да сенакашэння.

Згодна з планам, травы першым укосам трэба убраць на 13 500 гектарах. Найбольшыя аб’ёмы — у ААТ «Камайскі-агра» (2 400 га), «Навасёлкі-Лучай» (2 300), «Хацілы-агра» (1 900), «Кураполле­агра» (1 600).

У Навасёлках на касьбе занятыя Ігар Гіль, Андрэй Врублеўскі, Руслан Шымко, Аляксандр Федаронак і Аляксандр Арлоўскі. Уключыліся ў работу і механізатары, якія зграбаюць зялёную масу ў валкі, падбіраюць яе і адвозяць для закладкі ў сянажныя траншэі. Першая з іх закладваецца каля фермы ў Навасёлках.

Механізатары малочнага завода Віктар Чарняўскі і Генадзій Шушкевіч

У палімерную плёнку нарыхтоўваюць сянаж у Кураполлі, Камаях і Дунілавічах.

Вялікую дапамогу гаспадаркам, якія ўваходзяць у склад аграпрамысловага аб’яднання, аказва­юць работнікі малочнага завода. Валянцін Мамзелеў і Алік Смільгінь косяць травы на палях ААТ «Янавіца-агра», у Дунілавічах на трактары з граблямі працуе Ула­дзімір Гінько. У полі за Кашыцамі, якое належыць ААТ «Сцяг Перамогі-агра», з 9-метровай касілкай сустрэлі Генадзія Шушкевіча. 3-метровай касіў Віктар Чарняўскі.

— Не паспелі адсеяцца, як прыйшла пара нарыхтоўкі кармоў, — гаварылі механізатары. — Цяпер гэта задача нумар адзін! Мы змянілі плугі, культыватары, сеялкі на касілкі, граблі, прэсы і пра­цягваем працаваць у тым жа напружаным рытме. Разумеем, што ад нас залежаць паказчыкі работы аператараў машыннага даення, даглядчыкаў цялят. Таму і стараемся. Сёлетняя халодная вясна адмоўна адбілася на ўраджайнасці траў — яны слабаватыя. Але спадзяёмся, што цёплае надвор’е, якое зараз усталявалася, паспрыяе росту. Буйная рагатая жывёла на зімова-стойлавы перыяд будзе забяспечана кармамі.

З намі яшчэ працуе Аляксандр Ханяўка. Праўда, яму не пашанцавала: «злавіў» камень і вымушаны рамантаваць касілку.

На будучую зімоўку для грамадскага статка раёна трэба нарыхтаваць 132 700 тон сенажу, 133 600 – сіласу, 8 200 – сена.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.