Павел Кевлич из ОАО «Камайский-агро» — четвертый тысячник среди водителей района

Сельское хозяйство

Павел Кеўліч з ААТ «Камайскі-агра» – чацвёрты тысячнік сярод вадзіцеляў раёна.

Лідарства на жніве для Паўла даўно стала звыклай справай. У яго працоўнай біяграфіі былі розныя сезоны, у тым ліку і рэкордныя, калі на рахунку значылася дзве і больш тысяч тон перавезенага збожжа. Каб у ліку першых перавезці такую колькасць тон, недастаткова проста моцна націскаць на педаль газу. Тут трэба правільна разлічыць кожную хвіліну, улічваць стан дарог паміж палямі, зага­дзя на­дзейна адрамантаваць машыну і сачыць за тым, каб яна не падвяла ў самы адказны момант уборачнай кампаніі. Павел Кеўліч у гэтай справе — сапраўдны прафесіянал. МАЗ, які служыць яму ўжо 17 гадоў, заўсёды дагледжаны, а сам вадзіцель сабраны і максімальна сканцэнтраваны на працы.

Павел Кевлич из ОАО "Камайский-агро" — четвертый тысячник среди водителей района

А яна нялёгкая. Таму ўшанаванне за старанне для чалавека мае асаблівую маральную каштоўнасць. Віншаванні перадавы вадзіцель прымаў ад дырэктара гаспадаркі Віталія Цыронка і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Іны Пяткевіч. Яны адзначылі, што такія адказныя работнікі, як Павел, — сапраўдны залаты фонд камайскай зямлі, яе гонар і надзейная апора.

Падзякавала Паўлу за працу і важкі ўклад у агульны каравай і намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева. Яна пажадала вадзіцелю моцнага здароўя, лёгкіх дарог і новых працоўных дасягненняў. Заслужаную грашовую прэмію і дыплом уручыў старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч.

Сам Павел Кеўліч да сваёй славы ставіцца сціпла. Для яго галоўнае — своечасова даставіць хлеб новага ўра­джаю ў засекі. Кароткі перапынак на віншаванні — і вадзіцель паспяшаўся за руль сваёй машыны. Наперадзе чакаюць новыя рэйсы і новыя тоны залатога збожжа.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.