У ААТ «Ярэва-агра» механізатараў можна пералічыць на пальцах. Сярод іх — Вячаслаў Вілейта.
Яго можна ўбачыць на любых сельскагаспадарчых работах. З вясны рыхтуе глебу пад сяўбу, затым замест культыватара падчапляе да трактара сеялку і рупіцца на сяўбе. Наступае час догляду пасеваў, іх падкормкі — выводзіць у поле «Расу». Сёлета адзін падкарміў і «прахімічыў» амаль паўтары тысячы гектараў зерневых і зернебабовых. З пачаткам корманарыхтоўкі перасядае на КЗР і адзін забяспечвае поўны запас кармоў на зімоўку.
На гэты раз з Вячаславам сустрэлася на тэрыторыі майстэрні ў Ярэве. Механізатар аглядаў свой МТЗ-1221 і збіраўся ехаць на ўздым зябліва.
— Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся — гэта пра мяне, — гаварыў Вячаслаў Вілейта. — Ярэва — мая радзіма. Многія хлопцы, адправіўшыся на тэрміновую службу, назад не вярнуліся, абуладкаваліся ў горадзе. Я служыў у ракетных войсках пад Лепелем. Была прапанова застацца. Але мяне цягнула да бацькоў. Пра сваё рашэнне не шкадую. Маю магчымасць часта наведваць маму, якая аўдавела, дапамагаць ёй.
Жонка Вячаслава Жанна — пастаўчанка. Але сям’я не перабралася ў райцэнтр, а засталася ў Ярэве. Вілейты атрымалі ад гаспадаркі дом, выхавалі дачку і сына. Цяпер цешацца з унучка. Жанна працуе сацыяльным работнікам, а Вячаслаў круглы год задзейнічаны то ў полі, то на фермах. Пакуль у сельскай мясцовасці жывуць такія працавітыя людзі, будзе жыць і вёска.
Анна Анішкевіч

