У адзін з дзён напярэдадні каталіцкіх Каляд вячэрнюю дойку на малочнатаварнай ферме ў Пагарцах ААТ «Навасёлкі-Лучай» прыпынілі. Але не з-за тэхнічных прычын.
У калектыў завіталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Славамір Шапель і галоўны заатэхнік Вольга Рогач. Яны прыехалі не кантраляваць работу жывёлаводаў, а павіншаваць іх са святам і ўручыць салодкія падарункі. Дойка ішла ў радзільным аддзяленні фермы. Аператары машыннага даення, слесары, жывёлаводы часова адлучыліся з рабочых месцаў, каб прыняць цёплыя віншаванні і падзяку за працу.
— Адыходзячы год падарыў вам новую ферму, — гаварыў Эдуард Януковіч. — Вы тут ужо абжыліся. Жадаю, каб павышаліся надоі і прывагі, расла зарплата. Усім моцнага здароўя, ладу ў сем’ях!
На ферме ўтрымліваецца 600 кароў. Сярэднясутачны надой ад каровы ў гэтыя дні складае 23,5 літра. На малочны завод кожны дзень паступае больш за 14 тон малака. Завяршаецца абуладкаванне яшчэ аднаго памяшкання для дойнага статка. А гэта значыць, што неўзабаве тут будуць атрымліваць яшчэ больш малочнай прадукцыі.
— Вельмі ўдзячныя за падарункі, за тое, што нашы госці знайшлі час, каб прыехаць да нас, за віншаванні і пажаданні! — гаварылі аператары машыннага даення. — Ад такой увагі і працаваць хочацца больш старанна.
Анна Анішкевіч


