Падчас нарады аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў тэрмінова навесці «жалезны» парадак на аб’ектах аграпрамысловага комплексу. На гэтым тыдні на дапамогу сельгаспрадпрыемствам раёна выехалі прадстаўнікі працоўных калектываў горада, навучэнцы дзяржаўнага каледжа.
У майстэрні…
ААТ «Ярэва-агра» — адна з найменшых гаспадарак раёна. Яе сельгасугоддзі займаюць 3 265 гектараў. Для іх апрацоўкі ёсць 15 трактароў, 4 зернеўборачныя і 2 корманарыхтоўчыя камбайны. У гаспадарцы працуюць 59 чалавек, у тым ліку 11 механізатараў. Нагрузка на іх і тэхніку немалая. Таму ў напружаны час палявых работ на дапамогу прыходзяць прадстаўнікі працоўных калектываў горада. Ужо каторы год на корманарыхтоўцы і жніве ў ААТ «Ярэва-агра» працуе механізатар лясгаса Сяргей Дунец. На зерняскладзе падчас уборачнай кампаніі добрымі памочнікамі з’яўляюцца навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа з ліку мясцовых.
Асноўныя сельскагаспадарчыя работы на палях раёна ўжо завяршаюцца. Прыйшоў час ставіць тэхніку на зімовае захоўванне, наводзіць парадак на мехдварах. На дапамогу ярэўцам адправіліся навучэнцы дзяржкаледжа. У аўторак працоўны дэсант з ліку другакурснікаў разам з майстрам вытворчага навучання Юрыем Жоглам ажывіў майстэрні ААТ «Ярэва-агра». Галоўны інжынер гаспадаркі Сяргей Скурацёнак, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Павел Скрыдлеўскі і галоўны дзяржінспектар Дзмітрый Касцень размеркавалі абавязкі паміж навучэнцамі і самі ўключыліся ў работу. Адны зграбалі апалае лісце, другія прыбіралі смецце, трэція ачышчалі агрэгаты ад глебы, займаліся іншымі справамі.
Першымі, каго сустрэла ў майстэрнях, былі навучэнцы Уладзімір Дзіль і Мікіта Высоцкі. Яны разам з Сяргеем Скурацёнкам абмотвалі поліэтыленавай плёнкай цыліндры на культыватарах.
— Мікіта — наш, мясцовы хлопец, — расказваў Сяргей Скурацёнак. — Летам старанна працаваў на зерняскладзе, цяпер дапамагае ў пастаноўцы тэхнікі на захоўванне. Рабочыя рукі нашай гаспадарцы вельмі патрэбныя.
Павел Скрыдлеўскі, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама
— Як толькі заканчваецца ўборачная, першымі прыводзяць у парадак зернеўборачныя камбайны: механізатары ачышчаюць усе элементы ад пылу, гразі, падцёкаў масла. Потым беляць або фарбуюць колы, абмотваюць плёнкай паліўныя шлангі. Цяпер на чарзе — глебаапрацоўчыя агрэгаты. Трэба загадзя паклапаціцца пра тое, каб тэхніка надзейна перазімавала і вясной зноў была задзейнічана ў полі, не падвяла ў эксплуатацыі.
…і на фермах
На наступны дзень закіпела работа па навядзенні парадку на фермах. На мольдзевіцкай шчыравалі работнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Дзяніс Еванісаў, Пётр Дзевялтоўскі, Віктар Есьман на чале з дырэктарам Грыгорыем Шэцкам, на ярэўскай — цэнтра банкаўскіх паслуг №217 у г. Паставы Віталій Камянецкі, Віталій Зілгалаў, Дзяніс Шакола і начальнік цэнтра Дзмітрый Собаль. Шэфы прыехалі са сваімі бензапіламі, бензакосамі, сякерамі, лапатамі. Яны абкошвалі траву на прыфермскай тэрыторыі і каля сянажных траншэй, высякалі хмызняк, збіралі пабітую цэглу, старую поліэтыленавую плёнку, выкарыстаны шпагат. Белдзяржстрахаўцы рамантавалі агароджу.
— Работы каля ферм і на саміх фермах не на адзін дзень, — расказваў Грыгорый Шэцка. — Таму будзем працаваць і на наступным тыдні.
Каб добраўпарадкаваць тэрыторыю, паставіць тэхніку на захоўванне, забяспечыць нармальныя ўмовы для ўтрымання жывёлы, не патрэбны вялікія фінансавыя затраты. Варта прыкласці руку. Што і робяць гараджане. Важна, каб аграрыі гэта ацанілі і змаглі падтрымліваць наведзены парадак, а не захламляць тэрыторыю зноў. Для гэтага дастаткова гаспадарскага падыходу.
Анна Анішкевіч

