«Паслізнуўся, упаў… Апрытомнеў – гіпс» — гэта вядомая ўсім фраза галоўнага героя папулярнай савецкай кінакамедыі «Брыльянтавая рука» набывае асаблівую актуальнасць з наступленнем зімы. Штогод, калі тэмпература паветра на вуліцы апускаецца ніжэй за нуль градусаў, у лячэбных установах рэспублікі рэзка ўзрастае колькасць зваротаў насельніцтва з прычыны атрымання галалёдных траўм. Пра тое, як пазбегнуць траўміравання, карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з выконваючым абавязкі загадчыка хірургічнага аддзялення Пастаўскай ЦРБ Дзмітрыем Сірашам.
— Дзмітрый Ігаравіч, якія траўмы найчасцей атрымліваюць жыхары нашага раёна пры падзенні?
— Самыя распаўсюджаныя — удары і расцяжэнні каленных, галёнкаступнёвых і плечавых суставаў. Нямала і пераломаў верхніх і ніжніх канечнасцей. Як правіла, гэта пераломы прамянёвай косці ў тыповым месцы (рукі) і шчыкалаткі (ногі). Яны могуць быць са зрушэннем або без яго. Даволі часта сустракаюцца вывіхі і падвывіхі плечавой косці і ступні. Траўмы верхніх канечнасцей чалавек атрымлівае, калі, падаючы, інстынктыўна спрабуе абаперціся на рукі. Часам пры падзенні траўміруецца галава. Калі на ёй цёплая шапка, звычайна, усё заканчваецца страсеннем мазгоў. Калі ж галаўнога ўбору няма, да страсення дадаецца ўдараная рана.
— Што параіце рабіць, каб не ўпасці, калі на вуліцы слізка?
— Па-першае, неабходна падабраць правільны абутак. Ён павінен быць устойлівым, на нізкім шырокім абцасе або наогул без яго, падыходзіць па размеры і мець рыфленую падэшву, якая не слізгае.
Па-другое, не апранайце ў галалёд доўгія дублёнкі або шубы. Пры хадзьбе па нахільнай паверхні або па прыступках яны будуць блытацца ў нагах і могуць стаць прычынай падзення. Нязграбным робяць чалавека і аб’ёмныя курткі з вялікімі капюшонамі, якія закрываюць агляд. Вельмі вузкія спадніцы або штаны абмяжоўваюць рухомасць ног: змяншаюць даўжыню кроку і не дазваляюць манеўраваць для аднаўлення раўнавагі.
Па-трэцяе, не спяшайцеся і ўважліва глядзіце пад ногі. Пазбягайце тонкага слою неўтаптанага снегу: пад ім замест асфальту можа быць лёд, прычым гладкі, як на катку. Хадзіць лепш па краі тратуара — там не так слізка. Самы бяспечны стыль хадзьбы — дробнымі крокамі, як бы слізгаючы. Пры гэтым галаву рэкамендуецца ўцягнуць у плечы, локці прыціснуць да бакоў, а ногі крыху сагнуць.
— Часам нават зручнае адзенне і абутак, а таксама бяспечны стыль хадзьбы не выратоўваюць ад падзення…
— У такой сітуацыі важна правільна ўпасці. Лепш за ўсё падаць на бок і пастарацца згрупавацца. Ні ў якім выпадку нельга прызямляцца на выцягнутыя рукі. Распаўсюджанай памылкай з’яўляецца рэкамендацыя расслабіцца пры падзенні. Шанц зарабіць пералом у расслабленым стане ўзрастае, таму што сіла ўдару прыпадае на косці. Калі падаеце на спіну, прыцісніце падбародак да грудзей, а рукі раскіньце ў бакі. Калі з лесвіцы — пастарайцеся прыкрыць твар і галаву рукамі. Не спрабуйце затармазіць падзенне, растапырваючы рукі і ногі, — гэта толькі павялічыць колькасць пераломаў. Упаўшы, не спяшайцеся паднімацца. Прыўзніміце галаву, паварушыце нагамі і рукамі. Уставаць можна толькі ў тым выпадку, калі няма вострага болю.
— А ці часта звяртаюцца да вас з прычыны абмаражэнняў?
— Яны складаюць прыкладна 15-17% усіх зімніх траўм. Атрымаць абмаражэнне канечнасцей можна і пры тэмпературы +4 градусы, калі будзе павышаная вільготнасць паветра. Таму абутак павінен быць цёплым і прасторным, а на руках надзеты рукавіцы або пальчаткі.
Пры абмаражэннях ні ў якім выпадку не расцірайце пашкоджанае месца снегам. Каб прадухіліць амярцвенне тканак, яго саграванне павінна быць паступовым. Трапіўшы ў цёплае памяшканне, ухутайце абмарожаную канечнасць шалікам, каб прадухіліць рэзкае павышэнне тэмпературы. Калі абмаражэнне невялікае, можна злёгку расцерці гэта месца чыстай шарсцяной тканінай.
Абцяжарвальным фактарам траўматызму з’яўляецца алкагольнае ап’яненне. У зімні перыяд яно можа стаць непасрэднай прычынай не толькі пераахаладжэння, абмаражэння кісцей і ступняў, але і замярзання пры адносна невялікіх маразах.

