«У свой юбілейны год Зюзя кліча ў карагод» — пад такім слоганам сёлета на спартыўна-турыстычным комплексе «Азяркі» з 20 снежня распачынаюцца святочныя прадстаўленні, якія працягнуцца да 11 студзеня. Пра сур’ёзнае і казачнае — у інтэрв’ю з дырэктарам Цэнтра турысцкіх паслуг Ягорам Шушкевічам, які адрадзіў з міфалогіі каларытнага персанажа і зрабіў яго пазнавальным брэндам Пастаўшчыны.
— Ягор Часлававіч, растлумачце, калі ласка, што за юбілей. Няўжо Зюзеў?
— Безумоўна, не, бо ніхто не ведае, колькі яму гадоў. А вось калі пастаўчане і госці ўпершыню ўбачылі забаўляльную пераднавагоднюю праграму «На госці да Зюзі Паазерскага», вядома дакладна. Адбылося гэта ў снежні 2005-га ў Прудніках, на базе Старадворскага лясніцтва. Праз два гады Зюзя перасяліўся ў Азёркі і ўладарыў там да 2013-га.
— Потым вырашыў крыху павандраваць па Беларусі. Быў у розных яе кутках, у тым ліку ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім запаведніку, на слаўнай гродзенскай зямлі, неаднаразова прадстаўляў свой праект на турыстычных выставах у Мінску і Маскве. Усюды добра Зюзю прымалі, нават застацца прапаноўвалі. Але ўсё ж яго цягнула ў родныя мясціны, у казачна прыгожы лес у Азёрках, таму ў 2022-м урэшце вярнуўся на дарагую сэрцу пастаўскую зямлю.
— Нагадайце, што ўяўляе сабой персанаж, які стаў брэндам Пастаўшчыны.
— Гэта старажытны Бог зімы і холаду. У снежні з’яўляўся ў вобразе маладога моцнага мужчыны з доўгай белай барадой. А к лютаму ператвараўся ў сівога старога. Меў чароўную булаву, а часам і посах. Варта было ім стукнуць аб зямлю — і налятала завея, наступалі лютыя маразы. Лічылася: калі халоднай ноччу трашчаць дрэвы, гэта Зюзя стукае па іх сваёй магічнай зброяй. Людзі курчыліся ад сцюжы, уздыхалі: «Ой, Зюзя! Зюзя!» Адсюль і выраз «Змерзнуць, як Зюзя».
— Зюзя Паазерскі больш лагодны. Ён замерзнуць не дае…
— Гэта сапраўды так. Сагравае цікавае тэатралізаванае прадстаўленне. У ім, акрамя галоўнага героя, удзельнічаюць спадарыня Завея, гасцінная Марыля, мудры Бай, справядлівая Ваструха, легкадумная Бадзюля, пранырлівы Шатан. У мінулым сезоне «штат» Зюзі папоўніўся яшчэ хітрай Бабай Югой — сястрыцай Бабы Ягі. Дзеці і дарослыя з цікавасцю глядзяць прадстаўленне, ахвотна ўцягваюцца ў гульні, карагоды, частуюцца чаем і прысмакамі, у тым ліку пернікамі-зюзікамі.
— Хто вашы самыя актыўныя памочнікі?
— Над стварэннем сцэнарыяў ужо шмат гадоў творча працуе Наталія Карнілава. Яе аўтарскія казкі заснаваны на беларускай міфалогіі і фальклоры, у іх шмат мясцовага каларыту, гумару, народных прыказак і прымавак. Вялікую ролю ў стварэнні чароўнай атмасферы ў «Азярках» маюць Алеся Гіль, Валерый Слядзеўскі, Дзмітрый Андрэеў, Святлана Маслоўская, Наталля Захарэвіч, Арцём Спрагоўскі. Дзякуючы маім самаадданым памочнікам нараджаецца ў паазерскім лесе сапраўдны калядны цуд.
— Адкуль чакаеце гасцей у гэтым сезоне?
— З часу з’яўлення на Пастаўшчыне Зюзі Паазерскага ў яго сядзібе пабывалі тысячы дарослых і дзяцей не толькі з Беларусі і Расіі. За 20 гадоў існавання праекта наведваліся да нас госці з Літвы, Латвіі, Венесуэлы, Кітая, Італіі, ЗША і іншых краін. У гэтым сезоне чакаем турыстаў з Мінска, Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка. Прыедзе да нас і шмат расіян, якія адпачываюць у нарачанскіх санаторыях.
— Я зразумела, што вы працуеце ў асноўным з турыстычнымі групамі. А як трапіць на казачныя прадстаўленні любому з пастаўчан?
— Вельмі проста. Для гэтага трэба абавязкова патэлефанаваць на нумар +375 (29) 796-47-77, каб узгадніць дату і час прадстаўлення. Таксама ёсць інфармацыя ў сацыяльных сетках Пастаўскага раённага турінфацэнтра і на афіцыйнай старонцы Зюзі ў «Інстаграме» @ziuziapaazerski.
— Чаго пажадаеце ўсім сваім гасцям у новым 2026-м годзе?
— Самае галоўнае — здароўя! Будзе здароўе — будзе і настрой да працы і жыцця. Ну а калядныя і навагоднія святы няхай напоўняцца весялосцю і казачнасцю. Што і гарантуе Зюзя Паазерскі. Прыязджайце!
Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей







