15 навуковых прац юных даследчыкаў былі прадстаўлены сёлета ад Пастаўскага раёна на штогадовы конкурс работ даследчага характару навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці «Эўрыка», які праходзіў з 17 па 27 лістапада. 9 з іх выйшлі ў фінал, дзе аўтары шасці атрымалі дыпломы.
Так, дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны навучэнка СШ №1 Яна Савасцюк за работу «Разумны клас як кампанент здароўезберагальнага асяроддзя» і навучэнец СШ №4 імя В. Ф. Франтова Багдан Данілевіч, які змог даць другое жыццё электрарухавіку аўтаматычнай пральнай машыны. Астатнія вучні атрымалі дыпломы ІІІ ступені. Гэта Ганна Кузміч з Варапаеўскай СШ (яе работа называецца «Атрыманне ліафілізаванага пюрэ функцыянальнага прызначэння»), Антон Шкода з СШ №2 імя Н. М. Асяненкі («Сонечны калектар»), Лізавета Герасімовіч з Пастаўскай гімназіі («Вопыт рэканструкцыі дарожнай сеткі, якая існавала на Пастаўшчыне ў другой палове XVIII стагоддзя») і яшчэ адна прадстаўніца СШ №1 — Анастасія Салавей («Дзённік лічбавага адказу: праект коўчынгу»).
Віншуем прызёраў і іх навуковых кіраўнікоў!
Алена Шапавалава

