У мінулую суботу прыхільнікам творчасці пастаўскага музыканта і спевака Аляксандра Апанасевіча было не да сну: амаль да апоўначы яны сачылі па тэлевізары за паўфіналам папулярнага беларускага шоу «Зорны шлях», у якім выступаў наш зямляк і падчас якога вырашалася, хто з удзельнікаў пройдзе ў фінал.
Нагадаю: «Зорны шлях» — гэта сумесны праект тэлеканала «АНТ», Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і музычнай медыякампаніі. Рэалізуецца ён з 2022 года. У сёлетнім, чацвёртым па ліку сезоне асабліва вялікая колькасць удзельнікаў — 67. З соцень прэтэндэнтаў настаўнікі адбіралі па ўсёй краіне ў самы музычны і народны праект найбольш артыстычных і харызматычных выканаўцаў. Менавіта з іх ліку і Аляксандр Апанасевіч.
У трэніровачным лагеры з канкурсантамі займаліся педагогі па вакале, харэографы, рэжысёры-пастаноўшчыкі, касцюмеры і іншыя спецыялісты. Пасля падрыхтоўкі — саперніцтва на сцэне. У чвэрцьфінале наш зямляк выканаў у новай аранжыроўцы рок-хіт «Беспечный ангел» у суправаджэнні вакальнай арт-групы «Беларускія сыны». Аднак не ўсе члены журы паставілі найвышэйшы бал, паміж імі ўзнікла немалое рознагалоссе. Аляксандр не праходзіў у паўфінал. Але ж былі яшчэ і гледачы, якіх выканаўца паланіў сваім вакалам і харызмай, і якія аддалі свае галасы за яго.
І вось паўфінал. У ім канкурсанты павінны былі выконваць песні беларускіх аўтараў. Усе вакалісты моцныя, канкурэнцыя вялікая. І такое ж хваляванне як у канкурсантаў, так і ў іх настаўнікаў. Перадапошнім з 6 удзельнікаў на сцэну выходзіць Аляксандр Апанасевіч і пранізліва выконвае песню ўраджэнца Брэста Ігара Карнелюка «Город, которого нет»». Зала ўзрываецца апладысментамі. «Брава! Малайчына! Крута!» — выгукае яго настаўнік Тэа. Народная артыстка Ірына Дарафеева кажа: «У вас усё атрымалася. Выступілі па-даросламу, самадастаткова. Пагрузілі нас у фантастычную казку. Стыльны нумар». А вось Яўгеній Алейнік заявіў, што нават не чуў, як спяваў Аляксандр, бо любімая песня «Таинственный город» у марах перанесла яго ў завоблачныя далі. Канечне ж, схітрыў. Што не прамінуў падкрэсліць яшчэ адзін настаўнік і суддзя Валерый Шмат: «Калі б Аляксандр спеў дрэнна, Алейнік абавязкова заўважыў бы гэта. А чыстыя ноты, добры вакал, драйв мы ўспрымаем як належнае».
Нервовыя хвіліны чакання вынікаў галасавання. Нарэшце вядучыя аб’яўляюць, колькі зорачак, а значыць, галасоў аддалі канкурсантам члены журы і гледачы ў зале. У Аляксандра Апанасевіча адпаведна 24 і 80, і ён на другім радку рэйтынгу.
Наш зямляк — у фінале «Зорнага шляху»! Прамая трансляцыя фіналу па АНТ адбудзецца сёння, 27 снежня, у 21.25. Пераможца будзе вызначаны галасаваннем гледачоў. Таму будзем балець за Аляксандра і галасаваць за яго.
31 снежня ў 21.30 на тэлеканале «АНТ» мы зможам убачыць Аляксандра Апанасевіча разам з вядомымі беларускімі артыстамі ў навагоднім шоу «Народны зорны Новы год».
Фаіна Касаткіна




