«Наша руплівая пчолка» — так коратка і ёміста дырэктар Навасёлкаўскай СШ імя А.А. Валодзькі Алена Ластоўская прадставіла мне настаўніцу працоўнага навучання школы Таццяну Сароку.
Гледзячы на стройную, нібы бярозка, маладжавую Таццяну Іосіфаўну, немагчыма паверыць у тое, што яе педагагічны стаж — 38 гадоў. Увесь — у гэтай школе, куды прыйшла пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута.
— Я не мастак, а вось афармленнем займаюся ахвотна, — прызналася настаўніца. — І не толькі ў школе. Мне гэта вельмі падабаецца.
Ствараць прыгажосць, а найперш авалодаць азамі шыцця, вязання, карыстання швейнай машынкай і многаму іншаму, Таццяна Іосіфаўна вучыць дзяўчынак з 5 па 9 клас. Шкадуе, што праграмай на ўрокі працоўнага навучання адводзіцца мала часу. Навучыць большаму стараецца ў гуртку «Дэкаратыўна-прыкладная творчасць».
Навасёлкаўскія школьнікі кожны год актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх творчых конкурсах, якія праводзяць раённы аддзел па адукацыі і РЦДМ. Нязменна займаюць прызавыя месцы. Вось і сёлета іх работы адзначаны дыпломамі ў конкурсах: «Упрыгожым Беларусь кветкамі» (I ступені), «Ствараем дабро», «Архнавацыя», «Тэхналогія» (II cтупені), «Сады міру і дабрыні» (I, II і III ступеняў).
У гэтыя дні настаўніца разам з навучэнцамі стварае кампазіцыю з прыродных матэрыялаў для конкурсу «Лёд. Кветкі. Фантазія». Фантазіі ў педагога хапае. Штосьці яна чэрпае з інтэрнэту, але і ў самой нараджаецца нямала ідэй. Летам нарыхтоўвае прыродны матэрыял: кветкі, лісточкі, галінкі, насенне злакавых і інш. На ўласных градках сее не толькі агародніну, але і сухацветы, авёс, якія потым выкарыстоўвае для стварэння кампазіцый як у школе, так і дома. У вольны час любіць афармляць карзіначкі, а потым дорыць іх родным і блізкім.
— За што Таццяна Іосіфаўна ні возьмецца, усё атрымліваецца выдатна, — расказвала дырэктар школы. — Колькі ў яе творчасці, працавітасці, адказнасці, пазітыву! Як шмат яна паспявае! Наробіць з дзецьмі ўпрыгажэнняў, аформіць памяшканне, дагледзіць кветкі, летам нават у мясцовым парку іх палівае. Умее шыць, вышываць. Гэтай восенню разам з навучэнцамі Сашай Бурэц, Аняй і Кірылам Крукамі, Насцяй і Дзімам Врублеўскімі прыгожа, на школьную тэму, размалявалі аўтобусны павільён на прыпынку ля вёскі Коўзаны. Гэта чалавек, які ні хвілінкі не сядзіць без справы і ўмее захапіць дзяцей.
Пра тое, у якім асяродку сфарміравалася такая творчая натура, здагадвацца не прыйшлося. Таццяна — дачка вядомай не толькі на Пастаўшчыне, але і далёка за яе межамі вышывальшчыцы, народнага майстра Ліліі Зарэцкай.
Праз нейкі час пасля гутаркі з настаўніцай мне зноў давялося пабываць у навасёлкаўскай школе на творчай сустрэчы са знакамітымі людзьмі краіны. Пачалася яна з наведвання музея вышывак Ліліі Радзівонаўны. Экскурсавод Таццяна Сарока прачулена расказвала пра вялікую захопленасць і надзвычайную працавітасць сваёй маці. Госці захапляліся яркай, жыццесцвярджальнай вышытай прыгажосцю.
Пра сябе ж яна казала мне сціпла:
— Проста вельмі люблю школу, дзяцей, тую справу, якой займаюся. Таму і не пакідаю работу, хаця па ўзросце магла б, як кажуць, знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але сын і дачка ўжо дарослыя, маюць свае сем’і, жывуць далёка. Мы засталіся ў кватэры ўдваіх з мужам. Можна і засумаваць. А тут жыццё віруе!
І яна разам з навучэнцамі працягвае ўпрыгожваць яго.
Фаіна Касаткіна










