У чацвёртым туры першынства нашы валейбалісты ў мінулыя выхадныя згулялі на выездзе ў Магілёве

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па валейболе

Дняпроўскі рубеж «Атланта»

У чацвёртым туры першынства нашы валейбалісты ў мінулыя выхадныя згулялі на выездзе ў Магілёве. Іншыя сем каманд 1-й лігі змагаліся ў Гомелі і Мінску. Пастаўчане з пераменным поспехам правялі матчы ў горадзе над Дняпром і замацаваліся на 2-м месцы ў турнірнай табліцы.

 «Камунальнік-2» (Магілёў) — «Атлант» (Паставы) — 3:1

1-ы дзень. 3:1 (25:16; 26:24; 12:25; 25:23)

У першай сустрэчы «Атлант» пасля далёкай дарогі спачатку выглядаў крыху стомленым і няўпэўненым у сваіх сілах. Сапернік скарыстаўся гэтым, падаў некалькі эйсаў і на куражы з адчувальнай перавагай выйграў стартавую партыю. У другім сэце пастаўчане таксама амаль да канца былі ў ролі даганяючых, бо камунальнікі надзейна дзейнічалі ў абароне над сеткай. Але паступова большы вопыт дазволіў «Атланту» скараціць адчувальны адрыў у ліку (17:21).

Ролю снайпераў у нашай каман­дзе ўзялі на сябе даігроўшчыкі Аляксей Трацэўскі і Аляксандр Пятрэвіч. Некалькі важных ачкоў падачамі навылет прынеслі распасоўшчык Уладзімір Юзвовіч і блакіроўшчык Руслан Вяткін. Пачалі пастаўчане нарэшце і блакіраваць над сеткай атакі магіляўчан (гэтым прыёмам набралі 11 ачкоў). У напружанай барацьбе сапернік займеў сэт-бол (25:24), адбіў наш удар і правёў рашаючую камбінацыю. Аднак у спартыўнай зале ўжо адбыўся гульнявы пералом, бо трэцяя партыя прайшла з вялізнай перавагай пастаўчан.

На жаль, развіць поспех у нас не атрымалася. У чацвёртым сэце барацьба ішла за кожны мяч, ачко ў ачко. Каманды па чарзе даганялі адна адну і выходзілі наперад з адрывам у адзін-два мячы. Перад фінальным свістком «Атлант» дагнаў «Камунальнік-2» (23:23), але не змог выйсці наперад. У рашаючы момант крыху недакладным атрымаўся рэзаны ўдар Уладзіміра Юзвовіча, і нашы саступілі.

У другой сустрэчы дня салігарчане зламілі (3:0) адчайнае супраціўленне рэзервістаў віцебскага «Марка-ВДТУ». У беларускай сталіцы выхаванцы СДЮШАР «ВК «Мінск» прайгралі з лікам 1:3 брэстчанам, а дзеючы чэмпіён — «Барысаў-БДУФК-2» — быў мацнейшым (3:0) у матчы з гродзен­скім «Легіёнам-2». У Гомелі мясцовы «Газавік» перайграў (3:0) сталічны «РДВАР-2009».

У чацвёртым туры першынства нашы валейбалісты ў мінулыя выхадныя згулялі на выездзе ў Магілёве

ДЮСШ «Шахцёр» (Салігорск) — «Атлант» (Паставы) — 0:3

2-і дзень. (18:25; 20:25; 20:25)

Мінулай вясной у фінальнай сустрэчы за бронзавыя медалі наша каманда саступіла салігарчанам з лікам 0:3. На тур у Магілёў сапернік узмацніўся адразу трыма валейбалістамі са свайго клуба вышэйшай лігі — дзеючага чэмпіёна Беларусі. На шчасце, пастаўчане падышлі да гульні максімальна гатовымі і правялі адзін з найлепшых матчаў сезона. Праўда, у сярэдзіне першай партыі рэзервісты флагмана айчыннага валейбола займелі камфортны адрыў (14:10). Але галоўны трэнер «Атланта» Павел Вавінскі ўзяў тайм-аўт, супакоіў хлопцаў і падказаў, як перабудаваць гульню.

Сітуацыя на пляцоўцы змянілася на нашу карысць. Бліскуча пачаў весці гульню каманды распасоўшчык Руслан Сімагасціцкі, які двойчы падаў эйсы. Яго намаганні падтрымалі таварышы, а моцныя ўдары Аляксандра Пятрэвіча было не спыніць. Таксама ў нашых пачасціліся атакі першым тэмпам у выкананні Міхаіла Маляёнка і Руслана Вяткіна. «Атлант» упэўнена выйшаў наперад. Бронзавы прызёр не пагадзіўся з гэтым і ў сярэдзіне наступнага сэта нават займеў перавагу (13:12). У няпростай сітуацыі Аляксей Трацэўскі падманным ударам перайграў трайны блок салігарчан. На сваім флангу трапна стаў атакаваць дыяганальны Ягор Дашкевіч.

Заключная партыя атрымалася яшчэ больш напружанай. Салігарчане ўпарта не хацелі саступаць і вялі ў ёй з адрывам у два мячы да ліку 19:17. Да гонару пастаўчан, яны справіліся з нервамі. У канцоўцы бліскуча згуляў Аляксандр Пятрэвіч, які зарабіў ачко адзіночным блокам, а затым правёў адразу дзве падачы навылет. Сапернік змагаўся да канца, але нашых было не спыніць. Трэнеры «Атланта» правялі патрэбныя перастаноўкі на пляцоўцы, а рашаючыя пераможныя камбінацыі ў прыгожым стылі завяршылі Руслан Вяткін і Аляксей Трацэўскі.

На туры ў горадзе над Сожам зноў не пашчасціла мінскаму «РДВАР-2009», які ў трох партыях прайграў гомельскай «Энергіі-2». У сталіцы матчы завяршыліся так: «Барысаў-БДУФК-2» — ДЮСШ «ВК «Брэст» — 1:3, СДЮШАР
«ВК «Мінск» — «Легіён-2» (Гродна) — 1:3. Магіляўчане ў гульні з нашым наступным сапернікам — віцебскім «Марка-ВДТУ-2» — аказаліся слабейшымі (1:3).

На рахунку «Атланта» стала 18 набраных ачкоў, і ён на 3 ачкі адстае ад лідара — «Газавіка-Гомель». Услед за намі размяшчаюцца барысаўчане (15), брэстчане (14), «Энергія-2» (Гомель), ДЮСШ «Шахцёр» (Салігорск) (па 11 ачкоў), гродзенцы (9), віцябчане (7), «РДВАР-2009» (Мінск), «Камунальнік-2» (Магілёў) (па 5 ачкоў), СДЮШАР «ВК «Мінск» (4).

Да канца першага круга чэмпіянату краіны пастаўчанам засталося правесці дзве сустрэчы. Найбліжэйшая пройдзе 21 снежня ў Віцебску.

Уладзімір Шык
Фота Інэсы Лабуць



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.