У варапаеўскай парафіі Святога Міхала Арханёла рыхтуюцца да светлага свята Божага Нараджэння

Духовность

Католікі перажываюць Адвэнт, які папярэднічае светламу святу Божага Нараджэння. Як да гэтай урачыстасці рыхтуюцца ў варапаеўскай парафіі Святога Міхала Арханёла, я пацікавілася ў ксяндза-пробашча Аляксея Вянцкевіча.

Рараты

— Адвэнт — радасны час чакання, — гаварыў ксёндз Аляксей. — Ён насычаны багатай сімволікай і прыгожымі традыцыямі. У нашым касцёле, як і ў іншых, адбываюцца раратнія святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі. На іх у аўторак, чацвер і суботу на 7 гадзін раніцы збіраюцца і дарослыя, і дзеці. Апошніх бывае каля 40 чалавек. У пачатку літургіі дзеці ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі, якія асвятляюць касцёл. І толькі на спеў «Хвала на вышынях Богу…» запальваецца святло.

У варапаеўскай парафіі Святога Міхала Арханёла рыхтуюцца да светлага свята Божага Нараджэння

За кожную раратнюю Імшу дзіця атрымлівае спецыяльную найклейку. Той, хто збярэ ўсе, складзе з іх карціну на тэму Божага Нараджэння і атрымае падарункі. Святар заахвочвае дзяцей кожны дзень рабіць хоць маленькія добрыя ўчынкі і занатоўваць іх на спецыяльных сэрцайках, самастойна імі выразаных. Сэрцы прыносяць у касцёл і складаюць у калыску, падрыхтаваную для маленькага Езуса. Пасля раратняй Імшы святар выцягвае два з іх. Уладальнікі сэрцайкаў атрымліваюць ад ксяндза фігуры Маці Божай. Іх дзеці нясуць дадому. Там разам з бацькамі моляцца, а потым вяртаюць на наступную Імшу.

 

Завітаў Святы Мікалай

6 снежня Касцёл адзначаў успамін Святога Мікалая, біскупа. 17 стагоддзяў таму ён праз малітву і добрыя ўчынкі здзяйсняў сапраўдныя цуды: раздаваў багацце бедным, падкінуў тры торбачкі з золатам у якасці пасагу дзяўчатам, уратаваў карабель ад страшнай буры і ажывіў матроса, накарміў цэлы горад падчас вялікага голаду. Гэты святы лічыцца апекуном дзяцей, студэнтаў, дзяўчат, пілігрымаў і падарожнікаў. Сёлета Святы Мікалай завітаў да варапаеўскіх католікаў на раратнюю Імшу і ўручыў падарункі дзецям.

У варапаеўскай парафіі Святога Міхала Арханёла рыхтуюцца да светлага свята Божага Нараджэння

Пасля раратаў дзеці маюць час да пачатку заняткаў у школе і праводзяць яго ў катэхетычнай зале, дзе сястра Мар’яна частуе іх рознай выпечкай, духмяным чаем. Падчас чаявання ёсць магчымасць пагутарыць, абмеркаваць ідэі дэкарыравання касцёла на Божае Нараджэнне, падрыхтаваць калядную сцэнку. Дзеці і моладзь плануюць таксама ўдзельнічаць у конкурсе каляднай песні «Зорка Бэтлеема», які пройдзе ў пачатку студзеня ў Міёрах.

Удасканаліць душу

— Падчас Адвэнту Касцёл перш за ўсё заахвочвае вернікаў праз сакраманты Пакаяння і святой Камуніі, а таксама праз учынкі міласэрнасці падрыхтаваць уласнае сэрца да годнага перажывання Божага Нараджэння, — працягваў ксёндз Аляксей. — Таму ладзяцца рэкалекцыі. Гэта духоўныя практыкаванні, падчас якіх удзельнікі разважаюць над сваёй верай, адносінамі з Богам і блізкімі, рознымі аспектамі рэлігійнага жыцця. Святары праз казанні, споведзь дапамагаюць вернікам удасканаліць душу. Некаторыя лічаць, што абавязкова прытрымлівацца толькі посту. Але гэта не зусім так. Чалавеку неабходна мяняцца духоўна і адчуваць гэтыя змены. Перажыванне Адвэнту ў духу веры дапамагае радасна перажыць урачыстасць Божага Нараджэння.

У варапаеўскай парафіі рэкалекцыі праходзілі на мінулым тыдні. Па ініцыятыве ксяндза-пробашча была заведзена кніга абстыненцыі (абстыненцыя — сіндром адмены). У яе запісвае сваё імя чалавек, які ўжываў алкаголь і канчаткова вырашыў ад яго адмовіцца. З гэтага часу ён больш не купляе спіртное, нікога ім не частуе і не прапануе іншым. За гэтых людзей кожны месяц 12-га чысла ў касцёле будзе адпраўляцца святая Імша.

Веды па рэлігіі і дарослыя, і моладзь паглыбляюць на біблійных сустрэчах, якія праводзіць ксёндз Аляксей, а дзеці — на занятках з сястрой Мар’янай.

У варапаеўскай парафіі Святога Міхала Арханёла рыхтуюцца да светлага свята Божага Нараджэння

У варапаеўскай парафіі Святога Міхала Арханёла рыхтуюцца да светлага свята Божага Нараджэння

Дар веры ад бацькоў

Расказваючы пра падрыхтоўку парафіі да Божага Нараджэння, хацелася б крыху спыніцца і на асобе яе маладога пастыра. Ксёндз Аляксей родам з Гродна. Выхоўваўся ў глыбока веруючай сям’і. Ён і яго брат Віталій скончылі духоўную семінарыю і сталі святарамі. Малодшая сястра мае сваю сям’ю і падарыла бацькам унучачку.

У варапаеўскай парафіі Святога Міхала Арханёла рыхтуюцца да светлага свята Божага Нараджэння

— Родных нас трое, — апавядаў ксёндз Аляксей. — Яшчэ разам з намі выхоўваліся дзве дзяўчынкі з дома дзіцяці. Цяпер бацькі з’яўляюцца выхавальнікамі ў доме сямейнага тыпу. Пад іх апекай пастаянна бывае 11-13 дзяцей.

Удзячны маме і тату за моцную веру, прыгожыя каталіцкія традыцыі, якія яны нам перадалі. У бацькоўскім доме з братам бываем не так часта, як хацелася б, бо адказныя за парафіяльныя сем’і. Але заўсёды можам патэлефанаваць родным.

У варапаеўскай парафіі ксёндз Аляксей Вянцкевіч служыць з ліпеня бягучага года. Даязджае таксама ў капліцы ў Гуце і Ляхаўшчыне, касцёл у Парыжы. Больш блізка пазнаёміцца з парафіянамі плануе падчас душпастырскага наведвання сем’яў або, як у народзе кажуць, калядавання. Жадаю гэтаму маладому, прыветнаму, ініцыятыўнаму святару Божай дапамогі на кожны дзень.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.