У мінулую пятніцу 70-гадовы юбілей адзначыла пастаўская СШ №3. У гэты дзень у абноўленай актавай зале школы сабраліся яе цяперашнія і былыя педагогі, вучні, прадстаўнікі раённай улады, у тым ліку аддзела па адукацыі райвыканкама, многіх прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна, кіраўнікі іншых навучальных устаноў. Было шмат віншаванняў, пажаданняў і падарункаў.
Свята стала нагодай расказаць вам, паважаныя чытачы, які шлях прайшла школа і якой яна з’яўляецца зараз.
На 7 дзесяцігоддзяў назад
Свае дзверы трэцяя гарадская расчыніла 1 верасня 1955 года, прыняўшы ў светлыя, прасторныя класы 249 вучняў. Дырэктарам новай установы адукацыі назначылі заслужаную настаўніцу, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Яўгенію Разумоўскую, завучам — Рэўміру Яфрэмаву. Разам з імі вучыць і выхоўваць дзяцей пачалі настаўнікі Т. Д. Міняйлава (англійская мова), Ф. А. Пішчыкава (руская мова і літаратура), Л. М. Ішчанка (пачатковыя класы), М. С. Козел (фізкультура) і іншыя.
Тады СШ №3 лічылася элітнай. У ёй было прэстыжна працаваць і вучыцца, бо размяшчалася яна ў ваенным гарадку, адзіная сярод устаноў адукацыі раёна мела крытую спартыўную залу, дзе праходзілі ўрокі фізкультуры, працавалі розныя спартыўныя секцыі. Але ўсяго праз 7 гадоў школу рэарганізавалі ў васьмігадовую. Зноў сярэдняй яна стала толькі ў 1988-м, калі побач з дзеючым будынкам быў узведзены новы вучэбна-адміністрацыйны корпус.
Ішоў час, мянялася школа. А разам з ёй — тыя, хто тут вучыўся і працаваў, кіраваў адукацыйна-выхаваўчым працэсам. Пасля Яўгеніі Разумоўскай дырэктарам стала Рэўміра Яфрэмава. Затым гэту пасаду займалі Якаў Ашыхмін, Юрый Мінаеў, Часлава Мацур, Юрый Кісялёў, Уладзімір Койра. Апошнія 5 гадоў установу ўзначальвае Вераніка Казлоўская.
Жывая гісторыя школы
Фундамент таго, што мае і чым ганарыцца школа, заклалі, вядома ж, ветэраны. У калектыве з цеплынёй успамінаюць Юрыя Мінаева, Якава Ашыхміна, Ефрасінню Гвозд, Тамару Іллюковіч, Людмілу Рысеву, якія, на жаль, ужо пайшлі з жыцця, Чаславу Мацур, Ванду Міцэвіч, Лію Кейзік, Галіну Шкантаву, Лілію Трацэўскую, Гулю Асхадуліну і іншых, хто цяпер на заслужаным адпачынку. Яны ўнеслі вялікі ўклад ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.
Вось што ўзгадвае Часлава Мацур, якая адпрацавала на ніве адукацыі ажно 50 гадоў, палову з іх — у СШ №3, у тым ліку 15 гадоў з’яўлялася яе дырэктарам:
— Калектыў я ўзначаліла ў 1990-м. Гэта быў няпросты час. Неўзабаве пасля майго назначэння здалі ў эксплуатацыю новы вучэбна-адміністрацыйны корпус школы, які прыйшлося абуладкоўваць, ухіляць недапрацоўкі будаўнікоў, купляць мэблю і іншае, рабіць капітальны рамонт старога будынка. Вялікую дапамогу ва ўсім аказвалі бацькі вучняў і шэфы. Тады ў школе вучылася амаль тысяча дзяцей, заняткі праходзілі ў дзве змены. На хвалі агульнай беларусізацыі пачалі ўкараняцца беларускамоўныя класы, уводзіцца факультатывы па прадметах, паглыбленае вывучэнне замежных моў…
Правая рука Чаславы Веніямінаўны — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ванда Міцэвіч — прызнаецца: нягледзячы на цяжкасці, работа ў школе прыносіла ёй радасць. Заўсёды знаходзіла падтрымку і паразуменне з іншымі прадстаўнікамі адміністрацыі, настаўнікамі. Усе працавалі на вынік, былі дружнай камандай.
— З такімі педагогамі, як Ія Карпік, Валянціна Ігнаткова, Галіна Зуева, Нэлі Іванова, Ганарата Грыбоўская, Зінаіда Бягляк, Яніна Пронька, можна было горы звярнуць, — кажа яна.
Нават знаходзячыся на пенсіі, ветэраны не парываюць сувязь са школай, па запрашэнні цяперашняга кіраўніцтва прыходзяць на розныя мерапрыемствы і святы. У ліку ганаровых гасцей прысутнічалі і на 70-гадовым юбілеі.
Вопытныя і актыўныя
Сёння СШ №3 другая па велічыні сярод школ раёна. У ёй атрымліваюць веды 702 вучні, у тым ліку 102 — з сельскай мясцовасці: з Хаціл, Целякоў, Андрон, Рабек і іншых размешчаных побач з гэтымі вёсак. У штаце 62 педагогі, 16 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 28 — першую.
Пераважная большасць настаўнікаў з вялізным вопытам і стажам работы. У 26 з іх стаж складае больш за 30 гадоў, а 7 увесь час адпрацавалі ў трэцяй школе. Гэта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Чабатаронак, настаўнікі пачатковых класаў Ала Краўчанка і Марыя Міснік, беларускай і мовы і літаратуры — Аліна Латыш і Наталія Пронька, рускай мовы і літаратуры — Ларыса Сініца, англійскай мовы — Людміла Пчалінцава. Яны і іх калегі далі пуцёўку ў жыццё не аднаму пакаленню выпускнікоў. Многія былыя вучні сталі вядомымі на Пастаўшчыне людзьмі, займаюць высокія пасады ў Мінску, Віцебску, іншых гарадах краіны. Пра якасць адукацыі ў СШ №3 сведчыць таксама тое, што за апошнія 5 гадоў школа падрыхтавала 8 залатых і 1 сярэбранага медалістаў.
Ёсць у калектыве і маладыя спецыялісты. Яны камфортна адчуваюць сябе тут, працуюць творча, з задавальненнем. Да такіх адносяцца Соф’я Сініла і Карына Куранова, якія вядуць па краіне ведаў пачаткоўцаў.
Моладзь і вопытныя педагогі актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства, становяцца іх прызёрамі. Напрыклад, настаўнікі англійскай мовы Дар’я Ягорава і матэматыкі Марыя Жук атрымалі дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт». Марыя Вацлаваўна, акрамя таго, заняла прызавое месца ў абласным конкурсе педагагічных публікацый «Ідэя». Яго пераможцамі сталі таксама Аліна Латыш і настаўнік-дэфектолаг Кацярына Матусевіч. А Карына Куранова адзначана Падзякай на «Superпрофи-2025».
Акцэнт на выхаванне
Як кожная ўстанова адукацыі, СШ №3 мае свае асаблівасці, якімі адрозніваецца ад іншых.
— Больш за 10 гадоў англійскую і рускую мовы нашы вучні вывучаюць на павышаным узроўні, — расказвала Вераніка Казлоўская. — Выкладаюць гэтыя прадметы ў асноўным Ларыса Сініца і Людміла Пчалінцава. Яны рыхтуюць пераможцаў алімпіяд і фестывалю міжкультурных камунікацый раённага і абласнога ўзроўняў. А цяпер на павышаным узроўні пачалося вывучэнне яшчэ і грамадазнаўства.
Наступная асаблівасць — клубная работа і акцэнт на выхаванні. На працягу 5 гадоў у школе працуюць два аб’яднанні па інтарэсах: творчая майстэрня юнага акцёра «Арт-мікс», дзе займаюцца вучні старэйшых класаў, і тэатральная студыя «Авацыя» для 5—9-класнікаў. Кіруе імі ўсё тая ж Людміла Пчалінцава, якой дапамагаюць выхавальнік групы падоўжанага дня Алена Грантоўская і кіраўнік танцавальных гурткоў Наталля Бароўка. Першая шые касцюмы для акцёраў, другая адказвае за музычна-харэаграфічную частку. Штогод удзельнікі аб’яднанняў ставяць 2-3 спектаклі, на якія запрашаюць у тым ліку вучняў іншых школ. У мінулым навучальным годзе сумесна з аддзелам унутраных спраў райвыканкама стварылі ваенна-патрыятычны клуб «Шчыт і Меч». Сёння ў яго ўваходзіць 21 старшакласнік.
Адрозніваецца школа і актыўнай работай па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў. Гэтым напрамкам кіруе настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Руткоўская. Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якіх у школе 22, і іх бацькамі. У яе рамках на працягу 3 гадоў рэалізоўваўся праект «Перадай дабро па крузе». Летась яго прадставілі настаўнікам-дэфектолагам раёна. А зараз СШ №3 прымае ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце «Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні».
Нельга не сказаць таксама пра тое, што ў школе 5 пар педагогаў, у якіх поплеч працуюць маці і дачка або сын. Гэта Людміла Чараваценка і Ірына Косава, Ларыса Сініца і Вольга Чаркес, Марыя Жук і Людміла Кавальская, Алена Грывусевіч і Дар’я Ягорава, Святлана і Ілья Чабатаронкі. Для маладзейшых прадстаўнікоў сем’яў менавіта мамы-настаўніцы сталі прыкладам у выбары прафесіі. Такая пераемнасць пакаленняў усяляе веру ў цудоўную будучыню школы.
Алена Шапавалава




