Вядучага спецыяліста па продажы рознічных банкаўскіх прадуктаў ЦБП №230 ААТ «ААБ Беларусбанк» Вольгу Смірнову ведаю даўно, бо даволі часта бываю ў гэтай установе. Спакойная, ветлівая з кліентамі, заўсёды якасна выконвае сваю работу. Хваліў Вольгу Паўлаўну і дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг Леанід Касарэўскі, парэкамендаваўшы яе кандыдатуру для газетнай публікацыі.
У Беларусбанк Вольга Смірнова прыйшла 20 гадоў назад, яшчэ студэнткай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе асвойвала спецыяльнасць «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве». Калі вучылася на апошнім курсе, выйшла замуж, перавялася на завочнае аддзяленне. А тут якраз з’явілася вакансія ў банку. Як было ўпусціць яе?
Пачынала спецыялістам на касе. Абмен валюты, прыём плацяжоў, выдача заработнай платы, падрыхтоўка грашовай наяўнасці для ўсіх кас і банкаматаў — гэта было часткай яе штодзённай працы. Абслугоўвала кліентаў на розных аб’ектах: рынку райспажыўтаварыства, заводзе «Беліт», ААТ «Паставымэбля», пагранпераходзе «Мольдзевічы». Кожная каса мела свой рэжым работы. У «Мольдзевічах» наогул трэба было працаваць суткамі. А дома тым часам падрастала дзіця.
Таму, калі вызвалілася месца ў аддзеле па рабоце з персаналам, Вольга перайшла туды. На новай пасадзе ў абавязкі ўваходзіла афармленне тых, хто ўладкоўваўся ў Беларусбанк, падрыхтоўка загадаў на звальненне, водпуск і іншых дакументаў. Але праз некалькі гадоў гераіня артыкула зноў зацяжарыла. Другі, а следам і трэці дэкрэт. Пакуль знаходзілася ў іх, у банку адбылася аптымізацыя, пасаду кадравіка скасавалі. І з водпуску па доглядзе дзіцяці Вольга вярнулася на касу, маючы надзейную падтрымку мужа і бацькоў у выхаванні маленькіх дзяцей.
Неўзабаве ў ЦБП з’явіліся адкрытыя рабочыя месцы. Адно з іх прапанавалі Вользе. Сёння яна займаецца шырокім спектрам банкаўскіх паслуг: дапамагае кліентам аформіць плацежныя карты і спажывецкія крэдыты, перааформіць укладныя рахункі, застрахавацца, зрабіць міжнародныя пераводы.
— Работа няпростая, кліентаў заўсёды шмат, — прызналася мне падчас размовы. — Людзі стамляюцца ў чарзе на абслугоўванне, нервуюцца. Даводзіцца здымаць напружанне: выслухоўваць іх, супакойваць, трымаць усмешку, нават калі самой ужо цяжка. І пры гэтым падказваць, тлумачыць, прапаноўваць усе банкаўскія паслугі, якія могуць спатрэбіцца. Няпроста перш за ўсё маральна. Дамоў вяртаюся без сіл, быццам з мяне выціснулі апошнюю кроплю энергіі.
Па словах Вольгі, муж не раз прапаноўваў ёй падумаць пра лягчэйшую работу. Але яна не спяшаецца нешта мяняць. Кажа, ужо прывыкла да такога рытму і ўсе аперацыі выконвае, што называецца, з заплюшчанымі вачыма: можа размаўляць з кліентам і адначасова афармляць дакументы.
— У маёй рабоце вельмі важны вопыт, — працягвала. — Без яго цяжка разабрацца ва ўсіх нюансах. Інфармацыя ў нас назапашваецца гадамі: пастаянна з’яўляюцца новыя правілы, тлумачэнні, рэкамендацыі. Каб правільна іх прымяніць, трэба добра ведаць, як гэта працавала раней, на чым трымаецца ўся сістэма. І разам з тым умець хутка апрацоўваць паток інфармацыі, імгненна рэагаваць: прачытаць свежыя ўказанні і адразу ж абслугоўваць кліентаў па абноўленых патрабаваннях.
Спраўляцца са службовымі абавязкамі Вользе дапамагае тое, што яна — мнагадзетная маці. У такіх жанчын асабліва развіта шматзадачнасць, уменне выслухаць, зразумець і дамовіцца. Акрамя таго, Вольга сама актыўна карыстаецца банкаўскімі паслугамі, таму можа падрабязна і даступна растлумачыць іх кліентам. У рабоце асабліва цэніць давер людзей — калі яны прыходзяць зноў, рэкамендуюць яе сваім блізкім, дзякуюць за дапамогу. «Гэта найлепшы паказчык таго, што я на сваім месцы», — заўважае спецыяліст са стажам.
Алена Шапавалава

