Чэмпіянат Беларусі па валейболе
Другая палова першынства сярод мужчынскіх клубаў 1-й лігі атрымалася скарочанай. З-за складаных умоў надвор’я міні-турнір чатырох у Гомелі перанеслі на пачатак красавіка. Пастаўчане таксама былі не супраць згуляць у Брэсце пазней, але туды загадзя прыехалі валейбалісты з Гродна і Віцебска.
«Легіён-2» (Гродна)–«Атлант» (Паставы) – 3:2
1 дзень. 3:2 (25:21; 23:25; 25:18; 19:25; 15:12)
У складзе каманды «Атлант» з-за розных абставін адсутнічала пяцёра моцных ігракоў, а асноўны распасоўшчык Руслан Сімагасціцкі ўвогуле знаходзіцца ў бальніцы. Трэнеры непакоіліся за гульню ў абароне на задняй лініі, бо не было абодвух лібера, а другі пасуючы, капітан Уладзімір Юзвовіч не да канца аднавіўся пасля пашкоджання. Сапернік, наадварот, быў у поўным узбраенні. У ходзе сезона ён умацаваў свой склад, атрымаў запар чатыры перамогі і плануе пазмагацца за медалі. У выніку атрымаўся напружаны і ўпарты паядынак, які працягваўся звыш дзвюх гадзін.
У стартавай партыі пастаўчане ўвесь час былі ў ролі даганяючых. Валейбалісты «Легіёна» мацней выглядалі над сеткай і заблакіравалі шмат нашых атак. У сярэдзіне сэта намаганнямі Ягора Дашкевіча, Аляксея Трацэўскага і Руслана Мацкевіча гродзенцаў удалося дагнаць (17:17). Аднак яны не разгубіліся — выбілі нашых з прыёму і выйшлі наперад. Хоць у канцоўцы «Легіён» вёў з перавагай у два мячы (22:20), свой поспех не развіў. Пару разоў трапна стрэліў наш Ягор Дашкевіч, які затым паставіў пераможную кропку падачай навылет. У наступнай партыі наперад выйшаў сапернік.
У чацвёртым сэце пастаўчане прыбавілі, падалі шэраг эйсаў. Да сярэдзіны партыі гульня ішла ачко ў ачко, а затым гродзенцы пачалі памыляцца, і матч перайшоў да рашаючага, скарочанага сэта, у якім яны і перамаглі. Аднак усё ж наша каманда адно ачко ў сваю скарбонку заваявала.
У іншай сустрэчы тура брэстаўчане абыгралі (3:0) віцебскае «Марка-ВДТУ-2». Мінскі РДВАР-2009 дома саступіў (1:3) дзеючаму чэмпіёну з Барысава.
ДЮСШ «ВК Брэст»–«Атлант» (Паставы) – 3:1
2 дзень. (29:27; 25:19; 20:25; 25:20)
На наступны дзень гродзенцы менш чым за гадзіну перамаглі (3:0) віцябчан. У сталіцы выхаванцам СДЮШАР «ВК Мінск» удалося ўзяць рэванш (3:1) у паядынку з землякамі з рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву за асечку восенню. Для гульні з пастаўчанамі брэстаўчане ўмацаваліся дзюма валейбалістамі з вышэйшай лігі. «Атлант» выглядаў поўнасцю мабілізаваным і адразу стаў дамінаваць на пляцоўцы. Да канцоўкі першай партыі ён вёў з розніцай у 3-4 мячы. Але мясцовая каманда таксама змагалася да канца і даганяла нашых. Пастаўчане першымі займелі сэт-бол. Саперніку ж удалося падняць два «мёртвыя» мячы і выйсці наперад.
У другой партыі «Атлант» зноў лідзіраваў, а пасуючы Уладзімір Юзвовіч набраў 4 ачкі. Вось толькі далей пастаўчане саступілі (3:10) і аказаліся ў крытычным становішчы. Але змагацца з моцным сапернікам прадоўжылі і трэці сэт правялі бліскуча. Актыўна атакавалі Аляксей Трацэўскі і Ягор Дашкевіч (разам набралі 39 выніковых балаў). Пайшла ў «Атланта» і гульня блокам, такім чынам было спынена 9 атак. Першым тэмпам паспяхова сталі атакаваць Міхаіл Маліёнак, Дзмітрый Багдзель і Руслан Вяткін. Пастаўчане скарацілі розніцу ў ліку і на роўных змагаліся да сярэдзіны заключнай партыі. Але калі прыйшлося замяніць нашага пасуючага, брэстаўчане скарысталіся сваім шанцам і дабіліся поспеху.
У горадзе над Бугам годна змагаліся Юзвовіч (к), Мацкевіч, Дашкевіч, Вяткін, Багдзель, Маліёнак, Пятрэвіч, Трацэўскі, Пучынскі, Койра. У актыве пастаўчан стала 25 ачкоў, яны ідуць другімі ўслед за лідарам — гомельскім «Газавіком» (29 балаў і 2 гульні ў запасе). За імі — «Легіён-2» (22), «Барысаў-БДУФК-2» (21), брэстаўчане (20), ДЮСШ «Шахцёр» (18), гомельская «Энергія-2» (16), віцябчане і СДЮШАР «ВК Мінск» (па 9), магіляўчане (8), РДВАР-2009 (6).
У наступным туры 24—25 студзеня наш «Атлант» правядзе ў Віцебску дзве гульні з гамяльчанамі.
Уладзімір Шык

