Чэмпіянат Беларусі па валейболе. Ударныя канцоўкі «Атланта»

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па валейболе

Ударныя канцоўкі «Атланта»

У апошнія выхадныя снежня ў трох гарадах краіны — Мінску, Гомелі і Салігорску — завяршыўся першы круг нацыянальнага першынства ў 1-й лізе. Пастаўчане правялі ў беларускай сталіцы адну гульню. Там яны дабіліся чарговага поспеху і замацаваліся на 2-м прамежкавым месцы.

РДВАР-2009 (Мінск)—«Атлант» (Паставы) — 0:3

(22:25; 19:25; 22:25)

У «Атланта» па стане здароўя адсутнічала трое вядучых ігракоў, а вопытны блакіроўшчык, кандыдат у майстры спорту Віталь Варанец знаходзіцца на рэабілітацыі пасля аперацыі. Але дзякуючы вялікай лаўцы запасных лідарам знайшлася годная замена.

Спачатку «Атлант» на падачах распасоўшчыка Руслана Сімагасціцкага павёў у ліку. Ролю асноўнага снайпера ўзяў на сябе Руслан Мацкевіч, які набраў у матчы ажно 14 ачкоў. Маладыя мінчане не разгубіліся, узмацнілі гульню ў абароне над сеткай і пры ліку 5:5 рэзка вырваліся наперад з розніцай у 7 мячоў. Старшы трэнер Уладзімір Кароль, які кіраваў камандай, узяў два тайм-аўты, унёс неабходныя карэктывы. Пастаўчане прыбавілі блокам, на флангах актывізаваліся нападаючыя Аляксей Трацэўскі і Ягор Дашкевіч. «Атлант» дагнаў саперніка, займеў два сэт-болы, а мінчане ў канцоўцы памыліліся. Аднак на характары далейшай барацьбы іх асечка не адбілася.

Чэмпіянат Беларусі па валейболе. Ударныя канцоўкі «Атланта»

Дзве наступныя партыі прахо­дзілі па аднолькавым сцэнарыі: пастаўчане ўвесь час адыгрываліся. Мінчане моцна падавалі і атакавалі. У адказ нашы правялі 6 прыгожых атак першым тэмпам у выкананні Руслана Вяткіна і Мікіты Петуха. На задняй лініі яны таксама змагаліся за кожны мяч. «Мёртвыя» мячы паднялі ў скачках абодва лібера — Аляксандр Зарэцкі і Васіль Скалабан, а таксама Руслан Сімагасціцкі. У другім сэце нашай камандзе ўдалося даціснуць саперніка, але ў заключнай партыі ён зноў быў наперадзе (15:12).

На шчасце, канцоўку «Атлант» сыграў бліскуча. Дыяганальны Ягор Дашкевіч праціснуў блок, выканаў падачу навылет. Перад фінальным свістком 4 запар атакі па-майстэрску правёў яго таварыш па амплуа Аляксей Трацэўскі (усяго 13 ачкоў), што прынесла нашым 8-ю па ліку перамогу ў сезоне. Поспеху на выездзе дабіліся Мацкевіч, Сімагасціцкі, Дашкевіч, Петух, Вяткін, Трацэўскі, Пучынскі, Зарэцкі (к), Скалабан, Багдзель, Канаш, Койра, Маліёнак.

27 снежня на туры ў Салігорску мясцовая «ДЮСШ-Шахцёр» перамагла (3:0) брэстаўчан, а магіляўчане саступілі (0:3) гродзенцам. У горадзе над Сожам мясцовы «Газавік» з лікам 3:0 адолеў дзеючага чэмпіёна з Барысава, а іх землякі з «Энергіі-2» былі мацнейшымі (3:2) у сустрэчы з выхаванцамі СДЮШАР «ВК «Мінск».

На наступны дзень у сталіцы РДВАР-2009 у пяці партыях прайграў віцябчанам, а салігарчане дома з такім жа лікам саступілі гродзенцам. У Гомелі «Газавік» быў мацнейшы (3:2) за СДЮШАР «ВК «Мінск», «Энергія-2» разграміла (3:0) барысаўчан. Магіляўчане нечакана дабіліся поспеху (3:1) у гульні з брэстаўчанамі. На турнірнай дыстанцыі сітуацыя такая: лідар — «Газавік-Гомель» (29 ачкоў). За ім ідуць наш «Атлант» (24), ДЮСШ «Шахцёр» (Салігорск), «Барысаў-БДУФК-2» (па 18), гродзенскі «Легіён-2» (17), гомельская «Энергія-2» (16), ДЮСШ «ВК «Брэст» (14), «Марка-ВДТУ-2» (9), магілёўскі «Камунальнік-2» (8), СДЮШАР «ВК «Мінск», мінскі РДВАР-2009 (па 6).У другім крузе барацьба за выхад у фінальны раўнд будзе вострай, бо каманды роўныя па сілах.

Другі круг першынства пастаўчане распачнуць матчамі ў Брэсце, дзе яны 10—11 студзеня згуляюць з гродзенскім «Легіёнам-2» і мясцовай камандай.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.