Першая сусветная вайна пакінула глыбокія раны на пастаўскай зямлі. Менавіта тут у 1915—1918 гадах праходзіла лінія фронту, разгарнулася жорсткая Нарацкая аперацыя і загінулі тысячы салдат. Аднак дагэтуль для пастаўчан заставалася нераскрытым імя аднаго сапраўднага героя тых падзей — палкоўніка Рускай імператарскай арміі, нашага земляка Канстанты Габрыэля Пшэздзецкага.
Канстанты Габрыэль нарадзіўся 18 верасня 1879 года ў маёнтку Варапаева (паводле іншых звестак — у Варшаве) у знатнай шляхецкай сям’і графаў Пшэздзецкіх. Яго бацькам належалі шырокія ўладанні на Пастаўшчыне. Канстанты атрымаў выдатную хатнюю адукацыю, а пасля заканчэння Рыжскага рэальнага вучылішча вырашыў звязаць жыццё з ваеннай справай — менавіта з кавалерыяй (мастацтва верхавой язды было сямейнай традыцыяй).
Яго ваенная кар’ера развівалася імкліва. У 1901 годзе пачаў службу карнетам у элітным лейб-гвардзейскім уланскім Яго Вялікасці палку. Актыўна ўдзельнічаў у спаборніцтвах вершнікаў і парфорсных паляваннях, якія праводзіліся ў Паставах на спецыяльнай базе Санкт-Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы. Да 1913 года, ужо ў званні ротмістра, камандаваў 5-м эскадронам і быў прызнаны адным з найлепшых кавалерыйскіх афіцэраў.
З пачаткам Першай сусветнай вайны яго эскадрон, які ўваходзіў у склад гвардзейскай кавалерыйскай брыгады, вызначыўся ў цяжкіх баях пад Краснікам, Янавам і Апатавым. За асабістую адвагу і ўмелае камандаванне Канстанты Пшэздзецкі быў узнагароджаны шэрагам баявых ордэнаў (Святой Ганны, Святога Уладзіміра) і 23 красавіка 1916 года атрымаў званне палкоўніка.
Рэвалюцыйныя падзеі 1917 года перапынілі яго службу. Пасля звальнення з расійскага войска Пшэздзецкі вярнуўся да сям’і. Потым працягнуў службу ў Войску Польскім.
Аднак да былога расійскага гвардзейца ставіліся з недаверам. Нягледзячы на багаты вопыт, ён быў зацверджаны толькі ў званні падпалкоўніка (1919). Праз тры гады, у маі 1922-га, яго рэабілітавалі, прысвоіўшы званне тытулярнага палкоўніка Войска Польскага і назначыўшы камандзірам 14-га Язлавецкага ўланскага палка.
Зразумела, што яго здольнасці па выхаванні кавалерыстаў праявіліся і франтавы вопыт расійскай арміі ваеннага часу спатрэбіўся. У сярэдзіне 1925 года Пшэздзецкі ўзначаліў школу падхарунжых кавалерыі ў Грудзяжы. Праз год, падчас майскага перавароту маршала Юзафа Пілсудскага (12—15 мая 1926 года) і крывавага супрацьстаяння прыхільнікаў маршала і законнага Прэзідэнта Польшчы Станіслава Вайцяхоўскага (тады на вуліцах Варшавы загінула больш за 200 ваенных), палкоўнік Пшэздзецкі заклікаў маладых афіцэраў да вернасці прысязе абранага народам урада і перасцерагаў ад праліцця братэрскай крыві. Неўзабаве перамаглі пілсудчыкі, якія ўсталявалі «санацыйны» рэжым у Польшчы, а ўсе нязгодныя, як і Пшэздзецкі, былі звольненыя са службы. Дарэчы, пазіцыю графа Канстанты Пшэздзецкага раздзялялі яго браты. Фармальна свой дамашні арышт палкоўнік Пшэздзецкі адбываў у Варапаеве, дзе адбудоўваліся маёнтак і графскі палац на беразе ракі Заражанкі (Галбеіцы).
Пра гісторыю рода Пшэздзецкіх як спадкаемцаў роду Тызенгаўзаў і іх уладанні на Пастаўшчыне цікава і падрабязна напісаў віленскі публіцыст Юзаф Мацкевіч (часопіс Swiat за 1926 год). На апублікаваных фотаздымках быў бачны адбудаваны палац. Згадваецца, что новабудоўля стаіць на месцы разбуранага палаца, які існаваў два дзясяткі гадоў таму. Больш ранняя публікацыя сведчыць, што новы палац будаваўся раней, у 1922-м, калі ўладальнік быў камандзірам 14-га ўланскага палка ў Львове і бываў у Варапаеве толькі наездамі.
З 1926 года палкоўнік Пшэздзецкі нарэшце змог праявіць свае здольнасці прадпрымальніка. Ранейшае дамінаванне Галбеі як цэнтра гаспадарчай дзейнасці было зменшана да ўзроўню лесагандлю (сплаў лесу па Дзісенцы) і здачы ў арэнду ворнай зямлі і сенакосаў. Тым не менш была адноўлена вузкакалейка ад Варапаева да Галбеі, а фактычна да Гуты, дзе планавалася аднавіць разбураны ваенным часам шклозавод. Галоўную ўвагу граф надаваў Варапаеву, дзе пашыралася чыгуначная станцыя і пачалося будаўніцтва некалькіх прадпрыемстваў. З некаторых крыніц вядома, што Канстанты стварыў прамысловы цэнтр у Варапаеве, пабудаваўшы паравую лесапільню, цагляны завод, шэраг прадпрыемстваў па перапрацоўцы лёну, алею, вытворчасці расліннай прадукцыі і плодаагароднінную пляцоўку. Варапаева пачало пераўтварацца ў мястэчка.
Гісторыя Канстанты Пшэздзецкага — гэта не толькі аповед пра ваенную доблесць, але і пра трагічны лёс чалавека, разарванага двума бакамі, дзвюма Айчынамі ў навальніцу вялікіх гістарычных падзей. Яго імя — даўно забытая частка агульнай і мясцовай гісторыі, якая заслугоўвае ўвагі.
Андрэй Майсяёнак, доктар біялагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі


