Мини-опрос. Что думают поставчане об объявлении 2026-года Годом белорусской женщины?

Общество

Словы Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі ў яго навагоднім віншаванні беларусаў, выклікалі фурор — тысячы праглядаў у сацыяльных сетках, сотні каментарыяў. Сапраўды, ні адна краіна ў свеце не аб’яўляла год у гонар жанчыны, а наш Прэзідэнт зрабіў гэта.

Карэспандэнт «ПК» Фаіна Касаткіна пацікавілася меркаваннем пастаўчан наконт ініцыятывы кіраўніка дзяржавы. Вось якія меркаванні пачула.

Мини-опрос. Что думают поставчане об объявлении 2026-года Годом белорусской женщины?

Сяргей Зямчонак, дырэктар ААТ «Паставымэбля»

— У нашай краіне падтрымка жанчын з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі. Першаступовае значэнне надаецца працоўным гарантыям, развіццю ўмоў для сумяшчэння прафесійных і сямейных абавязкаў. 2026 год яшчэ больш ярка прадэманструе, наколькі вялікая роля жанчын у грамадстве і ўмацаванні сямейных каштоўнасцей.

Беларуская жанчына — гэта найперш працаўніца. Амаль палову калектыву нашага прадпрыемства складаюць жанчыны (іх 90). Бухгалтэрыя, маркетынг, забеспячэнне, планавы і фінансавы аддзелы — усюды амаль адны жанчыны. Ад іх прафесіяналізму і дальнабачнасці залежыць многае.

Нямала прадстаўніц прыгожай паловы і сярод рабочых. Праца на прадпрыемстве нялёгкая. Тым не менш выдатна спраўляюцца з ёй, а ў іх жа яшчэ столькі хатніх клопатаў! Мы, мужчыны, павінны ствараць для жанчын добрыя ўмовы як на працоўных месцах, так і дома. Што да нашага завода, то ён дзейнічае з 1980 года. Многае патрабуе абнаўлення, будзем гэтым займацца. І цаніць жанчын!

Алена Дунец, загадчык псіханеўралагічнага аддзялення АДРАЦ «Ветразь»

— У навагоднім звароце Прэзідэнта ёсць і такія словы: «Асаблівая ўдзяч­насць тым, хто працуе з дзеткамі, адчыняючы для іх дзверы ў дарослае жыццё, хто, апранаючы белы халат, клапоціцца пра здароўе кожнага свайго пацыента, хто прафесійна або па закліку сэрца бескарысліва дапамагае людзям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях».

Пра здароўе пацыентаў клапоціцца і наш калектыў, абсалютную большасць якога складаюць жанчыны. У «Ветразь» прывозяць на лячэнне і рэабілітацыю дзяцей з усёй Беларусі. У многіх з іх вельмі складаныя дыягназы, і мы робім усё магчымае, каб палепшыць якасць жыцця маленькіх пацыентаў. У нашым цэнтры выдатная лячэбная база, тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы. І, што немалаважна, яны аддаюць ім усю цеплыню свайго сэрца, ствараюць утульнасць, набліжаную да хатняй, многае робяць па сацыялізацыі дзяцей.

Асобна хачу сказаць пра маці, якія прывозяць на рэабілітацыю сваіх дзяцей (бацькі радзей бяруць на сябе такую місію). Колькі ў іх самаахвярнасці, любові і цярпення да сваіх хворых дзетак, як яны клапоцяцца пра іх! Дык хіба такія жанчыны не заслугоўваюць павагі і пашаны?

Наталля Пронька, цырульнік

— Як прыемна, што кіраўнік нашай краіны аб’явіў 2026 год Годам беларускай жанчыны! Мы сапраўды гэтага заслугоўваем. Беларускі працавітыя, гаспадарлівыя, клапатлівыя, гасцінныя.

На жаль, не кожнай шанцуе мець надзейную апору ў асобе мужа і не ўсе дзеці і ўнукі вырастаюць удзячнымі. Але ніякія нягоды не зломліваюць нас. Нездарма ў народзе кажуць, што жанчына трымае тры куты дома.

Беларускі вельмі прыгожыя ад прыроды. Тым не менш яны стараюцца яшчэ больш падкрэсліць сваю індывідуальнасць. Да мяне па цырульніцкія паслугі прыходзяць як маладыя дзяўчаты, так і пажылыя жанчыны. Ад сваіх пастаянных кліентак чую розныя жыццёвыя гісторыі. Не толькі радасныя, але і сумныя. Аднак гэта не перашкаджае ім імкнуцца да прыгажосці. Якая сапраўдная жанчына не клапоціцца пра сваю знешнасць? Я ўжо не гавару пра прыгажосць душы, якая ўласцівая беларускам.



Рэдакцыйны праект НЕ#слабая палова

Існуюць устойлівыя выразы: «Жанчыны — слабая палова чалавецтва» і «Жанчыны — цудоўная палова чалавецтва». Першы мы адвергнем, а на другім сканцэнтруем увагу. З гэтай мэтай сёння прэзентуем новы рэдакцыйны праект «НЕ# слабая палова». Вельмі спадзяёмся на вашу падтрымку, паважаныя чытачы. Падказвайце, калі ласка, пра каго з пастаўчанак і жыхарак раёна вы хацелі б прачытаць на старонках раёнкі і ў нашых сацыяльных сетках. Клапатлівыя маці, мудрыя жонкі, адмысловыя гаспадыні, таленавітыя майстрыхі, прафесіяналы сваёй справы або тыя, хто толькі знайшоў сваё прызванне, творчыя асобы, нястомныя працаўніцы… Пералік статусаў можна працягваць і працягваць, бо кожная жанчына — гэта асобны Сусвет, і ён заслугоўвае ўвагі.



 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.