Такога снежнага і марознага студзеня ў нас не было даўно. Другі зімні месяц цалкам пацвярджае сваю «халодную» назву, а заадно «стараецца» за папярэдніка — снежань, даючы дзецям і дарослым магчымасць выбраць любыя зімовыя забавы, атрымаць асалоду ад нетаропкіх прагулак на свежым паветры. Пры гэтым нізкая яго тэмпература вельмі небяспечная.
Яна прыводзіць да інтэнсіўнай страты цяпла арганізмам, аслаблення тактыльнай і болевай адчувальнасці, зніжэння мышачнай сілы і хуткасці рэакцыі. А пры працяглым уздзеянні холаду на арганізм можна атрымаць пераахаладжэнне і абмарожанне. Каб пазбегнуць негатыўных наступстваў для здароўя, прытрымлівайцеся наступных парад:
- у моцны мароз без патрэбы старайцеся не выходзіць з дому;
- выбірайце свабоднае, у некалькі слаёў адзенне — гэта садзейнічае нармальнай цыркуляцыі крыві і лепшаму захаванню цяпла;
- выкарыстоўвайце зручны няцесны абутак і цёплыя шкарпэткі, рукі ўцяпляйце рукавіцамі або пальчаткамі;
- не курыце на вуліцы, каб не зменшыць перыферыйную цыркуляцыю крыві ў руках і нагах і не зрабіць іх больш уразлівымі;
- адмоўцеся ад ужывання алкаголю: ён выклікае непрацяглае адчуванне цяпла, а потым прыводзіць да пераахаладжэння;
- ешце перад выхадам на мароз: гарачая і каларыйная ежа дае арганізму энергію для абагрэву знутры;
- хавайцеся ад ветру, бо верагоднасць абмарожання на ім значна вышэйшая.
У моцныя маразы лепш не насіць пярсцёнкі і завушніцы. Метал з-за яго высокай цеплаправоднасці астывае намнога хутчэй, чым цела, а пярсцёнкі, акрамя таго, ускладняюць нармальную цыркуляцыю крыві ў пальцах.
Да пераахаладжэння і абмарожанняў найбольш схільныя дзеці і старыя. У першых яшчэ не да канца сфарміравана цепларэгуляцыя арганізма, а ў другіх яна бывае парушана. І гэта трэба ўлічваць пры планаванні прагулак. Адпускаючы дзіця гуляць у мароз, памятайце, што яму пажадана кожныя 15-20 хвілін вяртацца ў цяпло і сагравацца.
На пераахаладжэнне могуць указваць тэмпература цела ніжэйшая за 36оС, змяншэнне частаты сэрцабіцця, парушэнне рытму дыхання, санлівасць, пачуццё стомленасці, замаруджванне маўлення, пасіненне скуры, страта рухальнай актыўнасці і свядомасці. На абмарожанне — сінюшнасць і бледнасць скуры, а таксама зніжаная адчувальнасць да болю і холаду. Пры такіх сімптомах трэба змясціць чалавека ў цяпло, даць яму выпіць ці з’есці штосьці цёплае і звярнуцца да медыкаў па дапамогу.
Ні ў якім выпадку не расцірайце скуру снегам! Яго крышталікі лёгка траўміруюць яе, ужо пашкоджаную пры замярзанні, увільгатняюць і зніжаюць тэмпературу. Таксама нельга сагравацца ў гарачай ванне, з дапамогай грэлак і іншых крыніц цяпла. Хуткае адаграванне можа пагоршыць стан чалавека.
Алена Шапавалава

