З 19 снежня па 23 лютага ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO праходзіць выстава «Мая Беларусь». Сярод удзельнікаў — майстры народных мастацкіх рамёстваў з усіх абласцей рэспублікі. Двое з іх — Таццяна Петух і Вольга Гукава — работнікі Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын».
Выстава знаёміць наведвальнікаў не толькі з тым, чаго дасягнула наша краіна ў розных галінах за гады незалежнасці, але і з народнай творчасцю, дазваляе акунуцца ў традыцыі.
У BELEXPO пастаўскія майстрыхі дэманстравалі і невялікія калекцыі сваіх вырабаў. Адна з работ — выцінанка Таццяны Мікалаеўны — раздрукавана на банеры, які ўстаноўлены ў цэнтры пляцоўкі Віцебскай вобласці ў блоку, прысвечаным традыцыям і культурнай спадчыне Беларусі.
Таццяна Петух, дырэктар Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын»
— На гэтай выставе мы пабывалі двойчы — 27—28 снежня і 22 студзеня. Праводзілі майстар-класы па маляванцы, набойцы і выцінанцы, якія ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, з мэтай папулярызацыі традыцыйнага мастацтва. Яны выклікалі вялізны інтарэс у наведвальнікаў, да нашых рабочых месцаў выстройваліся чэргі. Я рабіла па 150 нарыхтовак выцінанкі, і ўсе заканчваліся за дзень. Яшчэ больш запатрабаванай аказалася маляванка. На выставе бачылі шмат мнагадзетных сем’яў, многія прыходзілі ў поўным складзе, разам з бабулямі і дзядулямі. Нямала было таксама гасцей з еўрапейскіх краін і Кітая. Яны з задавальненнем удзельнічалі ў майстар-класах.
Алена Шапавалава


