У мінулы чацвер у Паставах прайшоў шосты рэгіянальны пленэр, які арганізавала дзіцячая школа мастацтваў імя А. Ромера. У госці да юных мастакоў нашага горада прыехалі навучэнцы Шаркаўшчынскай ДШМ і яе філіяла ў вёсцы Лужкі, Глыбоцкай і Наваполацкай школ мастацтваў, каб разам акунуцца ў творчасць і паспаборнічаць у майстэрстве.
Вітаючы гасцей — дзяцей і педагогаў, — дырэктар Пастаўскай школы мастацтваў Жанна Курдо адзначыла, што пленэр — радасная падзея для навучальнай установы. Вучні могуць сустрэцца з равеснікамі з іншых гарадоў і наладзіць сяброўскія зносіны, а настаўнікі — пагаварыць і абмяняцца вопытам з калегамі.
— Наш горад і раён з вялікай колькасцю прыгожых азёр і старажытнымі помнікамі архітэктуры спрыяюць творчасці, — працягвала яна. — Рэгіянальныя пленэры мы праводзім з 2014 года. На жаль, не кожны год, на што ёсць аб’ектыўныя прычыны. Два першыя былі нават двухдзённыя, з выездам у вёскі Камаі і Дунілавічы. Работы з тых і наступных пленэраў вы можаце бачыць на аформленай намі выставе.
— Пастаўшчына мае багатую культурную спадчыну, тут вельмі прыгожая архітэктура, якая не раз натхняла мастакоў на напісанне карцін, — прадоўжыла, выступаючы з прывітальным словам, начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Лойка. — Думаю, сёння вы таксама зможаце наталіцца прыгажосцю нашага краю і перадаць яе на сваіх палотнах. Жадаю вам, канешне ж, натхнення, лёгкага пэндзля. Не бойцеся, малюйце — і ў вас усё атрымаецца!
Пасля гэтага вучні ў суправаджэнні трох настаўнікаў Пастаўскай ДШМ адправіліся на плошчу Леніна маляваць домікі рамеснікаў і храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Педагогі-госці засталіся ў школе. Жанна Курдо расказала ім пра нашу навучальную ўстанову (калі яна адкрылася, колькі тут займаецца дзяцей і інш.), а Карына Левачова з дапамогай мультымедыяпрэзентацыі зрабіла экскурс у папярэднія пленэры. Затым яшчэ адзін настаўнік школы, Уладзімір Макаркоў, правёў для гасцей майстар-клас па жывапісе. Таксама ім прапанавалі распісаць магніцікі з выявай школы, якія кожны забраў сабе на памяць.
Завяршыўся пленэр узнагароджаннем аўтараў найлепшых работ. Самы высокі ўзровень майстэрства прадэманстравалі навучэнцы Наваполацкай дзіцячай школы мастацтваў. Яны сталі ўладальнікамі Гран-пры і дыпломаў І ступені ў малодшай (10—12 гадоў) і старэйшай (13—15 гадоў) групах. Дыплома глядацкіх сімпатый удастоены прадстаўнік Лужкоўскага філіяла Шаркаўшчынскай ДШМ. Не засталіся без узнагарод і пастаўчане. У малодшай групе дыпломы ІІ ступені атрымалі Валерыя Танана і Анастасія Таяновіч, ІІІ ступені — Лія Галавацкая і Мілана Шчановіч. У старэйшай групе 2-е месца прысуджана Анастасіі Сове, 3-е — Валянціне Лысковай і Ульяне Дзевятоўскай. Соф’я Шыман адзначана за найлепшае графічнае выкананне работы. Разам з дыпломамі вучні атрымалі падарункі для мастацкай творчасці, а педагогам уручылі падзякі.
Алена Шапавалава



