От керосиновой лампы до компьютера: жизнь одного поколения

История

Неяк злавіў сябе на думцы, што вясковае пасляваеннае пакаленне ўнікальнае ў сваім родзе, бо стала сведкам небывала хуткага тэхнічнага прагрэсу. Да пачатку 60-х у вёсцы не было электрычнасці. Наогул пра электрычнасць бабуля з дзядулем расказвалі, як пра нейкі цуд, бо падчас Першай сусветнай вайны, як бежанцы, пражылі больш за два гады ў Петраградзе. Вечарамі вокны вясковых хат цьмяна свяціліся ад «карасінавых» лямп. Менавіта так, бо гэту фракцыю ад перапрацоўкі нафты ў вёсцы называлі «карасінам». Пра тое, што па-руску гэта слова пішацца праз «е», даведаўся толькі ў школе. Дык вось, у гэтай лямпе не самым апошнім складнікам быў кнот — стужка шырынёй са два сантыметры і таўшчынёй прыкладна два міліметры. За кошт фізічнай з’явы, якая, здаецца, называецца осмасам, гэта стужка ўбірае ў сябе гаручае і дастаўляе яго ў зону гарэння. Натуральна, што разам з газай патроху згараў і сам кнот. Калі ён ужо не даставаў да паліва, мама прасіла мяне ўставіць новы. Працэдура нескладаная: трэба было падраўняць нажніцамі верх, уставіць знізу ў адпаведны паз так, каб яго зачапілі зубчатыя колцы, выкруціць да аптымальнага ўзроўню. І можна запальваць, папярэдне даліўшы газы.

Выразна памятаю дэтэктарны радыёпрыёмнік, эбанітавую скрыначку прыкладна 20х10х5 см, куды ўстаўляліся дзве пары слухавак, і высокую антэну да яго. Бабуля цікавілася палітыкай, і менавіта ад яе пачуў прозвішча Малянкоў. Чаму запомнілася гэта прозвішча, цяжка сказаць, магчыма, таму, што было сугучным з малінай. Адзначу, што вясковы фальклор рэагаваў на палітычныя выкрутасы. На прыход нязванага госця і ад мужчынскай кампаніі, што смакавала «чай з-пад ліпы», можна было пачуць: «Прымкнуўся, як Шапілаў»… У пачатку 60-х гадоў хадавым быў выраз: «Чаго ты да мяне прычапіўся, як той Хрушчоў да кукурузы?»

От керосиновой лампы до компьютера: жизнь одного поколения

На змену дэтэктарнаму радыёпрыёмніку тата выпісаў па пошце сапраўдны лямпавы з дынамікам маркі «Родина». Паколькі электрычнасці не было, ён працаваў на батарэйках (на цэлых трох — дзвюх высокіх плоскіх і адной, блізкай да формы кубіка). Важылі яны прыкладна па пяць кілаграмаў кожная, і аднаго камплекта хапала на цэлы год пры рацыянальным выкарыстанні. Куплялі іх звычайна ў Варапаеве, куды восенню ездзілі на кірмаш. Радыёпрыёмнік быў капрызны, час ад часу выходзілі са строю лямпы ці нешта іншае. Тады яго вазілі ў Варапаева, дзе была радыёмайстэрня. Нягледзячы на паломкі, прыёмнік быў акном у свет не толькі для нашай сям’і, але і для часткі вясковых жыхароў, якія прыходзілі паслухаць канцэрт па заяўках. Канцэрт трансліраваўся ў пэўны дзень і час. Найбольш чакалі песень у выкананні сясцёр Фёдаравых. Слухалі таксама навіны, а пасля закрыцця лучайскага касцёла праз трэск глушылак зрэдку ўдавалася паслухаць трансляцыю Імшы на польскай мове, здаецца, з Лондана. Па сігналах радыё бабуля карэкціравала бекераўскі гадзіннік з двухтыднёвым заводам, які для вёскі быў накшталт курантаў, бо час ад часу хтосьці прыходзіў са сваім будзільнікам, каб падвесці стрэлкі, ці спяшаўся да сваіх ходзікаў з гіркай на ланцужку.

Мастацтва для народа — кіно — напрыканцы 50-х гадоў было перасоўным. З пэўнай перыядычнасцю кінамеханік, якога звалі Алікам, са сваёй апаратурай, скрынкамі з плёнкай на кані аб’язджаў вёскі і паказваў навінкі савецкага кінематографа. Паколькі электрычнасці не было, ззаду на возе месціўся электрагенератар з бензінавым рухавіком. Рухавік, здаралася, не заводзіўся, і каля яго збіраўся натоўп бясплатных дарадцаў. У рэшце рэшт усё вырашалася — і сеанс пачынаўся. Было гэта вечарам, калі цямнела. Пакуль у нашай хаце размяшчалася школа, гледачы сядзелі на партах ці на зэдліках, што прыносілі з сабой. Прыходзілі і старыя, і малыя. Гаманілі, пакуль кінамеханік уручную перамотваў кінастужкі ды склейваў парваныя, запраўляў у адзіны кінапраектар маркі «Украіна». На дварышчы тарахцеў генератар, але ўвага ўсіх была скіравана на экран. Фільмы былі розныя, запомніліся «Девочка ищет отца», «Матрос с «Кометы». Перасоўнае кіно існавала ледзь не да паловы 60-х. Толькі кінамеханік ужо не вазіў з сабой бензагенератар, бо вёскі ў асноўным былі электрыфікаваныя. На асобных хатах віселі аб’явы з анонсамі новых кінастужак. Стацыянарная кіназала ў лукашоўскім клубе пачала функцыянаваць у пачатку 60-х гадоў. Там былі ўжо два кінапраектары на стандартнай 35-міліметровай плёнцы, і кінафільм не перарываўся.

У школьных класах стаялі вертыкальныя лічыльнікі з костачкамі, вучні засвойвалі азы карыстання імі — складалі і адымалі. Множылі і дзялілі на паперы. Карыстацца арыфмометрам мяне вучылі ўжо ў інстытуце, праўда, для інжынерных разлікаў паспяхова карыстаўся лагарыфмічнай лінейкай. Пра наяўнасць за рубяжом калькулятараў у тыя гады можна было прачытаць у навукова-папулярных часопісах кшталту «Техника — молодёжи». Праз некалькі гадоў грамоздкія калькулятары з сілкаваннем ад электрычнай разеткі з’явіліся і ў СССР. З распадам вялікай краіны наступным этапам вылічальнай тэхнікі сталі кішэнныя калькулятары.

Першыя тэлевізары ў нашай мясцовасці пачалі купляць у сярэдзіне 60-х. Напэўна, на той момант у Беларусі існавала пэўная праблема з будаўніцтвам рэтранслятараў, бо ў доступе была толькі рыжская тэлестудыя. Казалі, што каля Даўгаўпілса была пабудавана высокая тэлевышка. Менавіта ў той бок накіроўвалі самаробныя антэны на высачэнных жэрдках. Названая студыя ў адзін і той жа час паказвала кінафільмы, як правіла, рускамоўныя, і к гэтаму моманту ў хатах шчаслівых уладальнікаў тэлевізараў збіралася шмат аднавяскоўцаў, найбольш дзяцей.

А вось з сувяззю ў тыя гады была праблема. Асабліва з тэлефоннай. Цяпер у гэта цяжка паверыць, але такое было — кантора Смыцкога лясніцтва ў Груздаве і кантора калгаса «Авангард» у Лукашове мелі адзін і той жа нумар тэлефона (апараты былі падключаны да адной лініі). Усе калгасныя сакрэты можна было падслухаць, проста зняўшы трубку ў Груздаве. І наадварот, пра лясныя справы маглі даведацца ў калгасе. Нават у 1968 годзе мне, каб датэлефанавацца да прыёмнай камісіі інстытута, давялося ехаць у Савічы (там тады было паштовае аддзяленне), заказваць міжгароднюю размову, чакаць прыкладна гадзіну, пакуль нейкая далёкая тэлефаністка злучыць з патрэбным нумарам.

Першы хатні камп’ютар купіў, калі сын хадзіў у 4 клас. Каб не пусціць гэта на самацёк, разам з ім прайшоў «курс маладога байца» (была спецыяльная кніга для пачаткоўцаў). Так сталася, што на працы мне давялося зводзіць у адно цэлае лічбавыя характарыстыкі ляснога фонду, таму, калі з’явіліся ва ўстанове першыя камп’ютары, без ваганняў стаў вывучаць тэорыю і практыкавацца. Гэты занятак прынёс плён, бо праз нейкі час я прыняў удзел у распрацоўцы праграмы аўтаматызацыі сферы лесакарыстання. Канешне, гэта рабілі праграмісты мінскай установы і мой маладзейшы калега, але нейкія нюансы там прысутнічаюць з маёй падачы. Якое было шчасце, калі гадавую справаздачу з гектарамі і кубаметрамі, над якой з калькулятарам трэба было працаваць цэлы тыдзень, праграма выдала за секунды!

З той пары мінула чвэрць стагоддзя, змяніў некалькі хатніх камп’ютараў. Гэта металічная скрынка з маніторам стала нібы членам сям’і, узяўшы на сябе функцыі радыё, тэлевізара, кінатэатра, пошты, тэлефона, калькулятара, машынкі для друку.

Бакавінка сістэмніка неяк была адкрыта, бо здымаў кулер і чысціў радыятар працэсара, калі ўнук, прыехаўшы ў госці, угледзеў свабодны слот на мацярынскай плаце і папрасіў: «Купі, дзядуля, яшчэ адну планку аператыўнай памяці, каб паскорыць працу сістэмы». Прышлося заказаць у інтэрнэт-магазіне гэту «аператыўку». Устаўляючы яе ў пусты слот, успомніўся колішні кнот у газавай лямпе…

Так і атрымаўся расказ пра тэхнічную рэвалюцыю на працягу жыцця аднаго пакалення.

Іван Сіманёнак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.