З 12 па 16 студзеня на базе ўстаноў адукацыі Віцебска і Гарадка праходзіў трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які сабраў найлепшых знаўцаў школьных дысцыплін з усяго паўночнага рэгіёна. Пастаўскую каманду прадстаўлялі 29 навучэнцаў — пераможцаў другога (раённага) этапа інтэлектуальнага спаборніцтва. 11 з іх сталі прызёрамі, заваяваўшы 1 дыплом І ступені, 5 — ІІ ступені і столькі ж — ІІІ ступені.
Найбольш узнагарод нашы школьнікі прывезлі па беларускай мове і літаратуры. Дыплома І ступені па гэтым прадмеце ўдастоены 9-класнік СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Максім Пачко, чыім педагогам з’яўляецца Людміла Несцяронак. Дыплом ІІ ступені ў 9-класніцы Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі Лізаветы Батуры (настаўніца — Алена Дзевятоўская), ІІІ ступені — у 10-класніцы гімназіі Паліны Рагіні (настаўніца — Ніна Субач) і яшчэ ў аднаго вучня Людмілы Несцяронак з 2-й гарадской школы — 11-класніка Марка Палякоўскага.
Дыпломы ІІ ступені па геаграфіі заваявалі 8-класніца СШ №4 імя В. Ф. Франтова Марыя Палачаніна (настаўніца — Алёна Пашкевіч) і 11-класнік Віктар Маслоўскі з Дунілавіцкай СШ, дзе па сумяшчальніцтве выкладае Аляксандр Гарны. Ён падрыхтаваў таксама прызёра ІІІ ступені ў Варапаеўскай СШ — 10-класніцу Паліну Кімстач. Два ўладальнікі дыплома ІІ ступені па фізічнай культуры і здароўі ў настаўніка СШ №1 Мікалая Бузанава. Гэта 9-класнік Раман Ляпілін і навучэнка 10 класа Дар’я Кукель. Дыпломаў ІІІ ступені па гісторыі ўдастоены 10-класнік СШ №2 імя Н. М. Асяненкі Ягор Зацееў (настаўніца — Людміла Палтаржыцкая) і яго равеснік з гімназіі Цімур Валіеў (настаўніца — Таццяна Галаўко).
Алена Шапавалава

