21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

Культура

Мы — беларусы!
Запомніце гэтыя словы!
Мы не зрачомся
Ні продкаў, ні песень, ні мовы.

Ігар Пракаповіч

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Свет моў надзвычай разнастайны: на планеце іх існуе больш за 7 тысяч. І кожная — не проста сродак зносін, але і ўнікальны спосаб мыслення. Мова фарміруе наш светапогляд, дапамагае захоўваць і перадаваць у спадчыну традыцыі, каштоўнасці і духоўныя арыенціры нашых продкаў. Такім чынам, яна з’яўляецца важным носьбітам духоўнай ідэнтычнасці. Калі мова знікае, разам з ёй знікае частка культурнай памяці чалавецтва.

Глабалізацыя сучаснага свету спрыяе распаўсюджанню некалькіх «сусветных» моў, але адначасова ставіць пад пагрозу існаванне «малых» моў. Гэта выклік для грамадства, бо страта моўнай разнастайнасці азначае збядненне культурнай спадчыны і духоўнага багацця. Захоўваючы мову, мы захоўваем саміх сябе і будучыню свайго народа.

Наша родная беларуская мова — адна з самых старажытных усходнеславянскіх моў, якая фарміравалася на працягу стагоддзяў. Яе шлях — гэта не толькі культурнае развіццё і станаўленне, але і гісторыя змагання за права «людзьмі звацца».

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы

Беларуская мова бярэ пачатак з мовы ўсходнеславянскіх плямёнаў, якія насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі ў раннім Сярэднявеччы. У ХІV—XVI стагоддзях на аснове народнай гаворкі сфарміравалася старабеларуская літаратурная мова, якая стала дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. На ёй стваралі законы, дыпламатычныя дакументы, летапісы, мастацкія і рэлігійныя творы. Гэта быў перыяд росквіту беларускай пісьменнасці і дзяржаўнасці мовы.

Перажыла яна і няпростыя перыяды. Аднак, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, наша родная мова жыве — у літаратуры, фальклоры, памяці народа. І сёння яна — сімвал нацыянальнай годнасці і самасвядомасці. З кожным годам усё больш беларусаў усведамляюць яе каштоўнасць як аснову духоўнай спадчыны.

Беларуская мова мае вялікі творчы патэнцыял, багатую літаратурную спадчыну і здольнасць гарманічна развівацца. Калі мы, грамадзяне Беларусі, будзем карыстацца ёй у што­дзённым жыцці, адукацыі, культуры і медыя, яна зойме пачэснае месца ў грамадстве і стане натуральным сродкам зносін будучых пакаленняў. Будучыня беларускай мовы — у нашых руках, менавіта ад нас залежыць, ці будзе яна гучаць годна, упэўнена і свабодна.

22 лютага ў 12.00 у Пастаўскай дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі адбудзецца агульнагарадская дыктоўка, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Чакаем усіх!

Людміла Сяменас, бібліятэкар Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.